Мікольская свяча 
    Спрадвеку свяча з'яўляецца сімвалам жыцця. Нашы продкі надзялялі свечы чароўнай сілай. Па іх уяўленні свечы – не што іншае, як зоркі, якія запальваюць на нябёсах анёлы. 3 паданняў і легенд можна ўбачыць, што свечы запальваюцца на месцах, дзе адбыліся цуды, ці там, дзе чакаюць іх праявы, калі адбылося пазбаўленне ад хваробы альбо трэба зрабіць заслон блізкай бядзе, калі трэба абараніцца ад цёмных сіл, нячысцікаў.
     Вялікую моц маюць перадвелікодныя і Велікодныя свечы, а таксама чацвярговая, вянчальная і грамнічная. Асаблівую ролю ў вёсцы выконвалі брацкая свечы. Са свячамі звязана шмат старажытных абрадаў, якія існуюць і сёння.
     У нас на Шклоўшчыне ў вёсцы Чарапы захаваўся абрад "Мікольская свяча". Яе трымаюць у гонар святога Мікалая-Цудатворца. Усе жыхары вёскі разам "апранаюць" свячу і ставяць ў сявеньку, напоўненую зернем на самае пачэснае месца ў хаце – пад абразамі. Разам моляцца і дзя-куюць Богу.
     Цэлы год свяча знаходзіцца ў адным доме. Да дня святога Мікалая-Цудатворца гаспадары дома рыхтуюцца загадзя і сур'ёзна. А ў дзень Святога Мікалая-Цудатворца 19 снежня на развітанне з Мікольскай свячою ў хату, дзе яна стаіць можа заходзіць любы чалавек – кожнаму знойдзецца месца за сталом. Госці, пазваныя ў тэй дзень, перад ганкам сыплюць гаспадарам жыта – як галоўны гасцінец і сімвал, каб заўсёды былі з хлебам. У Чарапах гэтая традыцыя існуе і дагэтуль, нягледзячы што земляробства для вяскоўцаў-пенсіянераў не мае ранейшай важнасці - хлеб можна купіць ў краме. Але хлеб застаецца галоўным сімвалам жыцця і багацця. Стол для гасцей рыхтуецца багаты, нягледзячы на калядны пост. Гэтак было спрадвеку ў Чарапах: на Міколу дазвалялі застольныя "парушэнні". Галоўнымі стравамі на святочным стале раней былі: талакно з аўса, "памазэя" з несення льну, "рэзнікі" – пышкі з вяршкамі, кісель з чырвоных буракоў.
     Пасля застолля вяскоўцы ўрачыста нясуць свячу ў іншы дом, гаспадары якога цэлы год чакаюць і рыхтуюцца да велічнай сустрэчы. Адпаведна традыцыі пераносіць свячу павінны толькі мужчыны. Абавязкова абгорнутую ручніком – каб былі багатыя. Перад вынасам свячы з хаты іканастас абвязваюць тканінай – "намёткамі", гэта абрад абракання. Цалуюць іконы і тройчы абносяць іх вакол стала з хлебам. А выносячы абраз з хаты, сцелюць кажух і тройчы пралазяць пад своеасаблівымі варотамі.
     Калі пераносяць свячу, то другую, гаспадарскую, нясуць ў бохане хлеба.
     Спяваюць песню:
     А хто-хто Мікалая любіць?
     А хто-хто яму верна служыць?
     Таму Святы Мікалай
     На ўсякі час памагай...
     Назаўтра раніцай гаспадыня, з хаты якой перанеслі свячу, прыносіла Міколу "полудзень". I зноў прыходзілі госці, працягвалі весяліцца і славіць свайго нябеснага апекуна. Устройвалі ігрышчы, гулялі ў "цыганоў" – хадзілі "жабраваць". Усё "нажабраванае" неслі гаспадыні свячы і працягвалі свята.
     Некалі ў гэты час вясковец адпачываў ад клопатаў пра ўраджай і поле. I зімовы Мікола неўпрыкмет пераходзіў у Каляды.
     Спраўлялі Міколу нават у вайну. Многія вяскоўцы лічаць, што дзякуючы Мікольскай свячы Чарапы не зніклі ў той цяжкі час.
     Просім у Міколы здароўя сабе, дзецям, унукам і праўнукам, і ўсім добрым людзям,– кажуць чарапоўцы. Як полымя свячы ад ветру, яны берагуць свайго Міколу. Каб ён дапамагаў ім.  
 
213004, Могилёвская обл., г.Шклов ул.Советская д.2
E-mail: lib@library-shklov.by
тел. 8(02239) 93-141; 8(02239) 93-460
Design and development Shklov library