У 2014 годзе 5-6 ліпеня гасцінная Александрыя сабрала сяброў пяты раз. Тады ўпершыню прайшоў "Вялікі Александрыйскі кірмаш", дзе сышліся тры маштабныя кірмашы: Ніжагародскі (Расія), Сарочынскі (Украіна) і Александрыйскі (Беларусь)". Знакавай падзеяй кірмашу стала прэзентацыя слуцкага пояса і стылізаваных сувеніраў.
У фармаце "Купалля" было рэалізавана шмат цікавых творчых праектаў. Упершыню на свяце адбылася вялікая праграма "Іграй, гармонік Магілеўшчыны" з удзелам расійскага цэнтра імя Генадзя Завалокіна, аркестра народных інструментаў імя Л. Іванова Магілёўскай абласной філармоніі. На працягу ўсяго дня 25 лепшых гарманістаў ў касцюмах сваіх рэгіенаў ігралі свае кампазіцыі, а ў фінале для грандыезнага музычнага нумара выйшлі на сцэну разам.
Новаўвядзеннем Купалля-2014 у Александрыі стала творчая пляцоўка міжнароднага музычна-спартыўнага свята "Вялікая бард-рыбалка" з праграмай "Надзеі маленькага акестрыка".
На тэатралізаванай пляцоўцы разгарнулася дзейства ў "Гасцеўні бульбаша" -
у стылізаванай беларускай хаце, дзе гасцей свята частавалі рознымі стравамі з бульбы, хатнімі закускамі, мёдам, квасам, а ў печах смажыліся беларускія дранікі.
Усё гэта прыпраўлялася жартамі, прымаўкамі і прыпеўкамі, музычнымі выступленнямі творчых калектываў і выканаўцаў пад акампанемент гармоніка, баяна і нават цымбалаў.
У фармаце "Гасцеўня бульбаша" прайшла вялікая конкурсная праграма, у якой удзельнічалі каманды з 21 раёна Магілёўскай вобласці - усяго каля 300 чалавек. Спаборніцтва праходзіла ў чатырох намінацыях: "Лепшы аб'ёмны тэатральны касцюм "Беларуская бульба"; "Лепшая гульнёвая праграма на тэму "Беларуская бульба"; "Лепшая прыпеўка, прысвечаная беларускай бульбе" і "Арыгінальная страва "Беларуская бульба".
Як жа ж абысціся без сімвала купальскага свята – вянка. Майстрыхі, якія плялі вянкі з кветак і каласоў, занялі асаблівую нішу на гэтым свяце. Амаль кожная дзяўчына мела магчымасць упрыгожыць сваю галаву гэтым духмяным сімвалам Купалля.
Самай яркай падзеяй быў гала-канцэрт зорак беларускай і замежнай эстрады "Днепр – рака дружбы". Затым традыцыйны святочны феерверк і лазернае шоу.