|
Дубраўка-2 – былая вёска ў Фашчаўскім с/с, за 27 км на ПдУ ад Шклова, 36 км ад Магілёва, 29 км ад чыгуначнай станцыі Шклоў на лініі Орша-Магілёў. Рэльеф раўнінны. На поўнач возера Святое, з якога выцякае р. Арціслаўка (прыток р. Дняпро). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Санкт-Пецярбург-Адэса.
Вёска вядома з 1604 г. як с. Дуброўнікі у Плешчыцкім войтаўстве Магілёўскага староства Аршанскага павета Віцебскага ваяводства ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. У 1777 г. сяло ў Магілёўскай акрузе Магілёўскай губерніі. У 1785 г. 29 двароў, 211 жыхароў, уласнасць памешчыка. На пачатку 20 стагоддзя сяло ў Нічыпаравіцкай воласці Горацкага павета Магілёўскай губерніі, з 26.04.1919 года – у Гомельскай губерніі РСФСР. З жніўня 1924 г. вёска ў Нічыпаравіцкім с/с Лупалаўскага раёна Магілёўскай акругі БССР, з 1931 г. ў Шклоўскім раёне. У 1930 г. арганізаваны калгас імя С. Лунцуцкага, які пазней атрымаў назву «Чырвоная зорка», з 1934 г. яго абслугоўвала Фашчаўская МТС. З 1938 г. вёска ў Магілёўскай вобласці. У 1940 г. 39 двароў, 239 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да пачатку ліпеня 1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З 1952 г. у Фашчаўскім сельскім Савеце. У 1991 г. 43 гаспадаркі, 72 жыхары, у складзе саўгаса – эксперыментальнай базы «Спартак». У 1997 г. 37 гаспадарак, 51 жыхар. Працаваў магазін. Традыцыйныя драўляныя сялянскія сядзібы пабудовамі былі пастаўлены ўздоўж вуліцы, арыентаванай з ПдЗ на ПнУ. На Пд знаходзіўся гаспадарчы сектар.
Дубраўка-2 : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 454–455.
|
| |
|