Главная страница новостей
 
     Фашчаўка – вёска, цэнтр Фашчаўскага сельсавета, за 19 км ад Шклова, 43 км ад Магілёва. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Санкт-Пецярбург–Адэса. Упершыню ўпамінаецца ў летапісных крыніцах у пачатку 17 стагоддзя (Хвашчаўка, Блеўкі).
     Першапачатковая назва вёскі – Блеўкі. Блеўка – гэта прыманка для рыбы. У народзе кажуць: ідзе рыба на блеўку, ідзе і на блясну. Па мясцовасці калісьці працякалі дзве рэчкі, дзе вадзілася шмат рыбы, але найбольш дробная, жывец, блеўка. Сёння рэчкі сцёрліся з твару зямлі. Магчыма, калі зніклі рэчкі, іх русла ды і прастора навокал параслі непраходным хвашчом. З тлумачальнага слоўніка беларускай мовы даведваемся, што «хвошч – шматгадовая травяністая расліна з разгалінаваным карэннем». Сустракаецца ў нашай мясцовасці паўсюль: ля вады, у лясах, на лугах і ў полі. Ён па праву можа лічыцца візіткай нашых мясцін. Фашчаўка – месца, парослае хвашчом.
     Так, замест Блеўкі, вёску пачалі называць Фашчаўкай. У абедзвюх назвах адлюстраваўся навакольны краявід, мудрасць, дух, моц продкаў і нашчадкаў.
      Тапонім Фашчаўка, як мяркуюць многія, паходзіць ад прозвішча Фашч. Гэта быў пан, які некалі жыў тут і меў маёнтак. Структура тапоніма Фашчаўка складаецца з асновы фашч і суфіксаў: -аў- і -к-, адзін з якіх мае значэнне прыналежнасці. Згодна са структурай слова Фашчаўка, паселішча, відаць, належала Фашчу ці было ім заснавана. Каб такое адбылося, ён павінен быў жыць працяглы час у гэтай мясцовасці. Але найменне Фашчаўка сустракаецца і ў Гомельскай вобласці, сустрэнем гэту назву і на карце Смаленскай, Ліпецкай абласцей Расіі. Ёсць такая вёска і ў Луганскай вобласці, што на Украіне.
     У 1612 годзе ў ВКЛ з’яўлялася фундушам караля Сігізмунда ІІІ Вазы Аршанскай езуіцкай калегіі. У 1660-я гады князь Чартарыйскі заснаваў тут касцёл і місію езуітаў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі, у Аршанскім павеце Магілёўскай губерніі. У 1785 годзе 35 двароў, 271 жыхар, цэнтр маёнтка Магілёўскага намесніцтва, меліся мураваны касцёл, 2 млыны. Штогод у пачатку ліпеня адбываліся двухдзённыя кірмашы, на якія з’язджаліся з рознымі таварамі гандляры з Магілёва, Чавусаў, Шклова і сяляне з навакольных вёсак. Дзейнічала 28 крам. Ва ўладанні езуітаў была да пачатку 1920-х гадоў, а потым стала дзяржаўны уладаннем, здавалася ў арэнду. Па рэвізіі 1824-1836 гг. у вёсцы 529 жыхароў. У 1848 годзе с. Хвашчаўка ў Магілёўскім павеце. У 1863 годзе ў наваколлі з мэтай прадухілення хваляванняў была размешчана каманда жандараў. Памешчык у 1872 г. меў тут 1491,5 дзесяцін зямлі. У 1899 годзе ў наёмным памяшканні была адкрыта 3-гадовая школа (народнае вучылішча), дзе ў першы год навучання займаліся 35 дзяцей з 7 навакольных вёсак. У 1907 г. ў школе навучаліся 83 хлопчыкі і 6 дзяўчынак. У 1907 г. меліся хлебазапасны магазін, піцейны дом, касцёл, 2 разы ў год праводзіліся кірмашы. Сяло ўваходзіла ў Нічыпаравіцкую воласць Горацкага павета Магілёўскай губерніі. У 1909 г. 85 двароў, 412 жыхароў. У пачатку 1918 г. ў Фашчаўцы размяшчаўся кавалерыйскі полк Чырвонай Арміі, байцы якога аказвалі вялікую дапамогу ва ўмацаванні савецкай улады і стварэнні ў 1919 г. працоўнай школы 1-й ступені. У 1925 г. школьная піянерская арганізацыя налічвала 30 вучняў. Дзейнічалі вячэрняя школа для дарослых, драматычны гурток. З 1924 г. цэнтр сельсавета Шклоўскага раёна Магілёўскай акругі. У 1925 г. адкрыта хата-чытальня. У 1927 г. створана сельскагаспадарчае таварыства.
     У 1929 г. па ініцыятыве групы беднаты, падтрыманай шэфамі, у вёсцы адбыліся «дні калектывізацыі». У кастрычніку 1929 г. арганізаваны саўгас «Спартак», які ў 1931 г. аб’ядноўваў 93 гаспадаркі. У канцы 1920-х гг. пачалі працаваць яслі. У 1932 г. пачатковая школа ператворана ў 7-гадовую. У чэрвені 1934 г. арганізаваны яшчэ адзін калгас – «ХVІІ партз’езд». Вясной таго ж года пачала працаваць Фашчаўская МТС, у якой у 1936 г. быў 41 трактар і шмат іншай тэхнікі. У сярэдзіне 1930-х гг. сярод першых стаханаўцаў Магілёўшчыны быў малады камуніст, брыгадзір трактарнай брыгады гэтай МТС А. С. Суслаў. У 1936 г. 7-гадовая школа ператворана ў сярэднюю, для яе пабудаваны двухпавярховы будынак. У 2-й палове 1930 г. адкрыты бібліятэка, медпункт, дзіцячы сад, паштовае агенцтва, хлебапякарня, сельмаг, пабудавана 5 двухкватэрных дамоў для рабочых МТС і супрацоўнікаў дзіцячага сада. З 1938 г. ў Магілёўскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 г. да 27.06.1944 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У хуткім часе пасля акупацыі ўзнікла камсамольска-маладзёжная падпольная група. Гітлераўцы нанеслі значныя страты вёсцы. На ўшанаванне памяці 422 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, устаноўлены помнік і мемарыяльная дошка. Узнаўляючы сваю работу летам 1944 г., МТС мела толькі 2 трактары, 1 аўтамашыну, 1 малатарню, атрыманыя з усіх раёнаў Беларусі. У 1958 г. на базе ліквідаванай Фашчаўскай МТС быў створаны саўгас «Спартак». У 1974 г. ў вёсцы лесапільня, млын, механізаваная і шавецкая майстэрні, лясніцтва, сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, дзіцячы сад, бальніца, ветэрынарны участак, аддзяленне сувязі, 3 магазіны. У 1990 г. 216 гаспадарак, 657 жыхароў, цэнтр саўгаса – эксперыментальнай базы «Спартак», які спецыялізаваўся на мясамалочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні насеннай бульбы, меў 5763 га сельскагаспадарчых угоддзяў, 44 трактары, 20 збожжаўборачных камбайнаў, 36 грузавых аўтамашын і іншую тэхніку. Гаспадарка складалася з 8 вытворчых брыгад, 9 жывёлагадоўчых ферм. У 1997 г. ў вёсцы 309 гаспадарак, 692 жыхары, размяшчаліся вытворчая брыгада, лесапільня, машынны двор, майстэрня па рабоце сельскагаспадарчай тэхнікі, зернедрабілка, ферма буйной рагатай жывёлы і комплекс па адкорму свіней, лясніцтва, працавалі 3 магазіны, клуб, дзіцячы сад-яслі, участковая бальніца, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, стацыянарная кінаўстаноўка, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, сярэдняя школа, бібліятэка, сталовая, аптэка, грамадская лазня. У 2002 г. 289 гаспадарак, 682 жыхары. У 2007 г. вёска – цэнтр РУСП «Эксперыментальная база «Спартак».
     Праект планіроўкі і забудовы распрацаваны ў 1975 г. інстытутам «Магілёўграмадзянпраект». Ад цэнтра, утворанага каля дарогі, расходзяцца па усіх напрамках крывалінейныя вуліцы з традыцыйнай, пераважна драўлянай забудовай сядзібнага тыпу. На поўдзень будаўніцтва вядзецца сучаснымі мураванымі двухпавярховымі шматкватэрнымі і індывідуальнымі дамамі тыпу катэджаў са зблакіраванымі гаспадарчымі пабудовамі. Грамадскія будынкі размешчаны сярод жылой забудовы. Паміж вуліцамі на поўнач гаспадарчы сектар.
      Фашчаўка – радзіма заслужанага дзеяча культуры Беларусі, былога дырэктара Беларускага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы І. Ф. Міхалюты (1919-2002), доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Э. А. Сенакосава (нар. у 1937 г.), доктара эканамічных навук, прафесара А. А. Гадунова (нар. у 1921 г.).

      Анціпенка, Л. Фашчаўка : вёскі-юбіляры / Л. Анціпенка // Ударны фронт. – 2007. – 12 снежня. – С. 5.

      Фашчаўка : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 526–528.

     З гісторыі вёсак: Фашчаўка // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 489.

 

Меню сайта

<
ВЕРСИЯ САЙТА ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ
Публичный центр правовой информации
Электронные ресурсы
Пользователям библиотеки
Руководителям чтения
Наши достижения
Программы
Онлайн-проекты
Онлайн-игротека

Портал Президента Республики Беларусь.      Сайт Министерства культуры Республики Беларусь.      Сайт Могилёвского областного исполнительного комитета.     Сайт Шкловского райисполкома.       Портал Национальной библиотеки Республики Беларусь.      Сайт Могилёвской областной библиотеки.
213004, Могилёвская обл., г. Шклов ул. Советская д.2
E-mail: lib@library-shklov.by
тел. 8(02239)93-460; 8(02239)93-141
Copyright © ГУК "Централизованная библиотечная сеть Шкловского района"
Design and development Shklov library