|
Гісторыя касцёла
Касцёл Наведвання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Фашчаўцы быў пабудаваны ў 1765 (ці 1754) гадах. Але ўжо раней існаваў у Фашчаўцы драўляны касцёл, які згадваецца як абрабаваны падчас маскоўскіх войн. Іншыя лічаць, што толькі ў 1765 годзе ўладальнік Шклоўскага графства князь Адам Чартарыйскі пабудаваў гэты касцёл. Магчыма, князь запрасіў сюды езуітаў, але фашчаўская парафія ўпамінаецца раней, у спіску касцёлаў віленскага біскупства ў 1744 годзе.
Гісторыя пабудавання мясцовага каменнага касцёла з часам стала легендарнай. Як гаворыць легенда, цэглу на новы мураваны касцёл выраблялі ў адлеглым на 10 кіламетраў Гарадзішчы, адкуль яна па ланцугу чалавечых рук перадавалася на пабудову.
Раствор, на які клалі цэглу, рабілі з гашанай вапны з пяском з даданнем яечнага бялку. Такі вапнавы раствор меў даволі высокую трываласць. Лягчэй было разламаць цэглу, чым аддзяліць адно ад аднаго.
Казалі, што разлік з майстрамі за работу праходзіў штотыднёва. У лік аплаты работніку дазвалялі ўзяць жменю медзякоў – менавіта столькі змяшчалася ў адной руцэ. Грошай увесь час не хапала, і духавенства быццам звярнулася да англійскай каралевы за дапамогай, акая даравала на дабудову касцёла недастаючых 300 рублёў. Храм атрымаўся велічавы, бачны быў па-над лясамі з 15 кіламетраў, а пры добрым надвор’і з аддаленага на 47 кіламетраў Магілёва.
Самая ранняя выява касцёла захавалася ў малюнках мастака, музыканта і вандроўніка Напалеона Орды, які ў канцы XIX стагоддзя пабываў у Фашчаўцы і захаваў прыгажосць, веліч і манументальнасць гэтага храма. |
 Вось што пісаў пра касцёл да рэвалюцыі каталіцкі святар Канстанцін Стаповіч, вядомы ў беларускай літаратуры як Казімір Свояк: «Стройный костел, самый большой в Беларуси, является сердцевиной прихода. Кругом говорят на чисто белорусском языке. Отцы-иезуиты когда-то приложили немало труда, чтобы белорус не утратил своего языка. Издали они белорусский катехизис, обучали по-белорусски, учили песням... Люди здешние оказывали к вере привязанность. И сегодня еще не уменьшилась эта любовь к костелу. Идут туда с готовностью, и не слышно между ними жизни распущенной, аморальной. Большие праздники-фестивали собирают в Хвошевке (Фащевке) целые толпы белорусов, даже из мест далеких — ибо далеко разошлась слава Девы Марии Хвощевской». |
Знешне архітэктура будынка была вырашана ў стыле «віленскага барока». Трохнефавая 2-вежавая базіліка з магутным 2-ярусным трансептам. Апсіда была вылучана ў габарытах храма і фланкіравалася 2 сакрысціямі. Двухсхільны дах прамавугольнага карабля храма на галоўнай фасадзе схаваны фігурным франтонам з экседрай па цэнтры, у якой месцілася скульптура святога, і фігурным ківорыем у завяршэнні. Аналагічнымі франтонамі былі завершаны крылы трансепта. Над карнізам фасада ўзвышаліся дзве 2-ярусныя чацверыковыя вежы. Франтальная архітэктурная плоскасць была насычана пілястравай крапоўкай, валютамі.
Не захаваліся ніякія унутраныя здымкі касцёла. Паводле ўспамінаў жыхароў, падлога была засцелена белым мрамарам, а вобраз Божай Маці, размешчаны ў залатой раме, знаходзіўся за шклом. У фашчаўскім касцёле было адзінаццаць алтароў. У галоўным алтары змяшчаўся абраз Маці Божай Фашчаўскай (Хвашчоўскай), які лічыўся цудатворным.
|
Абраз Маці Божай Фашчаўскай (Хвашчоўскай) |
"Obraz Najświętszej Panny Maryi Faszczowskiej"
Сфотографировано с листка (литографии).
Оригинальный размер самого листа страницы 8х12,5 см.
На литографии, икона подписана по польски - "Obraz Najświętszej Panny Maryi Faszczowskiej", на обратной стороне листка тест песни об этой иконе –
"Pieśń o Najświętszej Pannie Marii Faszczowskiej".
O nadziejo nas strapionych,
Zewsząd nędzą uciśnionych,
Panno w Faszczowskim obrazie,
Ratuj że nas w ciężkim razie!
My Twej laski doznajemy
Pod Twą pieczą wszak żyjemy;
Tyś laskawie, milosierna,
Twoja dobroć wciąż niezmierna.
A gdy grzechy niebacznymi,
Twego Syna gniew wzniecimy,
Wstrzymaj nam rozgniewanego,
Przemień Go w milosiernego!
Niech powietrze nie grasuje,
Niechaj powódż ustępuje;
Glodu, ognia dekret srogi
Odwróć - i wojenne trwogi.
|
У пратаколе генеральнай візітацыі Фашчаўскага касцёла ад 6 верасня 1805 г. маюцца наступныя звесткі аб іконе Багародзіцы Фашчаўскай: «…главный алтарь, в котором прославленный чудесами образ Пресвятой Девы в ризе серебряной, частично позолоченной, с двумя коронами и скипетром богато позолоченным. Образ в раме с несколькими искусными серебряными изделиями на ней. Около иконы с обеих сторон двое херувимов, держащих раму образа, в медных посеребренных ризах. Над образом в той же нише находится красиво украшенная большая корона со щедро вызолоченным покровом, спускающимся с обеих сторон…».
У пачатку ХХ ст. сустракаецца наступнае апісанне іконы, меркавана складзенае на аснове звестак, атрыманых ад Фашчаўскага святара Антонія Мацулевіча: «Как ранее, так и сейчас прославленный чудесами образ Марии находится в главном алтаре. Показана Пресвятая Богородица более чем в половину роста, держащая на левой руке своё Божественное Дитя, а в правой – скипетр. Украшают её серебряные одежды и такие же короны. Кроме того, над образом помещена большая серебряная корона. На шее Пресвятой Девы богато украшенный серебряный крест с частицами святой земли».
Засталася інфармацыя аб цудах, яўленых праз абраз Дзевы Марыі Фашчаўскай: «Пресвятая Богородица, известная почти два века многочисленными милостями и чудесами в своем Фащевском образе, дала в этом году необычное доказательство своей материнской доброты». Маецца на ўвазе выпадак цудоўнага вылячэння нейкага шляхціца Пацэвіча, які доўгі час цяжка хварэў. Ён адправіўся на лячэнне да дасведчанага доктара ў Шклоў, але лекар, ужыўшы ўсе даступныя яму сродкі, ніякай дапамогі аказаць хвораму не здолеў. Наадварот, хвароба ўзмацнілася да такой ступені, што шляхціц страціў прытомнасць і, здавалася, што набліжаецца апошняя хвіліна яго жыцця. Ачнуўшыся на кароткі час, хворы даверыў клопат пра сябе Панне Марыі Фашчэўскай з найбольшай, на якую быў здольны, упэўненасцю, пасля чаго заснуў. Прачнуўшыся, ён распавёў прысутным, што яму з’явілася ў сне Багародзіца і вылечыла яго, папрасіў ежы, пасля чаго, устаўшы з ложка, хацеў неадкладна адправіцца ў Фашчаўку. Гэтаму запрацівіўся лекар, па гэтаму Пацэвіч толькі на трэці дзень прайшоў пешшу гэтую двухмілявую (каля 15 км) пілігрымку, каб сваёй нябеснай знахарцы за выздараўленне аддаць адпаведную падзяку.
Некаторыя вернікі прыбывалі ў Фашчаўку, пераадольваючы шлях у 70 і больш вёрст, і прасілі Каралеву Неба аб дапамозе, суцяшэнні і міласэрнасці ў цяжкія моманты жыцця.
Шырока вядомыя фашчоўскія фэсты (прастольныя святы) адбываліся 2 ліпеня на свята Наведвання Дзевы Марыі (пасля рэформы календара перанесенае на 31 мая) і 14 верасня на свята Знаходжання Святога Крыжа («Здвігі»). Тады ва ўрачыстай працэсіі (крыжовым ходзе) асвячалася крыніца ў Княжыцах. Яшчэ жыхары Фашчаўкі пілігрымавалі да Магілёва на тамашнюю ўрачыстасць св. Антонія 13 чэрвеня.
Святкаванне фэсту 14 верасня сведчыць аб тым, што ў фашчаўскім касцёле мусілі знаходзіцца рэліквіі Святога Гасподняга Крыжа. Падобна рэліквіям святога Папы-мучаніка Сымпліцыяна, іх напэўна прывязлі з Рыма ці яшчэ з іншых хрысціянскіх святыняў фашчаўскія дзедзічы. Вялікай пашанаю карысталася свята Унебаўзяцця Дзевы Марыі 15 жніўня («Прачыстая»), каторая пасля вайны пераўтвараецца ў напрамку сустрэчаў на могілках падобных на Дзяды і Радаўніцу.
Фашчаўская парафія славілася сваёй чыста беларускай накіраванасцю. Менавіта Фашчоўка разам з Улай у віцебскай губерні з’яўляліся дзвюма парафіямі ва ўсёй Беларусі, дзе на пачатку XX стагоддзя ўжывалася выключна беларуская мова.
Некаторыя цікавыя звесткі пра тагачасную фашчаўскую парафію захаваліся дзякуючы кс. Жыскару. Ён меў магчымасць пазнаёміцца з гэтым каталіцкім асяродкам яшчэ ў 1911 г. Менавіта ў той час ён наведаў фашчаўскія фэсты, што пазней адлюстравалася ў яго публікацыях. Надта ўразілі кс.Жыскара фашчаўскія парафіяне сваёй набажнасцю, вось што ён пісаў:
“Парафія складаецца з сялян, якія размаўляюць па-беларуску, на гэтай жа мове спяваюць у касцёле, убіраюцца ў народныя строі. Такая ў іх моцная вера і памяць пра даўнія часы, што калі папытаць кагосьці, ці ходзіць на Імшу ў нядзелю, то той вытарашчыць вочы і скажа: “Папунечка, я ж з Фашчаўкі!”. А калі папытаць маленькую дзяўчынку, ці ведае пацеры, то атрымаеш адказ “Я з Фашчаўкі”.
…Народ тутэйшы не гаворыць па-польску, але захаваў сваю чыстую беларускую мову. Вялікія дамаганні даклалі айцы-езуіты, каб не страціў беларус сваёй мовы. Яны выдалі беларускі катэхізіс, прамаўлялі казанні да людзей на іх мове, увялі ў касцёле беларускія спевы. І нават сёння кожны селянін выдатна ўмее спяваць беларускую песню “Ах, Божа мой, веру табе…” Асабліва велічнае і глыбокае ўражанне робіць гэты гімн падчас фэстаў, калі вялікі натоўп людзей быццам аднымі грудзямі заспявае яго і прыгожая мелодыя запаўняе ўвесь храм і цвінтар”.
Першыя сведчанні пра беларускія казанні ў Фашчаўцы з’яўляюцца ў прэсе менавіта тады, калі ўзначаліў парафію кс. Міржвінскі. 14 верасня 1908 г. у Фашчаўцы адбыўся традыцыйны фэст на свята Узвышэння Святога Крыжа, якое з даўніх часоў збірала шмат вернікаў. Вось што пісаў Міржвінскі пра гэтую ўрачыстасць:

«Сабралася вельмі многа людзей. Цудоўны вялікі касцёл не змог змясціць усіх паломнікаў… Я першы раз чуў казанне на гэтай мове, таму здзівіўся. Прапаведнік даволі весела і хораша гаварыў па-беларуску. Некаторыя слухачы, у асноўным прыехаўшая здалёк «шляхта», смяяліся з таго, што святар прамаўляе казанне «па-простаму». Беларусы слухалі з асаблівай уважлівасцю, на іх тварах блішчэлі слёзы, большасць у канцы заплакала. Было відавочна, што яны вельмі высока ацанілі казанне на сваёй роднай мове. Пасля працэсія спявала беларускую песню “Ах, мой Божа, веру Табе…”. Спявалі ўсе: і мужчыны, і жанчыны, і дзеці — усе ведаюць гэтую песню на памяць.Так што цяпер у фашчаўскім касцёле набажэнства праводзіцца па-беларуску.
Пасля кс. Міржвінскага парафію ўзначаліў кс. Антоні Мацулевіч. Дакладна невядома, ці працягваў новы святар практыку ўжывання беларускай мовы ў казаннях, прыхільнікам якой быў ягоны папярэднік, але сама парафія ўжо паспела займець пэўную рэпутацыю.
Згодна з інфармацыяй інвентара фашчаўскага касцёла, на пасаду пробашча з 20 красавіка 1911 г. заступіў кс. Ян Баравік. Ён апекаваўся парафіяй не менш за дзесяць гадоў. На час душпастырства гэтага святара прыпалі цяжкія выпрабаванні войнамі і рэвалюцыямі. У ваколіцах Фашчаўкі з восені 1915 г. асела значная колькасць палякаў — уцекачоў з ахопленых вайною мясцінаў. Яны прынеслі з сабою жывую польскую мову, што мела ўздзеянне на тутэйшае насельніцтва.
Прыкладна ў 1922 г. кс. Сак узначаліў фашчаўскую парафію, апекаваўся каля двух гадоў. Потым касцёльныя ўлады планавалі перавесці яго ў Петраград, і з гэтай прычыны 9 лютага 1924 г. ён быў вызвалены ад абавязкаў пробашча ў Фашчаўцы.
У тым жа 1924 г. у Фашчаўку быў прызначаны ксёндз беларус Альбін Шаціла. Абслугоўваў таксама і суседнія парафіі, якія не мелі душпастыра. Прамаўляў казанні на беларускай мове. Памяць пра кс. Шацілу доўга жыла ў фашчаўскай парафіі. Яшчэ ў пачатку 1990-х гг. некаторыя жыхары в. Княжыцы ўспаміналі, што ён казаў ім: «Вучыцеся хрысціць, бо не стане ксяндзоў».
З восені 1926 г. у Шклове служыў кс. Януковіч, але жыў ён у Фашчаўцы.
Хутчэй за ўсё, ён апекаваўся і фашчаўскай парафіяй. Апошні фашчаўскі пробашч кс. Пётр Януковіч таксама мог прамаўляць па-беларуску.
13 чэрвеня 1937 года, калі большасць жыхароў адправіліся на традыцыйнае свята св. Антонія да Магілёва, невядомыя выкралі абраз Божай Маці з галоўнага алтара. З гэтага моманту сляды цудатворнага абразу губляюцца.
У перыяд рэпрэсій у кастрычніку 1937 года былі арыштаваны і растраляны святары Пётр Януковіч, Ян Баравік, Альбін Шаціла, арганіст Марцін Сякацкі, старшыня савета касцёла Ігнацій Давідовіч, бацька і сын Крупенькі і іншыя прыхаджане.
У хуткім часе парафію скасавалі. Дарэчы, у кожнай вёсцы фашчаўскай парафіі знайшліся людзі, навучаныя ксяндзом, ці такія, каторым пасля гэта было даверана, каторыя хрысцілі, вялі пахаванні, супольныя святочныя малітвы і іншыя службы.
Падчас вайны 1941–1945 гадоў у фашчаўскім касцёле не было ксяндза, некалі прыязджаў шклоўскі ксёндз. Будынак касцёла ўцалеў у гады вайны, таму касцёл выкарыстоўваўся як сховішча. Старажылы ўспамінаюць, што фашысты у час акупацыі хацелі разрабаваць храм і, адступаючы, імкнуліся вывезці арган. Але той аказаўся надзвычай цяжкім, і немцам прыйшлося кінуць такую дарагую рэч. Жыхары потым пазабралі інструмент на бытавыя патрэбы. Куды падзеліся іншыя каталіцкія каштоўнасці, невядома. Сам касцёл, успамінаюць старажылы, быў вельмі прыгожы. Памяць «занатавала» белую мармуровую падлогу, рознакаляровыя вітражы. Нават калі з будынка знялі крыжы, а гэта адбылося да вайны, той яшчэ захоўваў сваю веліч.
Пасля вайны з’явілася ідэя зрабіць ў храме клуб, аднак з-за агульнага супраціву жыхароў была пакінута. Сельскі клуб быў збудаваны каля храму. Пазней, калі быццам з’явілася пагроза абвалу сцен касцёла, яго вырашана было ўзарваць.
У снежні 1967 года касцёл быў зруйнаваны. Па сённяшні дзень цяжка вызначыць дакладную дату гэтага здарэння. Найбольш верагоднай датай лічыцца 24 снежня 1967 года.
Упершыню ў Фашчаўцы з’явіліся кс. Ян Вайткевіч, і брат Чэслаў з Оршы ў І993 г. і зарганізавалі ў сельскім клубе праекцыі рэлігійных кінастужак і малітоўныя сустрэчы.
Але сапраўднае душапастырства ў Фашчўцы распачалося толькі ад пахавання Кацярыны Дашкевіч 1 кастрычніка 1994 г. Гэтая жанчына доўгія гады, можна сказаць, пэўным чынам замяняла святара, і яе апошнім пажаданнем было, каб святар быў пры яе смерці і пахаванні. Часткова сваякі і знаёмыя споўнілі тое жаданне, запрашаючы святара з Магілёва на пахаванне.
Зіма 1994 г. – вялікім здарэннем для Фашчаўкі было наведанне вернікаў Папскім нунцыем у Беларусі, арцыбіскупам Аўгусцінам Мархэттам.
Вясною 1996 г. калгас выдзеліў вернікам дом, у якім сабіралася тады да 30 чалавек, у тым ліку каля паловы дзяцей. Гэта адназначна ўжо літургічныя сустрэчы, як нядзельная св. Літургія.
31 мая 1996 г. – першы ад 1937 г. фашчоўскі фэст у свята Наведвання Дзевы Марыі.
19 жніўня 1996 г. – асвячэнне копіі іконы Маці Божай Фашчаўскай.
На месцы храма пастаўлены мемарыяльны драўляны крыж з картушам, на якім надпіс «Тут, на гэтым месцы знаходзіўся касьцёл Наведваньня Панны Марыі».
 
Бібліяграфічны спіс літаратуры:
1.Борисенко, Н. С. Могилевщина – мой любимый Приднепровский край : сборник экскурсий : части І–ІІ / Николай Борисенко. – Могилев : Областная укрупненная типография, 2007. – С. 400–404.
2.Иванова, Н. Время собирать камни : [о возрождении фащевского костела] / Н. Иванова // Зямля і людзі. – 2014. – 5 лістапада. – С. 16.
3.Касцёл на магілеўшчыне // Mohylev-katolik.by [Электронный ресурс] : Магілёўскі дэканат Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. – Режим доступа:
http:mohylev-katolik.by/index.php/dekanat/magiljo-ski-dekanat/parafii/fashcha-ka.
4.Касцёл Спаслання Святога Духа // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008. – С. 464–465.
5.Костёл Сошествия Святого Духа (Фащевка) // Википедия [Электронный ресурс] : свободная энциклопедия. – Режим доступа: https://ru.wikipedia.org/wiki/Костёл_Сошествия_Святого_Духа_(Фащевка). – Дата доступа: 29.09.2022.
6.Красоўскі, А. Гісторыя абраза панны Марыі з Фашчаўкі / А. Красоўскі // Часопіс “Наша вера” : архіў [Электронный ресурс] : сайт. – Режим доступа: https://media.catholic.by/nv/n94/index.htm.
7. Красоўскі, А. Беларуская мова ў фашчаўскім касцёле / А. Красоўскі // Часопіс “Наша вера” : архіў [Электронный ресурс] : сайт. – Режим доступа: https://media.catholic.by/nv/n83/art7.htm
8.Рандицкая, М. Апостольское благословение для жительницы агрогородка Фащевка / М. Рандицкая // Ударны фронт. – 2021. – 2 красавіка. – С. 4. |
| |
|