|
Калона Святога Сімпліцыяна
Калона Святога Сімпліцыяна — помнік у вёсцы Фашчаўка Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. У мясцовым фальклоры мае назвы «фашчаўскі ёлуп», «фашчаўскі ёлупень».
Драўляная фігура, якая прапісалася на старадаўніх могілках, больш за тры стагоддзі абрасла мноствам легенд і стала галоўнай прыкметай сучаснай вёскі Фашчаўка Шклоўскага раёна. Гэта чатырохгранная калона вышынёй 10-15 м складзена з чырвонай цэглы. У аснове – квадрат, далей цыліндрычнай формы, калона завужаная да гары, наверсе – драўляная скульптура.
Дакладнае прызначэнне мемарыяла невядомае. Існуюць як мінімум дзве версіі. Па адной з іх лічыцца, што помнік узвялі каталіцкія манахі на месцы пахавання частак Святога Крыжа Гасподня і мошчаў Святога пакутніка Сімпліцыяна. Святыні спачатку захоўваліся ў касцёле, але пасля паўстання 1830-1831 гадоў, калі расійскія ўлады пачалі праследаванне католікаў, то вернікі перанеслі часткі крыжа і мошчаў на могілкі і зрабілі калону, а наверсе ўсталявалі скульптуру Св. Сімпліцыяна. Цэглу нібыта прывозілі з Варшавы.
Паводле іншай версіі, у гады праўлення польскага памешчыка прыйшоў у мястэчка атрад езуіцкага ордэна на чале з рыцарам Сімпліцыянам, каб звярнуць жыхароў у каталіцкую веру. Народ паўстаў, а кіраўнік атрада загінуў. На мясцовых могілках у знак ушанавання і была ўзведзена высокая калона, зверху якой – драўляны воін.
Зрэшты, дзіўна тое, што скульптура называецца фашчаўскі «ёлупень». Старэйшыя жыхары Фашчаўкі лічыць, што назву такую прыдумала імператрыца Кацярына ІІ. Маўляў, ехала яна па сваіх справах, постаць тую ўбачыла і пытаецца: «Што гэта за ёлупень такі стаіць?» Сказала, і ў той жа момант на царыцу і яе світу абрынуўся страшэнны мароз, і пакуль яна не папрасіла прабачэння, ніхто з месца крануцца не мог. Такой, кажуць, была помста святога Сімпліцыяна за абразу.
Беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч у рамане «Чорны замак Альшанскі» ўзгадаў пра фашчаўскую калону: «У вёсцы Фашчаўка пад Шкловам была калісьці ў сярэднія вякі езуіцкая місія і поруч яе стаяла на высокай калоне статуя. Удзячны народ забыўся, хто гэта: святы ці нейкі дзяржаўны дзеяч, але трывала замацаваў у слоўніку слова «ёлуп хвашчоўскі» для вызначэння чагосьці дурнога і бескарыснага». Варта адзначыць, што дадзены эпізод сустракаецца толькі ў рускамоўнай версіі твора.
Выраз «фашчаўскі ёлуп» стаў асновай для мясцовай пагаворкі: «Ну што стаў, як Ёлуп фашчаўскі». Прамаўляючы гэта выраз, людзі маюць на ўвазе паняцце «аболтус», «олух», «асталоп». Цікава, што гэтае словазлучэнне вядома далёка за межамі Фашчаўкі – у Беларусі, Расіі і Германіі.
Згодна з успамінамі мясцовых жыхароў, драўляная скульптура Святога Сімпліцыяна, што пастаўлена наверсе калоны, знаходзілася на штыры, які паварочваўся ў той бок, адкуль ішла вайна.
Стэла, на якой стаіць «ёлупень», за доўгі час амаль не змянілася, калі не лічыць дробнай «шрапнэлі» на паверхні. У вайну ўсяго было. Старажылы распавядаюць, што немцы нават стралялі па помніку, але ён выстаяў.
Калі ён перажыў столькі войнаў, рэвалюцый, палітычных і кліматычных змен, напэўна, у гэтым ёсць сэнс? Хаця б таму, што пра помнік не забываюць, спрачаюцца. І, магчыма, калі-небудзь усе ж разгадаюць яго таямніцу.
Літаратура
1. Арцем’еў, В. Фашчаўскі ёлуп / В. Арцем’еў // Ударны фронт. – 2002. – 28 жніўня. – С. 4.
2. Борисенко, Н. С. Могилевщина – мой любимый Приднепровский край : сборник экскурсий : части І–ІІ / Николай Борисенко. – Могилев : Областная укрупненная типография, 2007. – С. 400–404.
3. Дучыц Л. У., Клімковіч І. Я. Старажытныя памятныя калоны Беларусі. Зборнiк дакладаў i тэзiсаў VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў» (Мiнск, Беларусь, 19-20 лістапада 2015 года) / гал. рэд. А. І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск, 2016. C. 578—583.
4. Маркава, С. Імператрыца і «ёлупень» / Святлана Маркава // sb.by [Электронный ресурс] : сайт. – Режим доступа: https://www.sb.by/articles/mperatrytsa-yelupen.html. – Дата доступа: 10.10. 2014.
5. Мінакова, А. Таямніцы зямлі фашчаўскай /Алена Мінакова // Ударны фронт. – 2017. – 30 чэрвеня. – С. 3.
6. Калона Святога Сімпліцыяна (Фашчаўка) // Radzima.org [Электронный ресурс] : сайт. – Режим доступа: https://www.radzima.org/be/object/2760.html.
7. Калона Святога Сімпліцыяна (Фашчаўка) // Глобус Беларусі [Электронный ресурс] : сайт. – Режим доступа: https://globustut.by/faschevka/index.htm#kolonna.
8. Калона Святога Сімпліцыяна (Фашчаўка) // Википедия [Электронный ресурс] : сайт. – Режим доступа: https: // be.wikipedia.org/wiki/Калона_Святога_Сімпліцыяна_(Фашчаўка).
9. Короткевич, В. Черный замок Ольшанский : роман ; Дикая охота короля Стаха : повесть / В. Короткевич. – Минск : Мастацкая літаратура, 1992. – С. 127.
|
| |
|