|
На здымку: І. Ф. Міхалюта ў час работы дырэктарам Беларускага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы
Нарадзіўся 26 кастрычніка ў 1919 годзе ў в. Фашчаўка. Вырас у простай сялянскай сям’і, і з дзяцінства адчуў каларыт народнага жыцця. У Фашчаўцы, дзе нарадзіўся і рос будучы знакаміты дзеяч культуры, тэатра не было. Але ён з вялікім задавальненнем наведваўся на канцэрты шэфаў самадзейных артыстаў са шклоўскай папяровай фабрыкі «Спартак». З непараўнальным энтузіязмам браўся за пастаноўкі невялікіх п’есак і мініяцюр з драматычным гуртком спярша ў школе, а пазней у сельскім клубе. На гэтыя выступленні збіралася ўся даваенная вёска.
У 1939 годзе закончыў сярэднюю школу, паступіў у Інстытут кінематаграфіі, аднак вучобу перапыніла другая сусветная вайна.
З першага курса быў прызваны ў Чырвоную Армію. Накіраваны ў Беласток, які да гэтага часу быў савецкім. Служыў салдатам, вучыўся ў палкавой школе, атрымаў званне старшага сяржанта, а потым пасаду старшыны аўтароты, якая абслугоўвала штаб 10-й арміі. У першыя часы нападзення фашысцкай Германіі давялося адведаць моцны бомбавы удар, за ім убачыць першых забітых, раненых… Потым было адступленне, прарыў з варожага акружэння, апошні – з-пад Мінска. Выйсці да сваіх часцей не ўдалося. Аказаўся на акупіраванай тэрыторыі. Дайшоў да роднай вёскі, не губляў сувязі з камсамольцамі і камуністамі. Ён далучаў іх да партызанскай барацьбы ў складзе 35-га партызанскага атрада. Сам ён з 27 ліпеня 1943 года па 1 ліпеня 1944 года партызаніў у атрадзе ў якасці палітрука роты 35-й брыгады Прахарэнкі.
Адразу пасля вайны працягваць вучобу не атрымалася. Цяжкія гэта былі часы ў эканамічным сэнсе: галеча, разруха. Таму пайшоў працаваць. Спярша быў на партыйнай рабоце. Арганізоўваў аднаўленне разбуранай гаспадаркі, ачагоў культуры.
Быў накіраваны на курсы рэзерву ЦК КПБ, затым на работу ў Маладзечанскую вобласць. Працаваў прапагандыстам Радашковіцкага РК КП(б), загадчыкам аддзела культасветработы раёна, намеснікам начальніка абласнога ўпраўлення культуры.
У студзені 1950 года Івана Францавіча накіравалі на курсы павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў мастацтва пры Ленінградскім тэатральным інстытуце імя А. Астроўскага. Іван Францавіч здае экзамены і паступае ў гэты інстытут. Паспяхова вучыцца ў ім. Пазней яму ўдалося перавесціся на завочнае аддзяленне дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва ў Маскве.
У 1958 годзе закончыў тэатральны інстытут у Маскве, з гэтага ж года – дырэктар Гродзенскага абласнога драмтэатра. Ен прыкладаў многа працы, сіл і энергіі для станаўлення тэатра. Зрабіў вельмі многа для стварэння моцнай тэатральнай трупы правінцыяльнага тэатра. Цікавым быў і яго рэпертуар. Іван Францавіч карыстаўся вялікім аўтарытэтам не толькі ў тэатры, але і ва ўсім горадзе. Менавіта ў Гродне ў 1967 годзе ён атрымаў ганаровае званне
«Заслужаны дзеяч культуры БССР».
У 1968 годзе Іван Міхалюта назначаны дырэктарам Беларускага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, дзе працаваў да 1980 года. У гады яго работы тэатр перажываў свой росквіт. Купалаўцы выступалі з аншлагамі ў сваім горадзе. Яны выязджалі на гастролі ў Маскву, Ленінград, Кіеў, іх запрашалі за межы былога СССР.
У гэты час з вялікім поспехам у тэатры ішлі п’есы вядомых драматургаў А. Макаёнка, К. Крапівы, І. Шамякіна. Аднолькава ўдаваліся купалаўцам і п’есы рускіх і замежных класікаў.
У 1981 годзе Іван Міхалюта пакідае тэатр імя Янкі Купалы ў сувязі з выхадам на пенсію. Але доўга адпачываць яму не давялося. Пасля выхада на пенсію некаторы час быў дырэктарам Дома літаратараў Саюза пісьменнікаў СССР. У кастрычніку 1985 года Івана Францавіча запрасілі на выкладчыцкую работу ў тэатральна-мастацкі інстытут у Мінску. А затым 10 гадоў ён працуе дырэктарам вучэбнага тэатра Акадэміі беларускіх мастацтваў. Тут ён перадае свой багаты тэатральны, творчы і жыццёвы вопыт студэнцкай моладзі.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, граматамі Вярхоўнага Савета БССР, медалямі, шматлікімі ўзнагародамі Міністэрстваў культуры СССР і БССР.
Мастацтву ён служыў верна : [знакаміты зямляк, заслужаны дзеяч культуры Іван Францавіч Міхалюта] // Ударны фронт. – 1999. – 27 кастрычніка. – С. 4.
Міхалюта Іван Францавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – С. 453.
Міхалюта Іван Францавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. / галоўны рэдактар В. В. Калістратава. — Мінск, 2014. — Т. 5. — С. 600.
Михалюта Иван Францевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / главный редактор Г. П. Пашков. — Минск, 2007. — Т. 5. — С. 123.
Усцінава, А. Міхалюта Іван Францавіч / А. Усцінава // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / галоўны рэдактар Г. П. Пашкоў. — Мінск, 2003. — Т. 2. — С. 141. |
| |
|