|
Нічыпаравічы – вёска ў Фашчаўскім сельскім Савеце, за 23 км на паўднёвы ўсход ад Шклова, 36 км ад Магілёва, 25 км ад чыгуначнай станцыі Шклоў на лініі Орша-Магілёў. Рэльеф раўнінны. На поўдзень – возера Святое і цячэ р. Арціслаўка. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Санкт-Пецярбург-Адэса.
За 0,4 км на поўдзень ад вёскі некалі знаходзіўся курганны могільнік, які сведчыць аб засяленні гэтых месц у далёкай мінуўшчыне. У рукапісных крыніцах упершыню ўпамінаецца ў фрагментах інвентару 1560 года як сяло ў Магілёўскай воласці ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць. У 1580 годзе перададзена памешчыку. У 1604 годзе 42 двары ў Даманоўскім войтаўстве, прыпісана да Магілёўскага замка, а потым да Магілёўскай каралеўскай эканоміі. За вёскай было замацавана 40 валок ворнай зямлі. У 1635 годзе 50 двароў, дзяржаўная ўласнасць. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у складзе Расійскай імперыі. У 1785 годзе 56 двароў, 298 жыхароў, мелася пабудаваная з дрэва царква, у складзе маёнтка Плешчыцы Магілёўскага павета, уласнасць памешчыка. У канцы 18 ст. у валоданні графа П. В. Завадоўскага. У 1839 годзе пабудавана новая драўляная царква. У 1857 годзе сяло, дзяржаўная маёмасць. Частка вяскоўцаў займалася вырабам розных бытавых рэчаў з лыка і кары. У 1875 годзе пачала дзейнічаць школа, у якой у 1889 годзе навучалася 28 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі, у 1907 годзе – 81 хлопчык, 8 дзяўчынак. У канцы 19 ст. школа ператворана ў царкоўна-прыхадскую. У 1880 годзе дзейнічалі 2 царквы. У 1897 годзе 37 двароў, 232 жыхары, цэнтр воласці Горацкага павета Магілёўскай губерніі. Непадалёку быў фальварак (1 двор, 10 жыхароў). У 1909 годзе ў сяле 44 двары, 267 жыхароў, у фальварку – 2 двары, 22 жыхары. З 1919 года ў Гомельскай губерніі РСФСР, з 1924 года цэнтр сельскага савета Лупалаўскага раёна Магілёўскай акругі, з 1931 года – Шклоўскага раёна. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа, якой у 1923 годзе быў перададзены нацыяналізаваны будынак. У 1925 годзе ў школе было 94 вучні. У 1924 годзе адкрыта хата-чытальня. У першую пяцігодку пабудавана новае памяшканне для пачатковай школы, ператворанай потым у 7-гадовую. З 1928 года дзейнічалі сыраробная майстэрня. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвонае Сормава», адкрыты ўрачэбна-амбулаторны ўчастак. Дзейнічала камсамольская ячэйка. З 1934 года калгас абслугоўвала Фашчаўская МТС. З 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1940 годзе ў вёсцы 96 двароў, 674 жыхары, 7-гадовая школа ператворана ў сярэднюю.
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 па чэрвень 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З 1952 года ў Фашчаўскім сельсавеце. У 1991 годзе 71 гаспадарка, 134 жыхары, у складзе саўгаса – эксперыментальнай базы «Спартак». Размяшчалася вытворчая брыгада, ферма буйной рагатай жывёлы, зернедрабільная, працавалі магазін, клуб, бібліятэка, стацыянарная кінаустаноўка, аддзяленне сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт, 8-гадовая школа.
Планіровачна складаецца з плаўна выгнутай вуліцы мерыдыянальнай арыентацыі, забудаванай двухбакова, шчыльна, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Нічыпаравічы : [вёска ў Шклоўскім раёне] // Гарады і вёскі Беларусі : Магілёўская вобласць : энцыклапедыя : у 8 т. / рэдкалегія : Т. У. Бялова [і інш.]. − Мінск, 2009. – Т. 7 : кн. 3. – С. 487–488.
|
| |
|