Легенды і паданні нашага краю – адна з самых цікавых старонак, багацце, якое перадавалася з пакалення ў пакаленне, захавалася да сённяшняга часу і дазваляе вывучаць мінулае роднай зямлі.
З даўніх часоў мясцовыя жыхары чулі ад старажылаў цікавыя легенды аб той ці іншай мясцовасці. Некаторыя месцы каля вёскі называлі імёнамі і прозвішчамі тых сялян, як ія асушвалі балоты, выкарчоўвалі лес.
ВЁСКА АСТРАВЕЦ названа так таму, што лес акружае веску з трох бакоў і з аднаго боку поле. Самі сяляне і празвалі вескуАстравец ад слова «востраў».
ВЁСКА ДУБРАЎКА раней называлася Дуброўнікі. Назву вёсцы Дуброўнікі, як кажуць старажылы, дала сама прырода. Вакол двароў, дзе жылі людзі, было шмат балот, лясоў, дубраў. З тых пор застаўся вельмі прыгожы бярозавы гай і дуброва з векавымі дубамі. А вёску Дуброўнікі пазней пераіменавалі ў Дубраўку.
ВЁСКА ЗАХОДЫ вядома па рукапісных крыніцах з 1604 года як сяло Заход, якое размешчана каля дарогі Магілёў–Орша. У сяло часта заходзілі людзі, якія ішлі міма, каб адпачыць з дарогі. Таму і названа сяло «Заход».
ВЁСКА МІКАЛАЕЎКА – са слоў старажылаў вядома, што у 1905 годзе перасяленцы з вёскі Гавяды Шклоўскага раёна пачалі выкарчовываць лес, асвойваць новыя землі, будаваць жыллё. У адзін з дней жыхары прывезлі на кані з Магілёўскай царквы бацюшку, які асвяціў новыя землі, але пасёлак не меў назвы і бацюшка прапанаваў у гонар цара Мікалая назваць вёску Мікалаеўка.
ВЁСКА ПРУДЫ вядома з рукапісных крыніц 18 стагоддзя. У народных легендах вёска называлася Ніжнія Пруды і Верхнія Пруды. Назва вёскі дадзена ў сувязі з тым, што вакол яе было шмат малых вадаёмаў і людзі звалі іх Прудамі.
«ДОБІН КУТОК» – яшчэ да рэвалюцыі каля вёскі Заходы, недалёка ад лесу быў хутар з аднаго двара і 8 жыхароў. Гэта была адна сям’я, якая вяла гаспадарку і была ў іх самай галоўнай бабуля Доба. З тых пор тое месца, дзе быў хутар, завецца Добін куток.
«КРАСНАЯ ГОРКА» – па расказам мясцовых жыхароў вёскі Пруды, у час вайны ў пяцістах метрах ад ракі Днепр на невялікім узвышшы была мінабарона. З тых пор мясцовасць імянуецца «Краснай горкай».
«ЛУЖА» – калісьці у пачатку ХХ стагоддзя, недалёка ад ракі Днепр была вялікая крыніца каля 14 метраў, жыхары яе адгарадзілі ад ската. У крыніцы была чыстая, крыштальная вада, вадзілася рыба: окунь, карась, шчука. Але з кожным годам крынічка памяншалася, яе чысцілі, а аднойчы ў засушлівае лета яна перасохла.
«МАРКАВА ГАРА» – да рэвалюцыі дзесьці пад горадам Магілёвам жыў памешчык Марк. І лес пад вёскай Пруды належыў яму, а менавіта узвышанасць – гара. З тых даўніх часоў яе і завуць «Маркава гара».
«МАРЦІНАЎ ХУТАР» – недалёка ад леса жыла сям’я селяніна Марціна. Жыў ён асобна, ні з кім не сябраваў і не наведваў цэнтр вёскі Пруды. Даўным даўно ўжо нябачна таго месца, дзе стаяў дом, але ўсё роўна жыхары называюць гэта месца «Марцінаў хутар».
«РАСЦЯРОБЫ» – гэта назва прыйшла здаўна. Месца ў лесе было моцна забалочана, але была добрая глеба, і сяляне вырашылі яе асушыць. Яны зрабілі раскарчоўку леса, асушылі тэрыторыю у 14 гектар і займаліся земляробствам.
Самае вялікае балота асушыла вялікая сям’я Сарвіра, вось і зараз тое месца завецца САРВІРАВА БАЛОТА, хаця таго балота даўно няма.
«СВЯТОЕ ВОЗЕРА» – на свята «Хрышчэнне Гасподне» ўсе збіраліся на возеры, якое размешчана каля вёскі Дубраўка. На возеры выразалі з ільду крыж і асвяшчалі ваду, якую налівалі ў розныя ёмкасці і неслі яе дамоў. З таго часу возера называецца «Святое».
|