У свеце ёсць свая памяць – гісторыя. І таму свет ніколі не забывае пра трагедыі, якія ўзрушвалі нашу планету ў розны час, у тым ліку і пра жорсткія войны, якія выносілі мноства жыццяў і тых, хто сее разбурэнне і гора.
Прайшло 30 гадоў з таго часу, як скончылася афганская вайна. Але рэха ад яе і сёння не заціхае ў нашых сэрцах. Вайна ў Афганістане доўжылася больш за дзевяць гадоў – з 26 снежня 1979 года да 15 лютага 1989 года. Афганская вайна ўвайшла ў многія сем'і Шклоўскага раёна. Не абышла яна бокам і жыхароў вёскі Еўдакімавічы і найбліжэйшых вёсак. Тады, шмат гадоў таму, нашы землякі адправіліся аказваць інтэрнацыянальную дапамогу, прайшлі школу мужнасці ў гэтай незнаёмай краіне, і, на шчасце, усе яны вярнуліся на радзіму жывымі. Сярод іх – Волкаў Дзмітрый Фёдаравіч, Галанаў Леанід Віктаравіч, Гельфанд Уладзімір Аркадзьевіч, Лукашоў Леанід Мікалаевіч, Печанькоў Анатоль Мікалаевіч, Салапаеў Валерый Мікалаевіч, Чапялінскі Уладзімір Іванавіч, Шурынаў Уладзімір Міхайлавіч. Усе яны маюць урадавыя ўзнагароды. Гэтыя людзі – прыклад мужнасці і бясстрашнасці. Рызыкуючы сваім жыццём, яны абаранялі жыццё мірных жыхароў Афганістана. У краязнаўчым музеі пры Заходскай сельскай бібліятэцы створаны інфармацыйны стэнд "Апаленыя Афганістанам", з дапамогай якога наведвальнікі бібліятэкі маюць выдатную магчымасць дакрануцца да гісторыі воінаў-інтэрнацыяналістаў гэтага краю. У бібліятэцы маюцца распрацоўкі тэматычных мерапрыемстваў, запісаныя ўспаміны аб афганскай вайне, сабраны фатаграфіі.
Воіны-інтэрнацыяналісты актыўна сустракаюцца з навучэнцамі школы, прымаюць удзел у школьных і бібліятэчных мерапрыемствах, дзеляцца сваімі ўспамінамі і адказваюць на шматлікія пытанні сучаснай моладзі, ускладаюць кветкі да помнікаў і магіл ветэранам вайны. Іх баявы, чалавечы, грамадзянскі вопыт неабходны ў выхаванні падрастаючага пакалення. Яны даносяць ідэю аб тым, як важна, каб на зямлі былі мір і спакой. Яны хочуць бачыць нашу моладзь добрымі, сумленнымі, каб яны мелі грамадзянскую пазіцыю і былі патрыётамі сваёй Радзімы.
|