Успаміны жыхароў вёскі Еўдакімавічы аб падзеях
Вялікай Айчыннай вайны
Жыхарка вёскі Еўдакімавічы – Чэлачава Сцепаніда Якаўлеўна распавяла пра тое, як загінуў яе брат Грыгор’еў Пётр Якаўлевіч, 1926 года нараджэння. «Пеця быў сагнаны фашыстамі ў Германію. Разам з ім быў сагнаны Волкаў Уладзімір Цімафеевіч, 1927 года нараджэння. Волкаў Уладзімір вярнуўся хворы на сухоты і тут жа памёр праз пару месяцаў. Ён распавёў, што Пётя не вытрымаў цяжкасцяў, здзекаў і кінуўся пад цягнік.
З успамінаў жыхарак вёскі Еўдакімавічы Шурыкавай Алёны Васільеўны і Шурыкавай Пелагеі Васільеўны.
Сёстры Шурыкавы Алёна і Пелагея распавялі аб сваім браце Шурыкавым Пятры Васільевічы, 1923 года нараджэння. Пётр быў вывезены ў Германію разам з жыхаром гэтай жа вёскі Чэлачавым Парфенам Сафронавічам, 1924 года нараджэння. Падчас руху ў Германію эшалон быў разбомблены, тут і загінуў Шурыкаў Пётр.
Казлова Анастасія Расапаўка распавяла пра тое, як хлопцы з Еўдакімавіч былі схопленыя за сувязь з партызанамі.
«Фашысты схапілі Казімірава Мікалая Дзмітрыевіча і Вашчанка Міхаіла Данілавіча, тут жа збілі іх да паўсмерці і павезлі ў бункер, які знаходзіўся пры жандармерыі ў будынку Заходскай школы. Потым іх ноччу вывезлі кудысьці і дадому яны не вярнуліся.
Былі схопленыя і адпраўленыя ў Нямеччыну і дзеці. Волкаў Мікалай Лаўрэнцьевіч і Шэкутнеў Фёдар Сцяпанавіч, якія, на шчасце, засталіся ў жывых і вярнуліся дадому, калі скончылася вайна.
На чужыну былі сагнаныя сем’і Іваноўскага Васіля Іванавіча, Цішкоўскай Кацярыны Сідараўны, Іваноўскага Паўла Іванавіча. Цішкоўскай Кацярыне ўдалося па дарозе збегчы, а Іваноўскіх адправілі ў глыбіню Германіі, дзе яны былі перададзеныя нямецкаму баўэру для працы на яго ферме. Вярнуліся дадому пасля заканчэння вайны.
Падчас вайны ўспыхнула эпідэмія сыпнога тыфу, медыцынская дапамога адсутнічала. Многія памерлі ад эпідэміі, паміралі па некалькі чалавек з сям’і. Пасля заканчэння вайны узрываліся людзі на мінах, снарадах, якія фашысты пакінулі пасля сябе.»
Успаміны жыхароў вёскі Азер’е аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны
Барыскаў Фёдар Іванавіч
«Узялі на фронт адразу, як толькі пачалася вайна. Ваяваў пад Вязьмай, пад Смаленскам, трапіў у палон, атрымалася бегчы на 12-ыя суткі, а потым разам з Савецкай Арміяй рухаўся да Перамогі.
У пачатку вайны было вельмі цяжкае становішча на фронце: не было ні аўтаматаў, ні танкаў. У салдат, якія ішлі ў тыл, адбіралі зброю салдаты, тыя, што засталіся на перадавой.
Брат Уладзімір ў час вайны трапіў на торфараспрацоўкі ў Смалявіцкі раён. Па словах відавочцаў, Уладзімір там быў звязаны з партызанамі, потым пайшоў на фронт.
У 1944 годзе прыйшло паведамленне аб тым, што ён загінуў у Літоўскай ССР, вызваляючы хутар Шлях. Пасля яго смерці прыйшло паведамленне з ваенкамата на атрыманне ордэна Вялікая Айчыннай вайны.»
Рыбакова Матрона Цімафееўна
«Немцы гаспадарылі ў вёсцы, зганялі скот, патрабавалі яек, курэй. Наведвалі жыхароў вёскі і партызаны, прасілі нічога не казаць пра іх немцам, прасілі ежу. А наогул у вёсцы было больш-менш спакойна: у Нямеччыну нікога не сагналі, за сувязь з партызанамі таксама не пацярпелі, вёска засталася цэлая, немцы яе не спалілі. Але многія сем’і страцілі карміцеляў, братоў, сыноў. У гады Вяликай Айчыннай вайнны без вестак прапаў брат Юрый Цімафеевіч, які пайшоў на фронт у пачатку вайны.»
Таццяна Максімаўны Красуля, жыхарки вёски Пруды Заходскага сельскага Савета
«Вялікая Айчынная вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года. Праз тыдзень немцы прыйшлі ў вёску Пруды. На трэці дзень пасля прыходу немцы сабралі ўсіх жыхароў ад малога да вялікага і пагналі капаць акопы. У іх ліку была і 25-гадовая Г. М. Красуля.
Фашысты надоўга хацелі ўмацавацца за Дняпром. Каля тэлевізійнай вышкі быў размешчаны аэрастат. Нашы войскі ў гэты час адступалі.
Немцы падпалілі 7 двароў, а затым была спалена ўся вёска. Людзі былі вымушаны жыць у зямлянках. Адначасова з вёскай была спалена і школа.
Вельмі ўзрадаваліся жыхары вёскі, калі прыйшлі партызаны. Яны змагаліся з гітлераўцамі да смерці, не прапускалі нямецкія эшалоны з боепрыпасамі. У лесе размяшчаўся санбат.
Луг каля Дняпра немцы замініравалі. На мінах падарвалася шмат нашых людзей. Там жа на матацыкле выпадкова падарвалася 2 немцы. Адзін з іх загінуў, а другі, зусім малады, застаўся жывы, толькі быў моцна паранены. Ён папрасіў, каб я яго перавязала. Немец разумеў па-руску і я спытала ў яго:
А чаго ж ты пайшоў ваяваць супраць нас? Ён заплакаў і кажа:
Хіба трэба мне ваша зямля? Мяне паслалі ваяваць. Ці там бы памёр ці тут.
Ён распавёў, што ім быў аддадзены загад – за забітага немца не літаваць ні малога, ні старога.»
Недвецкая Марыя Іванаўна, 1926 год нараджэння, жыхаркі вёскі Дубраўка Шклоўскага раёна.
«У пачатку вайны трапіла ў сялянскую сям’ю ў в. Марбо, гэта 3 км ад г. Фелінген. Прозвішча гаспадароў не памятаю. Гаспадыняй была жанчына, звалі яе Верла. Акрамя мяне, у работніках быў француз. У якасці жылля быў прадстаўлены пакой на другім паверсе, спала на маленькім ложку. З раніцы да вечара выконвала розную працу: праполка, паліванне зямлі, адвозка малака і інш. Па святах рабочы дзень быў кароткі, іншых выхадных не было. Хадзіла ў вопратцы, якую прывезла з сабой. Харчаванне было вельмі дрэнным. Раніцай – чай, кава, у абед – баланда з няякаснайгародніны, вечарам – чай. часам кружка малака.
Адзін раз у некалькі тыдняў дазвалялася сустракацца са сваімі людзьмі, якіх я выдала за сваіх сясцёр і яны працавалі ў суседніх гаспадарках.
Праца была цяжкая. Аднойчы салдаты прывезлі цяжкія скрыні, якія я перацягала на другі паверх, пасля чаго надарвалася, і мне зрабілі аперацыю. Пасля аперацыі зноў давялося выконваць тую ж самую цяжкую працу. Так працягвалася да прыходу рускіх войскаў.
Дадому вярнулася ў сваю вёску ў канцы красавіка. Дом згарэў, жыла ў сяброўкі.
(Успамін быў запісаны 15 лістапада 2003 года)
З успамінаў вязняў фашысцкіх канцлагераў,
якія пражывалі на тэрыторыі Заходскага сельскага Савета
Бручыкава Анастасія Цімафееўна
«Нарадзілася 12 сакавіка 1926 годзе ў вёсцы Плешчыцы. У жніўні 1942 года апынулася ў лагеры г. Бунцлав. Працавала на заводзе: рэзала шкло ў танкі, самалёты. У адным цэху працавала ўсяго 165 дзяўчат. Працавалі па 8 гадзін у суткі без вопыту работы і няведання правільнага выканання яе, было вельмі шмат браку. За брак нас лаялі і білі, кармілі вельмі дрэнна.
Вызвалілі нас у 1945 годзе рускія. Пасля вызвалення працавала ў горадзе Чэрнастхом ў ваенным шпіталі. Малодшы лейтэнант Цімошчанка прывёз мяне ў Беларусь і тут я ўступіла ў камсамол.
Прыехаўшы ў вёску Плешчыцы ў 1946 годзе, выйшла замуж. Выгадавала 7 сыноў.».
(Успамін запісаны 15 лістапада 2003 года)
Цыбульскі Рыгор Андрэевіч
«Нарадзіўся 15 мая 1925 года. Пражываў у в. Плешчыцы.
У жніўні 1942 года трапіў у лагер у г . Фарбах. Працаваў на ўборцы завалаў. Разам са мной з Плешчыц было 75 чалавек. Самымі вернымі і адданымі сябрамі былі Рабаў Адам, Пронцішаў Якім, Сцяпанчанка Сямён. Быў вызвалены ў 1945 годзе рускімі.
Пасля вызвалення служыў у арміі на Камчатцы. Вярнуўся з арміі, ажаніўся на Бручыкавай Анастасіі Цімафееўне.»
(Успамін запісаны 15 лістапада 2003 года.)
Другакоў Уладзімір Астапавіч
«Нарадзіўся 5 верасня 1924 г. у в. Азер’е. Вучыўся ў Заходской сярэдняй школе. З 1974 года пражываю у в. Еўдакімавічы.
Скончыў 7 класаў. Да вайны працаваў на «галоўпаштамце» ў аддзеле дастаўкі. Калі пачалася вайна, жыхароў сабралі ў гумно в. Еўдакімавічы, дзе акрамя мянке было 5 тысяч чалавек. Там мы пераначавалі, а на раніцу пешшу пад канвоем пайшлі ў г. Магілёў. У горадзе мы знаходзіліся тыдзень. Потым падышоў эшалон з таварнымі вагонамі і ўсіх пачалі вазіць на станцыю Лунінец па 40 чалавек у адным вагоне. Там адчапілі 8 вагонаў, а самі паехалі далей. Астатнія разам засталіся і жылі ў гэтых вагонах. Нас прымушалі працаваць, будаваць зямлянкі, насіць з лесу дрэвы на плячах.
Калі мы пабудавалі першую зямлянку, яна абвалілася і загінула некалькі чалавек, якія былі ў ёй. Потым 4 з 8 вагонаў перавезлі ў горад Іванава. Там людзі таксама жылі ў вагонах і працавалі, будавалі заходнія жалезныя шляхі. Умоў для жыцця ў людзей не было. Спалі ў вагонах на голай падлозе, падаслалі трохі саломы, не распранаючыся, так як было вельмі холадна. З’явіліся вошы, пачалі ўгаворваць сваё начальства, каб дазволілі схадзіць у лазню. Потым адзін раз у 4 месяцы нас вадзілі ў лазню.
Войскі сталі падыходзіць і нас зноў перавезлі ў Пінск. Тут мы пераначавалі на запалкавым камбінаце адны суткі. У гэты час немцы лавілі моладзь па вёсках і прыводзілі да нас. Есць не было чаго, а калі каму-небудзь прыносілі ежу, то ўсе спрабавалі ўхапіць хоць маленькі кавалачак. Назбіралі людзей, падагналі склад, іх пагрузілі і адправілі ў Германію. Там мы працавалі разам з польскімі шахцёрамі. Шахцёры усталёўвалі арматуру, а мы вывозілі на тачках пясок.
Апошні час працавалі ў горадзе Вупперталь. Жылі ў падвале школы. Кармілі дрэнна – вараная бручка, бульба і 200 грам хлеба ў дзень. Начальнікам быў Раман (паляк).
Вызваленыя былі амерыканцамі за тыдзень да заканчэння вайны. Пасля вызвалення прывезлі ў Брэст, дзе знаходзіліся тыдзень, не працавалі.
Жылі ў казармах.Там арганізавалі рабочыя батальёны. Потым 2000 чалавек адвезлі горад Магнітагорск, дзе працавалі год на металургічным камбінаце ім. Сталіна. За працу нам плацілі, але мала. Ежу куплялі за свае грошы ў сталовай.
Праз год вярнуўся дадому ў в. Азер’е. Потым уладкаваўся ў горадзе Магілёве у СМУ–2. Неўзабаве захварэла маці, і я быў вымушаны вярнуцца дадому. Далей працаваў у Фашчаўскай МТС трактарыстам. У 1974г. прыйшоў працаваць у калгас ім. Андрэева, дзе і працаваў да пенсіі.
(Успамін быў запісаны 24 сакавіка 2004 года.)
Дзеці вайны
Кацярыны Аўрамаўны Доктаравай, жыхарка в. Пруды.
«Як памятаю: сядзім мы ў склепе галодныя. А бомбы рвуцца, кулі свішчуць. Калі паглядзіш у маленькую шчылінку – вочы слепнуць. Вельмі было страшна. Была з намі дзяўчынка, яшчэ зусім маленькая. Яна сядзела ў кутку, увесь час плакала і малілася. Ды і ўсе, хто там быў, плакалі, але гэтая дзяўчынка больш за ўсіх плакала і больш за ўсіх прасіла Бога аб дапамозе, аб тым, каб усе засталіся жывыя.
Але колькі не плач, а есці ўсё роўна хочацца. Была ў нас карова. І тады самыя адважныя хутка вылазілі, пакуль было ціха і хутка-хутка беглі да каровы. А назад вярталіся з малаком. Мы пап’ём малака і за гэта Богу дзякуй скажам.
А аднойчы я пайшла даіць карову. І тут раптам мяне ўбачыў немец. Я вельмі перапужалася. А ён узяў мяне на рукі і стаў, падкідваючы, крычаць:
«Кляйне, кляйне» (што па-нямецку азначае «маленькі»). А потым яму стала шкада мяне, ён адпусціў мяне, а сам пайшоў. Я, перапалоханая, пабегла ў склеп і там усё распавяла. І слава Богу, усё абышлося. Я нават не ведаю, як нам пашанцавала, што склеп не ўзарвалі. Ну а можа, гэта Бог пачуў малітвы той маленькай дзяўчынкі і выратаваў нас. Але, ва ўсякім выпадку, я цяпер жыву і спадзяюся, што мае дзеці і ўнукі не ўбачаць тых жахаў вайны, якія я бачыла.»
|