Купалле ў Беларусі. У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. З Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў. У народзе верылі, што ў гэту ноч рэкі свецяцца
асаблівым нерэальным святлом, а ў іх водах купаюцца душы памерлых у абліччы русалак. Па зямлі ходзяць ведзьмы, чарадзеі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку, расліны і жывёлы размаўляюць, а сонца на золку «гуляе». Убачыць гэтыя цуды, зразумець мову звяроў і птушак можна з дапамогай кветкі папараці, якая зацвітае, згодна з павер’ямі, усяго на імгненне раз у год. Яна давала незвычайную здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць усе схаваныя скарбы свету, але раздабыць яе мог толькі вельмі смелы чалавек. Пошук «папараць-кветкі» – адзін з самых таямнічых рытуалаў купальскай ночы.
Сёння свята Купалле аб’ядноўваюць старажытныя традыцыі і рытуалы, тэатралізаваныя канцэрты і вясёлыя гульні. Убачыць Купалле можна ў самых розных мясцовасцях Беларусі, але ёсць і найбольш вядомыя, масавыя гулянні. Самае маштабнае свята «Купалле» – «Александрыя збірае сяброў» – традыцыйна праходзіць у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. Для многіх жыхароў нашай краіны і не толькі ўжо стала прывычкай сустракаць загадкавую купальскую ноч на жывапісным беразе Днепра.
«Александрыя збірае сяброў» – свята, якое аб’ядноўвае культуры розных краін, якое развівае народную творчасць ва ўсіх яе кірунках, якое адкрывае новыя гарызонты як гасцям, так і ўдзельнікам гэтай феерыі творчасці, радасці і ўзаемаразумення!
Узнікшы ў 2010-м, купальскае свята ў Александрыі з тых часоў стала знакавым — і для Магілёўскай вобласці, і для ўсёй Беларусі. Ні межы, ні палітычныя перыпетыі яму не перашкода. Гэта выразна дэманструе сам дух народных гулянняў на Шклоўшчыне. За некалькі гадоў свята стала сапраўдным брэндам краіны: сюды прыязджаюць шматлікія госці не толькі з Беларусі, але Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы і іншых краін свету. Кожнаму знаходзіцца занятак па душы.
Месца сустрэчы — маляўнічы бераг Дняпра ля маста, які не толькі злучае два населеныя пункты — Александрыю і Копысь, дзве вобласці — Магілёўскую і Віцебскую, але і з’яўляецца сімвалам свята, якое таксама выконвае ролю своеасаблівага маста — культурнага і сяброўскага — паміж народамі Беларусі, Расіі і Украіны. Традыцыйна на свята ў Шклоўскі раён з’язджаюцца сотні рамеснікаў і артыстаў з гэтых краін, яны дзеляцца вопытам і дораць адзін аднаму і гасцям добры святочны настрой.
Кожны год гасцей чакае насычаная праграма: старадаўнія купальскія абрады, выступленні фальклорных калектываў, экскурсіі на цеплаходзе, вясёлыя забавы, ярмаркі, выставы-кірмашы, канцэрт, лазэрнае шоу і феерверк.
Якіх толькі відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва не прадстаўлена на яскравай, жывой, дынамічнай выставе-продажы вырабаў майстроў рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, Расіі і Украіны пад назвай «Днепр – рака сяброўства»! І ганчарства, і кераміка, бісерапляценне, бондарства, вышыўка, карункапляценне, саломапляценне, разьба па дрэве і шмат іншых. На суд гасцей свае вырабы прадстаўляюць як вопытныя, так і маладыя, але вельмі перспектыўныя майстры народнай творчасці. Тут жа майстры ладзяць майстар-класы па традыцыйных рамёствах.
Адным з новых творчых праектаў свята стаў творчы праект «Купальскі пояс Магілёўшчыны». Майстры па ткацтву з усіх рэгіёнаў вобласці, пачыная з сакавіка, працавалі над самым доўгім поясам: на сёняшні дзень яго даўжыня складае 35 метраў! І гэта яшчэ не канец: плануецца, што праца над поясам не будзе спынена, і з кожным годам падчас свята «Купалля» ён будзе рабіцца яшчэ даўжэй. Менавіта кожны ўдзельнік свята меў магчымасць далучыцца да гэтага творчага працэсу. Пояс будзе ўнікальным не толькі дзякуючы сваёй даўжыні, але і эксклюзіўнаму дызайну: ён складаецца з фрагментаў, якія адлюстроўваюць узоры ткацтва кожнага рэгіёна вобласці.
У межах свята каларытна прадстаўлены «Свята сала», «Свята мёду», «Свята хлеба», «Свята квасу», «Гасцёўня Бульбаша» і г.д., у якіх праводзяцца дэгустацыі разнастайных прадуктаў і выпечкі з купальскай сімволікай , розныя конкурсы, ну і, вядома, не абыходзіцца без прыпевак, танцаў і гумару!
Вядома ж, не абысціся без сімвала купальскага свята – вянка. Майстрыхі, якія плятуць вянкі з жывых кветак і каласоў, займаюць асаблівую нішу на гэтым свяце. Амаль кожная дзяўчына і нават некаторыя хлопцы маюць магчымасць упрыгожыць сваю галаву гэтым духмяны сімвалам Купалля.
Галоўнай культурнай падзеяй свята ў Александрыі з’яўляецца гала-канцэрт «Купальская казка» з удзелам зорак беларускай і замежнай эстрады.
Разнастайнасці гэтаму, і без таго шырокамаштабнаму святу, дадаюць паказальныя выступленні выхаванцаў коннаспартыўнай школы, дэманстрацыйныя палёты пілотаў і парашутыстаў Магілёўскага аэраклуба, праца дзіцячых атракцыёнаў, запальванне купальскіх вогнішчаў, святочны феерверк і лазернае шоу. І, вядома, якое Купалле без пошуку папараць-кветкі? Але гэта ўжо па індывідуальнай праграме. Можа, камусьці пашанцуе знайсці сваё шчасце менавіта на беразе Дняпра…