Архітэктурная жамчужына Шклова 
     Шклоўская ратуша – сімвал самакіравання гараджан у эпоху сярэднявечча і візітная картка сучаснага Шклова. Гарадская ратуша з’яўляецца архітэктурнай жамчужынай нашага гораду.
     Для гісторыі Беларусі Шклоўская ратуша з’яўляецца унікальным помнікам грамадзянскай архітэктуры з рысамі класіцызму.
     У рэспубліцы помнікаў такога віду засталося сем: у Віцебску, Мінску, Магілёве, Несвіжы, Слоніме, Чачэрску і Шклове. Больш таго, Шклоўская ратуша увайшла ў каталог помнікаў сусветнай архітэктуры, выданны ў ЗША.
     Шклоўская ратуша была пабудавана ў канцы 18 стагоддзя ў сувязі з градабудаўнічымі пераўтварэннямі. Упершыню горад атрымаў праект планіроўкі, па якому ён пераўтварыўся ў арганізаванае паселішча, разбітае на рэгулярныя кварталы. У сістэме пляцовак рознага прызначэння адна адводзілася пад рынак. Менавіта з гэтага месца пачалася рэканструкцыя горада Шклова. Каменная ратуша ў формах архітэктуры класіцызму была ўзведзена ў комплексе з гандлёвымі радамі. Кампазіцыя ратушы традыцыйная для беларускага дойлідства: кампактны двухпавярховы аб’ём па цэнтру завяршаўся высокай гранёнай вежай са шпілем. Вежа з гадзіннікам з даўніх гадоў была сімвалам гарадской улады і дамініравала ў забудове горада. Да ратушы прымыкалі аднапавярховыя гандлёвыя рады, якія ўтваралі вялікі прамавугольны двор. Памеры гандлёвых радоў для таго часу былі значнымі (каля 60Х70м.), што дазволіла размясціць тут больш за 100 лавак на адносна невялікім зямельным участку. Архітэктура гандлёвых радоў прадстаўлена працяжнай аркадай, ратуша ўпрыгожана пілястрамі і рустамі.
     Асноўныя памяшканні ратушы групаваліся на другім паверсе абапал кароткага калідора. 1-ы паверх быў прарэзаны ў цэнтры шырокім праездам у двор гандлёвых радоў. 1-павярховыя з 2-павярховымі квадратнымі ў плане аб’ёмамі па вуглах і сіметрычна пастаўленым падобным да ратушы будынкам гадлевыя рады разам з ратушай утваралі прамавугольны двор, які меў яшчэ 3 уяздныя брамы. Прадаўгаватыя карпусы гадлевых радоў складаліся з невялікіх памяшканняў з крыжовымі скляпеннямі. У цэнтры падоўжаных бакоў гандлёвых радоў былі праезды. Крамы мелі 2-баковую арыентацыю. Фасады былі рытмічна расчлянёны шырокімі лапаткамі, прамавугольнымі вокнамі і паўцыркульнымі аркадамі. Крамы былі арыентаваны на двор і на вуліцу, што дазваляла максімальна выкарыстоўваць гандлеваю плошчу. Архітэктура іх вызначалася прастатой і рытмічнасцю. Вуглавыя часткі ансамбля былі вылучаны двухпавярховымі рызалітамі з шатровымі завяршэннямі. Гандлёвыя рады захаваліся часткова.
     У савецкі час будынак ратушы выкарыстоўваўся як аддзяленне Дзяржаўнага банка. Да вайны ратуша выкарыстоўвалася як пажарная вышка. У ваенны час нямецкія акупанты, адступаючы, прычынілі ёй значны ўрон. Доўгі час гістарычны помнік быў паўразбураны. Але на мяжы мінулага і бягучага стагоддзяў ратуша была адрэстаўрыравана, набыла свой ранейшы выгляд і прывабна ўзнімаецца над горадам.
     У адзіны комплекс «упісаны» гістарычны помнік архітэктуры і навучальная установа.
     У новым будынку размяшчаецца гарадская гімназія, а ў самой ратушы – школьны музей.
     2-га чэрвеня 2017 года ў Шклове адбылася важкая гістарычная падзея. У гэты дзень адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі на будынку ратушы ў памяць аб наданні Шклову Магдэбурскага права, якое было даравана яму Янам Хадкевічам у 1574 годзе.  
Літаратура>>>
Александрыя збірае сяброў
Алеямі старога парку
Архітэктурная жамчужына Шклова
Казкі Лысай гары
Свята агурка
Сімвал горада
Шклоўскія святыні
213004, Могилёвская обл., г.Шклов ул.Советская д.2
E-mail: lib@library-shklov.by
тел. 8(02239) 93-141; 8(02239) 93-460
Design and development Shklov library