Лысая гара, якая узвышаецца над Дняпром, з’яўляецца самым загадкавым месцам і найвышэйшай кропкай вядомага помніка прыроды рэспубліканскага значэння «Ніжнінскі роў». Праз яе праходзіць разлом ледавіковага перыяду. Яе вышыня 30 метраў. Непадалёк ад гэтага ўзвышэння праходзіў водны шлях «з варагаў у грэкі», які злучаў Скандынавію і Візантыю.
«Ніжнінскі роў» – агаленне межледніковай глебы, адкрытае
ў 1965 годзе беларускімі вучонымі Г. Гарэцкім і В. Матузам. Радыёвегляродны аналіз абломкаў драўніны паказаў дату больш 50 тысяч год. Яго плошча 7,7 гектараў.Мясцовая флора налічвае 140 відаў драўляных, кустарнікавых і травяністых раслін.
Агаленне «Ніжнінскі роў» атрымала сусветную вядомасць. Яго ўнікальнасць была прызнана ў ходзе пасяджэнняў ХІ кангрэса Міжнароднага геалагічнага саюза і палявой геалагічнай экскурсіі ў жніўні 1980 года. У «Ніжнінскім рове» пабывалі даследчыкі Англіі, Нідэрландаў, Германіі і іншых краін. Па сваёй магутнасці і асаблівасцях пабудовы «Ніжнінскі роў» значна перасягае аналагічныя аб’екты ў іншых рэгіёнах Паўночнай Еўразіі і Паўночнай Амерыкі.
У 2000 годзе на Лысай гарэ было пачата будаўніцтва турысцка-экскурсійнага комплексу. Прайшло нямала часу і тут уздзвігнуты ў стыле старажытнаславянскага народнага драўлянага дойлідства старажавая і назіральная вежы, сцэны для выступлення артыстаў, гасцявыя галерэі, вогнішча, рэстаран, домікі з камінамі і мэбляй.
Турысцка-экскурсійны комплекс «Лысая гара» – утульны куток, дзе прырода і казка зліліся разам, куды абавязкова загляне падарожнік. Бо вельмі незвычайны і маляўнічы гэты аб’ект, а да таго ж з яго вельмі добра праглядаецца і сам Шклоў, і ўвесь раён.
«Лысая гара» – лепшае месца для турыстаў, прагулак з дзецьмі разных узростаў ды і для правядзення культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў. Тут кожны знойдзе, чым заняцца! А яшчэ гэта лепшае месца для знаёмства з казачнымі персанажамі!
Шмат казак і паданняў ведае «Лысая гара» і запрашае усіх у свае казкі, зімовыя і летнія.
За высокімі драўлянымі варотамі ды за плотам бервяным схавалася «Лысая гара». Высока над Дняпром стаяць ахоўныя ды вартавыя вежы, удалячынь відаць на кіламетры!
Але не такая ўжо яна і лысая! Пад цудоўнымі хвоямі тут жывуць казачныя героі: і царэўна-жаба, якая прадказвае будучыню, і мядзведзь, і русалка! Ды каго там толькі няма! Пры ўваходзе ў свет казак вароты ахоўваюць стражнікі. На скрыжаванні трох дарог стаіць велізарны камень, на якім высечаны словы: «Направа пойдзеш – у казку трапіш», «Налева пойдзеш – сяброў здабудзеш», «Прама пойдзеш – забаву знойдзеш». Хто зможа скрануць з месца гэты агромністы камень, у адно імгненне пазнае ўсе сакрэты «Лысай гары».
А на паляне Лысай гары тым часам 12 месяцаў савет трымаюць, чыя цяпер чарга!
Далей хатка Бабы Ягі! Тут ёсць венік і ступа, у якой можна пакатацца! Гаспадыня прыкінулася, што яе няма дома, і толькі лялькі глядзяць адусюль з двух паверхаў, ды мётлы ляжаць вакол, ды печка, быццам не паліцца, але цёплая. Але ўсё гэта толькі здаецца! Дзесьці побач сама Баба Яга чакае зручнага моманту, каб заваражыць!
Лепш накіравацца ў Хатку Агурка, там бяспечна! Ды прысмакі з агурка на паліцах кругом! А вось і сам Агурок! Сядзіць сабе на табурэтцы ды на баяне грае! А яшчэ Агурок знатны прадказальнік! У яго чароўным куфэрку кожны можа знайсці сабе прадказанне.
Яшчэ ёсць на Лысай гары хатка этнаграфіі з мноствам цікавых рэчаў, якія раней складалі побыт беларусаў: драўляная мэбля, гліняны посуд, прылады працы і іншае.
У Хатцы народнай творчасці можна пазнаёміцца з промысламі і рамёствамі нашых жыхароў. Ёсць тут і ганчарныя вырабы, і разьба па дрэве, і бісерапляценне з вышыўкай. А чакаюць нас у гэтых хатках тры вясёлыя дзяўчыны: Беларуска-гаспадыня, Вясёлая Агурочніца і Мар’я-майстрыха! Шмат чаго могуць паведаць яны, калі зазірнуць да іх у госці!
У навагоднія святы тут можна пазнаёміцца з гісторыяй аб дванаццаці месяцах, мультыплікацыйнымі героямі Машай і Мядзведзем, сустрэцца з Дзедам Марозам і Снягуркай.
У гэтай загадкавай атмасферы, дзе праходзяць абрады, знаёмства з беларускім бытам і народнымі традыцыямі, гульнямі і забаўленнямі, нават дарослым на некаторы час хочацца зазірнуць у дзяцінства. А маляўнічая мясцовасць, чыстае паветра, розныя драўляныя скульптуры гэтаму вельмі спрыяюць.
Адным словам, «Лысая гара» – месца, якое заўсёды пакідае дзецям шмат добрых уражанняў і успамінаў.