Пабудавана ў канцы 19 стагоддзя з дрэва па тыпавым праекце. Твор архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Чатырохчасткавую падоўжана-восевую сіметрычную кампазіцыю складалі 8-гранная шатровая званіца над прытворам, працяглыбабінец,
кубападобны аб’ём малітоўнай залы, 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі.Пакаты 4-схільны дах асноўнага аб’ёму завяршаўся магутным 8-гранным светлавым барабанам з цыбулепадобным купалам, шацёр званіцы – макаўкай. Галоўны і бакавыя ўваходы вылучаліся 6- і 4-слуповымі ганкамі з трохвугольнымі франтонамі. Вертыкальна ашаляваныя сцены чляніліся прамавугольнымі з гранёнымі перамычкамі аконнымі праёмамі ў розных ліштвах.
У інтэр’еры панавала прастора малітоўнай залы, у якую адкрываўся паўсферычны купал светлавога барабана, які абапіраўся праз ветразевае скляпенне на 4 слупы. Апсіда адкрывалася ў залу шырокім арачным прасветам.
У 50-я гады 20 стагоддзя царква была пераабсталявана пад амбулаторыю. У пачатку 2000-х было прынята рашэнне пабудаваць новую амбулаторыю.
Тое, што засталося ад старой царквы, было знесена. Некалькі гадоў назад на месцы, дзе калісьці знаходзілася старая царква, была пабудавана новая.
У 2009 годзе праведзена рэканструкцыя і асвяшчэнне храма.
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2007. – 653 с.
Праваслаўная архітэктура Беларусі [Электронны рэсурс] : сайт. – Рэжым доступу: http://hram.by/churches/view/129. – Дата доступу: 01.06.2017.