У 1841 годзе ў вёсцы Заходы пачата будаўніцтва царквы Святога прарока Іллі (у народзе назва Ільінская). Царкву будавалі з дрэва і толькі піламі і сякерамі. У прыход храма св. Іллі ўваходзілі вёскі:
Кастрыцы, Плешчыцы, Азер’е, Еўдакімавічы, Заходы, Пруды. Бацюшкам у той час быў Галубоўскі Уладзімір Сямёнавіч. Ён жыў у доме, які захаваўся да цяперашняга часу і цяпер там жывуць людзі.
З успамінаў старажылаў вядома, што ў 1883 годзе пры царкве на сродкі царкоўнага прыхода была адкрыта царкоўна-прыхадская школа. У справаздачы аб царкоўна-прыхадскіх школах Магілёўскай епархіі за 1887/1888 навучальны год утрымліваюцца звесткі: «Заходскі прыход: царква і прыхадская школа пры ёй у вёсцы Заходы. Змяшчаецца яна ў царкоўным доме і настаўнікам з’яўляецца селянін Восіп Каманкоў. Атрымлівае ён ад грамадства 30 рублёў за вучэбны час. Навучэнцаў – 18 хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі».
З успамінаў старажылаў вядома, што ў гады Савецкай улады рэпрэсаваны святар Галубоўскі Уладзімір Сяргеевіч, які быў высланы за Урал, а ў 1930-х гадах вярнуўся і жыў тут да смерці. Пахаваны на могілках у вёсцы Еўдакімавічы, дзе ўсталяваны гранітны помнік з надпісам.
У 1935 годзе царква была зачынена. Актыўны ўдзел у закрыцці прымалі мясцовыя камсамольцы. Бліжэйшай царквой для жыхароў стала Нічыпаравічская царква, якая ў 1936 годзе была таксама зачынена. У адказ на гэта адбылося выступленне жыхароў. Сабралася каля 1000 чалавек з акруговых вёсак, якія спрабавалі ўзламаць дзверы будынка, дзе да гэтага часу знаходзіўся клуб. У выступленні прынялі ўдзел і жыхары Заходскага сельскага савета. (Звесткі з «Дакладной запіскі Шклоўскага райкама партыі ў ЦК КП(б) ад 21 красавіка 1937 года «Выступленне сялян у Нічыпаравічскім сельскім савеце з патрабаваннем адкрыць царкву»).
У гады Вялікай Айчыннай вайны вёска была занята немцамі. З успамінаў відавочцаў вядома, што ў будынку школы (мабыць – гэта будынак царквы) да лістапада 1943 года размясціўся пакой з 20 чалавек нямецкага будаўнічага батальёна, а побач – лагер савецкіх ваеннапалонных у колькасці 60-70 чалавек.
У 1951 годзе, калі закладвалі падмурак новай школы, царква была разабрана, а рэшткі будаўнічага матэрыялу выкарыстаны для школьнага будынка. У 1953 годзе будаўніцтва школы было скончана. Калі разбіралі царкву, жыхар вёскі Заходы ўзяў дадому вельмі вялікую ікону і цяпер яна знаходзіцца ў праўнука Баброва Уладзіміра ў горадзе Магілёве.
Запісана са слоў Івановай Алены Барысаўны, ураджэнкі вёскі Евдокимовичи у мінулым настаўнік геаграфіі Заходской сярэдняй школы.
Звесткі атрыманы з успамінаў (матэрыялы школьнага музея, кніга «Памяць. Шклоўскі раён» і інтэрнэт крыніцы).
21 кастрычніка 2016 года Прэасвяшчэннейшы Сафроній, епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі, у вёсцы Заходы Шклоўскага раёна здзейсніў чын асвячэння закладнога каменя ў падмурак храма ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. У 2017 годзе новая царква ў гонар Святога Мікалая Угодніка пабудавана ля вёсак Заходы і Еўдакімавічы. Прыгожы драўляны будынак і званіца бачныя ўсім, хто ездзіць па аршанскай аўтатрасе. У гэтым месцы, на горцы калісьці стаяла Ільінская царква. Цяпер тут ўзвялі новую царкву, але ўжо ў гонар Мікалая Цудатворца. Такое было жаданне шклаўчаніна Мікалая Грышкуна, які вылучыў свае грошы на храм. Будоўля інтэрнацыянальная: падмуркі залівалі беларусы, з дрэвам працавалі малдаване, званы даслалі з Расіі. Скончана будаўніцтва царквы Мікалая Цудатворца ў жніўні 2017 года.
22 мая ў гонар дня Святога Мікалая ў яшчэ недабудаваным храме прайшла служба, якую здзейсніў благачынны Шклоўскай акругі пратаіерэй Андрэй Рыбакоў.