У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. З Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў. У народзе верылі, што ў гэту ноч рэкі свецяцца асаблівым нерэальным святлом, а ў іх водах купаюцца душы памерлых у абліччы русалак. Па зямлі ходзяць ведзьмы, чарадзеі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку, расліны і жывёлы размаўляюць, а сонца на золку "гуляе". Убачыць гэтыя цуды, зразумець мову звяроў і птушак можна з дапамогай кветкі папараці, якая зацвітае, згодна з павер’ямі, усяго на імгненне раз у год. Яна давала незвычайную здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць усе схаваныя скарбы свету, але раздабыць яе мог толькі вельмі смелы чалавек. Пошук "папараць-кветкі" – адзін з самых таямнічых рытуалаў купальскай ночы.
Сёння свята Купалле аб’ядноўваюць старажытныя традыцыі і рытуалы, тэатралізаваныя канцэрты і вясёлыя гульні. Убачыць Купалле можна ў самых розных мясцовасцях Беларусі, але ёсць і найбольш вядомыя, масавыя гулянні.
Самае маштабнае свята Купалле –
“Александрыя збірае сяброў” – праходзіць у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. Для многіх жыхароў нашай краіны і не толькі ўжо стала прывычкай сустракаць загадкавую купальскую ноч на жывапісным беразе Дняпра.
Свята "Купалле" ў Александрыі стала знакавай падзеяй не толькі для Магілёўскай вобласці, але і для ўсёй Беларусі. За гэтыя гады свята стала нацыянальным брэндам. Яно з'яўляецца своеасаблівым культурным мостам паміж трыма народамі Беларусі, Расіі і Украіны. На ім вельмі сімвалічна гучаць словы "Днепр - рака дружбы". Гэты свята без усялякага перабольшання можна назваць паўнаводнай ракой, паколькі яе разлівы ўсё больш і больш набіраюць сілу. Адзінства вады і сонца - той неабходны кантэкст, прыроднае асяроддзе, якое дае магчымасць ярчэй заблішчаць рамёствам і талентам.
На свяце "Александрыя збірае сяброў" з года ў год прысутнічаюць людзі самых розных нацыянальнасцяў, самага рознага ўзросту. Такія святы, несумненна, спрыяюць яднанню славянскіх народаў і вельмі важна, каб добрыя славянскія традыцыі перадаваліся ад пакалення да пакалення і далей. Бо без мінулага няма будучыні.