Мінулае раёна мае шматвяковую гісторыю. Здаўна лічылася, што першае ўпамінанне аб Шклове сустракаецца ў Ніканаўскім летапісу, калі войскі рускага ваяводы Шуйскага спалілі горад Шклоў. Было гэта ў 1535 годзе. Але сталі вядомыя факты, што існуе яшчэ больш ранняе упамінанне аб Шклове - у дакументах каралеўскага пасла Герберштэйна, у час яго дыпламатычнага падарожжа ў Маскву ў 1526 годзе.
Першапачаткова горад узнік і знаходзіўся ў 4-х км. ад сучаснага Шклова ў лукавіне ракі Серабранка (паміж в. Стары Шклоў і в. Хоцімка).
Другое месцазнаходжанне горада – у вусце ракі Серабранка (в. Рыжкавічы). На сучаснае месца горад быў перанесены пасля пажару 1768 года, калі згарэла большая частка дамоў.
Права на самакіраванне горад Шклоў атрымаў у 70-х гадах 16 стагоддзя (1577) разам з Магілёвам, але заставаўся прыватнаўладальніцкім горадам. Прыватнымі ўладальнікамі горада былі князі Гаштольды, граф Хадкевіч, князі Сіняўскія і Чартарыжскія. 10 красавіка 1762 года каралём Рэчы Паспалітай, Аўгустам III было пацверджана Шклову Магдэбурскае права, абавязковым атрыбутам якога былі герб і пячатка.
Герб Шклова – гэта шалі у форме бязмена: на блакітным фоне рука, якая трымае сярэбраныя шалі.
Гарадская ратуша – помнік грамадзянскай архітэктуры 18 стагоддзя. Пабудавана ў 1769 годзе. Занесена ў каталог помнікаў сусветнай архітэктуры, выдадзены ў ЗША. Пабудавана ў стылі класіцызму. Мураваны будынак пастаўлены на гарадской плошчы ў комплексе з гандлёвымі радамі. Асноўныя памяшканні групаваліся на другім паверсе. Першы паверх прарэзаны ў цэнтры параднымі варотамі ў двор гандлёвых радоў. Завершана ратуша стройнай 8-міграннай вежай са шпілем, на флюгеры намаляваны герб нашага горада. Калісьці на вежы быў гадзіннік, бой якога быў чутны ў акрузе на 8–10 вёрст. У цяперашні час гадзіны адноўлены. Аднапавярховыя гандлёвыя рады разам з ратушай утваралі прамавугольны двор, які меў яшчэ двое ўязных варот. Адрэстаўраваны будынак ратушы, гандлёвыя рады узведзены нанава з гістарычнай дакладнасцю, у новым будынку размяшчаецца адбудаваная ў сучасным стылі гімназія.
Цяпер цяжка паверыць, што 200 з лішнім гадоў таму назад Шклоў быў знакаміты сваімі кірмашамі далёка за межамі Беларусі (іх было 2 у год, па 3 тыдні кожная). Галоўны даход горада складаў «провиантовый» збор, г. зн. збор з усіх, хто ўвозіць і вывозіць тавары па ўсталяванай таксе. Збор гэты дасягаў амаль мільёна рублёў, пры колькасці ў маёнтку 12 000 душ сялян.
Шклоў быў цэнтрам гандлю амаль усяго паўночна-усходняга краю. У 1643 годзе ў горадзе налічвалася 175 рамеснікаў 45 прафесій. У першай палове 17 стагоддзя эканоміка Шклова квітнела. Шклоў займаў 7-е месца па памерах і колькасці жыхароў пасля гарадоў Вільня, Магілёў, Бярэсце, Слуцк, Менск і Полацк.
Па першаму падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе землі Віцебскай і Магілёўскай абласцей адышлі Расіі, у тым ліку і Шклоў. З 1772 па 1777 год Шклоў становіцца павятовым горадам, пазней проста мястэчкам. У 1772 годзе Кацярына II выкупіла горад у князя Чарторыжскага і падарыла свайму фаварыту князю Пацёмкіну. Пры ім у Шклове быў створаны гадзіннікавы завод.
У 1778 годзе Кацярына II падарыла Шклоўскі маёнтак свайму фаварыту Сямёну Гаўрылавічу Зорычу. Эпоха Зорыча – эпоха росквіту Шклова ў эканамічным і культурным напрамках. С. Г. Зорыч наладзіў добрыя адносіны з мясцовымі мяшчанамі. У горадзе было 17 будынкаў каменных і драўляных, у якіх размяшчаліся мануфактуры. Іх было 6: суконная, парусная, залаташвачная фабрыкі; скураны і канатны заводы, фабрыка па выпуску камзолаў і шаўковых паясоў.
С. Г. Зорыч шырока разгарнуў гандаль, яго судны хадзілі ў Херсон, Нікалаеў, прывозілі лімоны, апельсіны, вінаград, фінікі.
Шмат часу Зорыч аддаваў і ўзбагачэнню мясцовай культуры. Ім быў створаны прафесійны тэатр, слава якога да 18 стагоддзя была вядомая ўсёй Еўропе. У горадзе можна было сустрэць французаў, італьянцаў, грэкаў, якіх прыцягвалі не толькі багатыя кірмашы, але і тэатральныя паказы. Так, у маі 1780 года Кацярына Вялікая па шляху свайго прытрымлівання ў Магілёў на сустрэчу з аўстрыйскім каралём, двойчы наведала Шклоў і глядзела прадстаўленні ў мясцовым тэатры, дэкарацыі падчас якіх мяняліся 70 раз (Зорыч рыхтаваў праграму аж на 27 дзён). У гонар Кацярыны быў дадзены феерверк у 60 000 залпаў. Тэатральная трупа складалася са спевакоў, танцораў, драматычных акцёраў і музыкантаў. Рэпертуар тэатра складалі алегарычныя балеты з хорамі, пантамімы, камедыі і трагедыі, камічныя оперы. Пасля смерці С. Г. Зорыча тэатр распаўся, многія прыгонныя артысты трапілі ў Пецярбург, Маскву. Так, сёстры Азарэвічы ўвайшлі ў трупу Марыінскага тэатра г. Пецярбурга.
Граф Зорыч надаваў увагу і развіццю адукацыі. У 1778 годзе ён адкрывае і ўтрымлівае на свае сродкі Шклоўскае высакароднае вучылішча, у якім займаліся дваранскія дзеці. Быў ўзведзены добры будынак і выпісаны вопытныя настаўнікі. Вучылішча кіравалася вайсковым статутам. Пры вучылішчы была бібліятэка з рускіх, французскіх, нямецкіх, польскіх, лацінскіх кніг. У класах знаходзіліся чучалы звяроў і птушак, розныя інструменты, астранамічныя дапаможнікі, глобусы. Карцінная галерэя вучылішча была прадстаўлена арыгінальнымі копіямі вядомых мастакоў. Пры вучылішчы функцыянаваў лазарэт. С. Г. Зорыч ганарыўся сваім вучылішчам. 22 мая 1799 года ў вучылішчы здарыўся пажар, пасля чаго яно было пераведзена ў Гродна, затым у Смаленск і, нарэшце, у Маскву, дзе стала называцца Першым кадэцкім корпусам.
Памёр Сямён Гаўрылавіч Зорыч 6 лістапада 1799 года.
Канец 18 стагоддзя - пачатак 19 стагоддзя адзначаны ў Шклове росквітам гандлю. Гэтаму спрыяла і знаходжанне Шклова каля паштовага Пецярбургскага гасцінца. Падчас росквіту гандлю ў горадзе штогадовы абарот дасягаў 50 млн. рублёў. У 19 стагоддзі Шклоў стаў мястэчкам, дзе асноўнае насельніцтва складалі яўрэі, якія па-ранейшаму займаліся гандлем. У 1880 годзе ў горадзе налічвалася больш за 12 000 чалавек, 11 000 з якіх складалі габрэі, 1268 – праваслаўныя, 33 – каталікі.
У горадзе налічвалася 5 праваслаўных цэркваў (2 каменныя, 3 драўляныя), праваслаўная каменная капліца; мураваны рымска-каталіцкі касцёл; 2 яўрэйскія сінагогі і 17 малітоўных дамоў.
Рымска-каталіцкі касцёл Пятра і Паўла (вул. Ленінская) помнік архітэктуры перыяду эклектыкі. Пабудаваны на рубяжы 19–20 стагоддзяў.
Будынак былой яўрэйскай сінагогі – помнік каменнага будаўніцтва. Пабудавана ў другой палове 17 стагоддзя.
Спаса-Праабражэнская царква пачала будавацца ў канцы 18 стагоддзя яшчэ пры Зорычы, які паспеў закласці падмурак. Будаўніцтва расцягнулася на сто гадоў. Большую частку сродкаў (20 000 руб.) на ўзвядзенне царквы адпісвала багамолка Агаф’я Сідарава, жыхарка Шклова. Скончылася будаўніцтва царквы ў пачатку 20 стагоддзя (да 1905). Пабудавана царква па праекту архітэктара Стасава. Прэабражэнская царква – помнік эклектычнай архітэктуры, дзе спалучаюцца рысы стыляў псеўдавізантыйскага і «мадэрн». Будынак крыжападобны ў плане цэнтральнай кампазіцыі. У 1993 годзе на галоўным купале быў адноўлены дах і пастаўлены новы крыж.
Сетка вуліц горада ў асноўным прастакутная. Яна канчаткова склалася ў канцы 18 стагоддзя, калі пасля пажару 1769 года была пабудавана ратуша, а вуліцы былі строга пракладзеныя па яе кутах з поўдня на поўнач – падоўжныя, з захаду на ўсход – папярочныя. Па архіўных дадзеных у Шклове былі вуліцы: Мяшчанская, Сялянская, Прабойнай, Ганчарная, Дняпроўская, Паштовая, Маставая, Касцельная, Паромная, Школьная, Лазарэтная.
У канцы 19 стагоддзя Шклоўскі маёнтак купіў былы міністр шляхоў зносін Расіі дваранін Апалон Канстанцінавіч Крывашэін. Пры ім пачалося будаўніцтва Шклоўскага парку.
Шклоўскі парк – помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў канцы 18 стагоддзя. Новы парк – парк пейзажнага тыпу перыяду эклектыкі, размешчаны на раўнінным рэльефе. Першапачаткова займаў плошчу 25-30 га, цяпер 7-8 га. У плане мае форму прамавугольніка, выцягнутага ўздоўж саду. Парк быў падзелены на вытворчую і гаспадарчую зоны. Доўгімі алеямі звязваўся з садам, папяровай фабрыкай, утвараючы адзіны комплекс.
Цэнтрам кампазіцыі з’яўляўся аднапавярховы сядзібны дом Крывашэіна. Гэты будынак з’яўляўся помнікам драўлянага дойлідства з элементамі неакласіцызму, але, на жаль, будынак згарэў.
Парк не меў спрыяльных гідралагічных умоў для фарміравання вадаёмаў. Але невялікая сажалка, абсаджаная бярозай, была створана каля гаспадарчай часткі.
Побач (на месцы стадыёна) размяшчаліся 2 аранжарэі, агарод, парніковая гаспадарка са склепам для захоўвання садавіны і гародніны.
Насаджэнні парку складаюць у асноўным мясцовыя віды – клён, ліпа, бяроза, дуб, таполя. Пры Крывашэіне ў парку, на клумбах і ў аранжарэях выгадоўваліся экзатычныя расліны, якія завозяць з розных еўрапейскіх краін.
Ствараў парк мясцовы мастак С. І. Маліноўскі, жыхар в. Уланава. Цяпер парк выкарыстоўваецца ў якасці гарадскога парку культуры і адпачынку. На яго тэрыторыі размешчаны дзіцячы сад, танцпляцоўка, ФСК з тэніснымі і хакейнымі кортамі (2000 г.), стадыён на 2,5 тысячы пасадачных месцаў.
Як ужо гаварылася, у канцы 19-га стагоддзя Шклоўскі маёнтак належыў двараніну Апалону Канстанцінавічу Крывашэіну. Выйшаўшы ў адстаўку, ён аказаўся нядрэнным прадпрымальнікам, і ў 1898 г. пабудаваў кардонную фабрыку, якая выпускала кардон і абгортачную паперу. Будынак канторы фабрыкі захаваўся з тых часоў і лічыцца помнікам грамадзянскай архітэктуры з элементамі стылю «мадэрн».
Вялікая Айчынная вайна перапыніла мірную працу грамадзян. У пачатку ліпеня абарону на ўчастку Копысь-Шклоў занялі часткі 53-й стралковай дывізіі. Гітлераўцы рваліся да Дняпра. Нашы войскі на працягу некалькіх сутак стрымлівалі націск праціўніка. 9 ліпеня 1941 года нямецкім часткам атрымалася фарсіраваць раку Днепр, 11 ліпеня Шклоў быў акупаваны. Часткі 53-й стралковай дывізіі сталі адыходзіць да в. Гарадзішча. Пасля кровапралітных баёў і выхаду з акружэння ў дывізіі засталося каля 1000 чалавек. На месцы абароны загінулі да 10000 чалавек і практычна ўсе пахаванны безымяннымі.
Вясной 1942 года на тэрыторыі Шклоўскага раёна была створана партызанская брыгада «Чэкіст». У ёй дзейнічала 9 атрадаў, у якіх ваявала 3231 чалавек. За ўвесь час існавання брыгады ёю было знішчана каля 11 000 гітлераўцаў, пусцілі пад адкос 265 эшалонаў, знішчана 372 аўтамабілі. Камандзірам брыгады быў прызначаны Кірпіч Герасім Аляксеевіч. Акрамя баявой працы брыгадай праводзілася сярод насельніцтва масава-тлумачальная праца. Быў наладжаны выпуск газеты «За Радзіму». Усяго выйшла 17 нумароў газеты.
23 чэрвеня 1944 г. пачалася Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён». Шклоўскі раён вызвалялі войскі 2-га і 3-га Беларускіх франтоў. Горад Шклоў і раён быў вызвалены часткай сіл 70-й, 222-й стралковай дывізіі за 27 чэрвеня 1944 года. За вызваленне Шклоўшчыны 25 байцоў ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, 27 – за фарсіраванне Дняпра. За час акупацыі фашысты амаль дашчэнту знішчылі горад, разбурылі чыгуначную станцыю, мост праз раку Днепр, спалілі цалкам 18 і часткова 108 вёсак. Больш за 1000 чалавек было расстраляна, спалена, больш за 2 000 чалавек вывезена ў Германію.
У верасні 2000 года на месцы помніка Воіну-вызваліцелю быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Памяць», прысвечаны гадам Вялікай Айчыннай вайны. На мармуровых плітах адлітыя з металу прозвішчы ўсіх жыхароў нашага раёна, якія загінулі ў гады вайны. Іх больш за 8000. У цэнтры комплексу – абноўленая фігура салдата-вызваліцеля, вылітая з бронзы. Унізе – вечны агонь.
У 1985 годзе да 450-годдзя горада і 40-годдзя Вялікай Перамогі ў Шклове была закладзена алея Герояў Савецкага Саюза. У ліпені 2005 года да 60-годдзя Вялікай Перамогі закладзена новая Алея Герояў. На мармуровых плітах – партрэты і імёны нашых герояў-землякоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Алея налічвае 5 Герояў Савецкага Саюза – нашых землякоў:
Вялічка Генадзь Восіпавіч (д. Лутно) – удзельнік баёў пад Сталінградам, на Доне, за вызваленне Украіны, Польшчы. Снайпер. Знішчыў 330 гітлераўцаў, падрыхтаваў 200 снайпераў.
Мілюцін Андрэй Сцяпанавіч (д. Царковішча) – камандзір кулямётнага ўзвода, вызначыўся ў баях на вуліцах Будапешта, дзе яго ўзвод знішчыў 20 агнявых і 12 наглядальных варожых пунктаў, 350 гітлераўцаў, адбіў 3 контратакі.
Несцераў Іван Фірсавіч (в. Таўкачы) – намеснік камандзіра батальёна па палітчастцы. Вызначыўся пры фарсіраванні Дуная ў Венгрыі. У рукапашным баі яго рота знішчыла каля 100 гітлераўцаў, адбіла 4 контратакі.
Ярмоленка Панцялей Ігнатавіч (в. Пруды) – камандзір гарматы. Вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра пад Кіевам, дзе агнём з гарматы падтрымліваў пераправу батальёна. Пад яго камандаваннем было адбіта 5 контратак, знішчана больш за 600 гітлераўцаў, 2 кулямёты, бронемашына.
Карначонок Мікалай Аляксандравіч (в. Баркі) – лётчык. Удзельнічаў у баях на розных франтах, зрабіў 349 баявых вылетаў, асабіста збіў 10 варожых самалётаў.
Акрамя Герояў Савецкага Саюза, ў алеі размешчаны і партрэты Герояў Сацыялістычнай Працы. Іх на Шклоўшчыне 9.
Сёння Шклоў — адзін з найпрыгажэйшых і добраўпарадкаваных гарадоў рэспублікі, у якім пражывае 16 тысяч чалавек. Эканамічнае і сацыяльнае развіццё Шклоўскага раёна грунтуецца на сельскагаспадарчай вытворчасці. Прыкметная роля адводзіцца прамысловасці. Найбольш буйныя з прамысловых прадпрыемстваў — РУП «Завод газетнай паперы», ААТ «Папяровая фабрыка «Спартак», ААТ «Шклоўскі льнозавод», ААТ «Шклоўскі масларобны завод». Горад мае развітую сетку гандлю і абслугоўвання. Тут на сучасным узроўні адукацыя, ахова здароўя, культурна-асветніцкая і фізкультурна-аздараўленчая работа.
Шклоў ганарыцца сваімі выдатнымі землякамі: Клімам Міхайлавым — кіраваў беларускімі майстрамі-разьбярамі пры стварэнні помніка сусветнага значэння — іканастаса Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве, Іосіфам Гузікавым, які вынайшаў ксілафон. У многіх краінах свету вядомыя імёны кінаакцёра П. М. Алейнікава, прафесараў І. А. і М. А. Варанковых, В. П. Радзькова і інш. Шклоўшчына выхавала першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка. Менавіта тут ён адкрыў для сябе навуку работы з людзьмі, упершыню адчуў у сабе арганізатарскія здольнасці.
Шклоў упрыгожваюць і ўзвялічваюць архітэктурныя помнікі: Шклоўская ратуша — унікальны помнік, пабудаваны ў комплексе з гандлёвымі радамі ў другой падлогу. XVIII ст. ў формах архітэктуры класіцызму, Спаса-Праабражэнская царква — помнік архітэктуры эклектыкі, пабудаваная да 1905 г. у цэнтры Шклова, будынак сінагогі (XVII ст.), жылыя дамы (XVIII-XIX стст.), будынак папяровай фабрыкі (XIX ст.), касцёл Св. Пятра і Паўла (XIX ст.).
У 2007 годзе адкрыты помнік графу Сямёну Зорычу, уладальніку Шклова, падчас праўлення якога правінцыйнае мястэчка ператварылася ў адзін з галоўных гарадоў Расійскай імперыі. У гэтым жа годзе адкрыты помнік Агурку, бо Шклоўшчына здаўна славіцца вырошчваннем агуркоў і іх багатым ураджаем.
Упрыгожваннем горада па праву можна назваць гарадскі парк (помнік садова-паркавага мастацтва XVIII ст.). Жамчужына парку – белыя таполі, дыяметр ствала якіх дасягае 1,2 метра.
Адпачыць ад мітусні горада можна на Лысай гары. У далёкія часы тут на самай высокай кропцы знаходзілася вартаўнічая вежа. Адсюль з назіральнай пляцоўкі адкрываецца цудоўная панарама Дняпра і выгляд на горад.
Літаратура:
1. Конышева, Е Шкловское графство / Е. Конышева // Рэспубліка. – 2006. – 14 студзеня. - С. 4.
2. Левко, О. Обзор историко-археологических исследований по Шклову XVI-XVIII века: версии и реалии) / О. Левко // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць. – Магілёў, 2003. – С. 106–111.
3. На родину первого президента Республики Беларусь // Борисенко, Н.С. Могилёвщина — мой любимый Приднепровский край (сборник экскурсий). Часть I—II / Николай Борисенко. – Могилев, 2007 . – С. 347–411.