Вы на главной странице "Шклоўскі кадэцкі корпус"

 

     Главная страница ресурса
Шклоўскі кадэцкі корпус 
     Да 1778 года Расія мела толькі дзве вучэбна-выхаваўчыя ўстановы для падрыхтоўкі афіцэраў у сухапутныя войскі: Сухапутны кадэцкі корпус (утвораны ў 1732 годзе) і Артылерыйскі і інжынерны шляхецкі корпус (утвораны ў 1758 годзе). Абедзве ўстановы знаходзіліся ў Санкт-Пецярбургу.
     С. Г. Зорыч неўзабаве пасля пераезду ў Шклоў, які яму падарыла Кацярына II, вырашае стварыць тут ваенна-вучэбную ўстанову. С.Г. Зорыч дабра разумеў вялікую патрэбнасць у адукаваных людзях для далучанай да Расіі Беларусі, да таго ж разлічваў на падтрымку сваёй дабрадзейкі Кацярыны II.
     Як сведчаць архіўныя матэрыялы, Зорыч бярэ на выхаванне дваіх збяднелых дваран - Георгія Кіслякова і Васіля Райковіча, а крыху пазней яшчэ пяць чалавек з мясцовых дваранскіх нашчадкаў. Па меры павелічэння колькасці навучэнцаў неабходна было мець своеасаблівую школу, што Сямён Гаўрылавіч і ажыццявіў, стварыўшы новую ўстанову - Шклоўскае высакароднае вучылішча, а дзень заснавання яго — 24 лістапада 1778 года — названы быў днём імянін Кацярыны II.
     Вучылішча было адкрыта для дзяцей бедных дваран. Яно стваралася па прыкладзе сталічных карпусоў. Для паступлення ў вучылішча патрабавалася прадставіць доказы дваранскага паходжання, засведчаныя мясцовымі прадвадзіцелямі дваранства. Іншаземныя прадстаўнікі павінны былі прадаставіць жалаваныя іх продкам граматы. Усе выхаванцы падзяляліся на «казённых» і «своекоштных». Першыя ўтрымліваліся за кошт вучылішча, а другіх бацькі абавязаны былі абуваць і апранаць. Трохі пазней у вучылішча сталі дапускацца і «приходящие», або «экстэрны».
     Сярод навучэнцаў былі дзеці дваранскіх радоў з Магілеўскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і іншых губерніяў, з Францыі, Польшчы, Чарнагорыі, Грэцыі, Турцыі. У Шклоўскім вучылішчы навучаліся прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій.
     Калі колькасць выхаванцаў вырасла, іх падзялілі на два кавалерыйскіх узводы (кірасірскі і гусарскі) і дзве пяхотныя роты (грэнадзёрскую і егерскую). Для выхаванцаў і афіцэраў кожнага падраздзялення мелася асобная форма параднага абмундзіравання, а штодзённа ўсе насілі аднолькавую простую форму.
     Настаўнікаў давялося выпісваць з-за мяжы — з Берліна, Бруселя, Гётынгенскага ўніверсітэта. Усяго ў вучылішчы працавала ад 20 да 30 настаўнікаў. Законанастаўнікам выхаванцаў на працягу 17 гадоў быў настаяцель Успенскай царквы протаіерэй Аляксандр Старынкевіч.
     Для вучылішча Зорыч набыў багатую бібліятэку, асноўная частка якой была куплена ў Пецярбургу ў П. А. Сойманава за 8 тысяч рублёў. Яна налічвала 178 рускіх, 743 французскіх, 70 нямецкіх, 12 польскіх і 27 лацінскіх кніг. Выхаванцы 3-5-х класаў дапускаліся ў бібліятэку па серадах, суботах і нядзелях.
     У вучылішчы меўся свой музей, для якога былі набыты заалагічная калекцыя (чучалы звяроў, птушак і інш.), розныя інструменты і прыборы: астранамічныя, фізічныя, геадэзічныя, іншыя вучэбныя дапаможнікі. С. Г. Зорыч перадаў вучылішчу сваю багатую карцінную галерэю, у якой меліся арыгіналы і копіі карцін Рубенса, Цяньера, Дольча і іншых вядомых майстроў.
     Напачатку вучылішча размяшчалася ў флігелі, каля дома Зорыча. Новы трохпавярховы мураваны дом быў пабудаваны ў 1788 годзе (архітэктар Боарэлі) ў стылі ранняга класіцызму. Мураваны трохпавярховы будынак уключаў галоўны П-падобны ў плане корпус і двухпавярховыя флігелі, якія ўтваралі парадны двор. Галоўны корпус складаўся з цэнтральнага прамавугольнага ў плане аб’ёму і бакавых прамавугольных у плане крылаў, злучаных з ім выгнутымі галерэямі. Фасады цэнтральнага аб’ёму былі аздоблены плоскімі пілястрамі і філёнгамі. Цэнтр кампазіцыі галоўнага фасада быў вылучаны рызалітам, завершаным трохвугольным франтонам. Планіроўка анфіладная і калідорная. У цэнтры корпуса размяшчаліся класы, канферэнц-зала, бібліятэка, сталовая, у крылах – жылыя пакоі. У флігелях знаходзіліся кватэры настаўнікаў, дырэктара, лазарэт.
     Вучылішча размяшчалася на правым беразе Дняпра. Не прайшло і шасці гадоў, як дом згарэў, а выхаванцаў вучылішча перавялі ў адзін з прыватных дамоў Зорыча. Пажар знішчыў значную частку маёмасці, кніг, карцін, прыбораў.
     Цікава, што ўстанова, не маючы афіцыйнай ваеннай назвы, у адміністрацыйных адносінах мела характар ваенна-вучэбнай. У аснову арганізацыі вучылішча быў узяты распрацаваны ў 1765 годзе І.І. Бецкім «Статут Імператарскага Шляхетнага Сухапутнага кадэцкага корпуса». Зорыч абмежаваўся прыёмам у корпус падлеткаў з васьмі гадоў, у той час як у Сухапутны корпус прымалі 5-ці і 6-ці гадовых дзяцей. Увесь курс навучання ў вучылішчы ахопліваў пяць класаў, прычым у кожным з трох малодшых неабходна было правучыцца па адным годзе, у чацвёртым - два, а ў пятым - тры гады. Такім чынам, выхаванец знаходзіўся ў вучылішчы не больш за восем гадоў, што было амаль удвая менш, чым у Сухапутным кадэцкім корпусе.
     Выхаванцы па заведзенаму парадку ўставалі ў пяць гадзін раніцы, збіраліся на агляд і на малебен, а пасля снедання адпраўляліся ў класы, дзе мелі па тры ўрокі да поўдня. Затым абедалі, дзве гадзіны адпачывалі, зноў ішлі на тры ўрокі (да 8 гадзін вечара), вячэралі і ў 9 гадзін вечара клаліся спаць.
     У вучэбным плане вучылішча мела пяць класаў. Размеркаванне вучэбных прадметаў было наступным: 1-ы клас — чытанне і пісьмо па-руску, французску і нямецку, па 16 гадзін на кожны прадмет; 2-і клас — чытанне і пісьмо па-руску, французску і нямецку, па 16 гадзін; 8 гадзін арыфметыкі і 4 гадзіны малявання; 3-ці клас - закон Божы, 2 гадзіны; граматыка рускай, французскай, нямецкай моў, па 8 гадзін; 8 гадзін арыфметыкі; па 4 гадзіны гісторыі, геаграфіі, малявання; 4-ты клас - расійскае красамоўства, 4 гадзіны; французскі і нямецкі стыль, па 4 гадзіны; 5-ты клас – расійскае вершаскладанне, 2 гадзіны; 14 гадзін вышэйшай матэматыкі; 4 гадзіны артылерыйскай справы; 2 гадзіны тактыкі; ваенная і грамадзянская архітэктуры, па 4 гадзіны на прадмет.
     Выхаванцы старэйшых курсаў навучаліся, акрамя таго, фехтаванню, танцу, інструментальнай музыцы. Калі Зорыч жыў у горадзе, яны павінны былі танцаваць балеты, забаўляць яго гасцей, удзельнічаць у спектаклях — камедыйных і оперных.
     Зорыч нястомна клапаціўся пра прэстыж вучылішча і лёс выхаванцаў. Ён дамогся дазволу Кацярыны II, каб яго кадэты, «по окончании наук, свидетельствованы были присылаемыми из Петербурга знающими особами и принимаемы были наравне с кадетами Императорских кадетских корпусов поручиками и подпоручиками в военную и гражданскую службу, смотря по их способностям, успехам в науках и поведении».
     Генерал С. Тучкоў, які некаторы час пражываў у Шклове, успамінаў, што Зорыч штодзённа сам займаўся «сим учреждением, поступая с кадетами, как редкие из отцов поступают со своими детьми. Видя сие дворяне Белорусской и соседних губерний наперерыв поспешали привозить к нему детей…». Першы выпуск вучылішча (7 чалавек) адбыўся ў 1785 годзе, у наступным годзе выпусцілася 15, у 1787-м - 18 чалавек. На працягу пятнаццаці наступных гадоў штогод выпускалася ў сярэднім больш за 30 выхаванцаў. З 1785 года многія з іх пры выпуску сталі ўзводзіцца ў афіцэры.
     Усяго ж за 19 гадоў (1778-1797) да службы было падрыхтавана 665 чалавек, афіцэрскія чыны былі прысвоены 470 кадэтам. Большасць выхаванцаў сталі служыць у армейскіх і гарнізонных палках, артылерыі, у 1798 годзе дзесяць чалавек паступілі ў Чарнаморскі флот. Многія выхаванцы вучылішча вызначыліся яшчэ пры жыцці Зорыча, А. І. Маркевіч — будучы генерал-лейтэнант, аўтар фізіка-матэматычных даследванняў артылерыйскай зброі, Н. Пятраеў — аўтар некалькіх арыгінальных сачыненняў па матэматыцы, фартыфікацыі і механіцы і многія іншыя. Многія пітомцы вучылішча праславіліся на палях бітваў у русска-турэцкіх войнах і Айчыннай вайне 1812 года: В. Людвіг, І. і П. Кахоўскія, Я. Захаржэўскі і іншыя. У запісках генерал-губернатара Магілёўскай губерні Л.Н. Энгельгарда, таксама выхаванца Шклоўскага вучылішча, ёсць упамінанне, што ў ім былі «хорошие учителя» і што многія выхаванцы выносілі з вучылішча «большие сведения, особенно по математике».
     Паміж Зорычам і яго выхаванцамі існавалі самыя сардэчныя адносіны і многія з іх, ужо стаўшы афіцэрамі, знарок заязджалі ў Шклоў, каб убачыцца са сваім «благодетелем», які сустракаў іх «совершенно по родительски».
     З няменшай удзячнасцю былыя выхавацы вучылішча ўспаміналі Зорыча і праз дзесяткі гадоў пасля яго смерці. Нехта Падлаў расказваў, што калі ён у 40-х гадах прывёз састарэламу бацьку (выпуск 1793 года) партрэт яго заснавальніка, то стары са слязамі на вачах сказаў: «Теперь только я понимаю, как много сделал для нас Зорич, и сожалею о том, как мало ценили мы в то время его внимание к нам и заботы о нас».
     Шклоўскае высакароднае вучылішча было заснавана на сродкі С. Г. Зорыча. На арганізацыю ўстановы было выдаткавана 77 858 руб. 77 кап., а штогадовае ўтрыманне вылічалася 43 670 руб. 30 кап. Акрамя таго, пры выпуску Зорыч «давал каждому от себя мундир, весь офицерский экипаж, деньги на проезд, - сколько кому следовало, и каждому по сто рублей на расходы». Нягледзячы на тое, што фінансавыя справы С.Г. Зорыча моцна пагоршыліся, ён не паменшыў ні колькасці вучняў, ні сумы, якая вызначаецца на ўтрыманне вучылішча, хоць сабе не дазваляў ніякіх празмернасцяў. Даведаўшыся аб гаротным становішчы С. Г. Зорыча, імператар Павел I загадаў 28 сакавіка 1797 года залічыць Шклоўскае вучылішча ў казённае ведамства і назваць яго Шклоўскім. За Зорычам захоўвалася галоўнае кіраўніцтва, а зрасходаваны на ўтрыманне ўстановы капітал быў залічаны ў кошт яго казённых даўгоў.
     6 лістапада 1799 года С. Г. Зорыч памёр, а ўжо 28 лістапада таго ж года Шклоўскае вучылішча было перададзена ў галоўнае вядзенне беларускага губернатара П. І. Севярына.
     У 1800 годзе вучылішча было пераведзена ў Гродна і 16 кастрычніка 1800 года перайменавана ў «Аддзяленне Кадэцкага корпуса Гродзенскага». Па просьбе дваранства Смаленскай губерні ў 1807 годзе корпус быў пераведзены ў Смаленск. У тым жа 1807 годзе ваенна-навучальная ўстанова была перайменавана ў Смаленскі кадэцкі корпус, а яго дырэктарам быў зацверджаны генерал-маёр В.К. Кетлер.
     У 1812 годзе ў сувязі з набліжэннем напалеонаўскіх войскаў частка выхаванцаў была адпраўлена да бацькоў, а 73 пакінутых былі пераведзены ў Цвер, потым у Яраслаўль і нарэшце ў Кастраму.
     У Кастраме корпус знаходзіўся ў зусім непрыстасаваных умовах да 1823 года. Па патрабаванні новага дырэктара генерал-маёра П.С.Ушакова корпус быў пераведзены ў Маскву і размешчаны ў Галавінскім палацы.
     У Маскве корпус заставаўся да яго скасавання ў 1918 годзе і існаваў пад рознымі назвамі:
     1837 - 1-ы Маскоўскі кадэцкі корпус
     1864 - 1-я Маскоўская ваенная гімназія
     1882 - 1-ы Маскоўскі кадэцкі корпус
     1903 -1-ы Маскоўскі Імператрыцы Кацярыны II кадэцкі корпус
     1907 - 1-я Маскоўская гімназія ваеннага ведамства.
     Такім чынам, створанае Зорычам «высакароднае вучылішча» стала трэцяй па ліку вучэбнай ўстановай для падрыхтоўкі афіцэраў у Расіі.

     Літаратура:
     1. Борисенко, Н. С. На родину первого Президента Республики Беларусь / Н. С. Борисенко // Могилёвщина – мой любимый Приднепровский край : сборник экскурсий / Н. С. Борисенко. – Могилёв, 2007. – Ч. 1-2. – С. 364.
     2. Турбінскі, А. Шклоўскі кадэцкі корпус : з гісторыі стварэння і дзейнасці / А. Турбінскі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна . – Мінск, 1998. – С. 464-466.
     3. Шклоўскае шляхетнае вучылішча // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкалегія : Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] – Мінск, 2003. – Т. 17. – С.424–425.  
Гістарычны партрэт
Сведкі далёкіх часоў
Шклоў народжаны тройчы
Легенда "Чаму Шклоў?"
Зорыч Сямён Гаўрылавіч
Шклоўскі кадэцкі корпус
Тэатр Зорыча
З гісторыі друкарні
Марголін Маісей Маркавіч
Шык Барух
213004, Могилёвская обл., г.Шклов ул.Советская д.2
E-mail: Shklov-cbs@yandex.ru
тел. 8(0239)-32-141; 8(0239)-31-460
Design and development Shklov library