Адным з буйнейшых тэатраў на Беларусі, які пераўзыходзіў па прыгажосці сваіх пастановак многія прыдворныя тэатры Расіі, Польшчы, Аўстрыі і Францыі, быў прыгонны тэатр графа С.Г. Зорыча ў Шклове
Аб тэатры Зорыча – самым вялікім прыгонным тэатры на ўсходзе Беларусі – ўспамінаюць да цяперашняга часу. З 1778 да 1780 года тут сфарміравалася дзве трупы - балетная і драматычная, быў хор і тры аркестры. Складаўся тэатр з прыгонных спевакоў, танцораў, драматычных акцёраў і музыкантаў-інструменталістаў, да якіх далучаліся аматары, навучэнцы кадэцкага конкурса і гастралеры-іншаземцы.
Менавіта ў Шклове праходзілі першыя выступленні замежных артыстаў, прыехаўшых у Расію. С. А. Тучкоў сведчыў: «Ніводны слаўны музыкант, спявак або спявачка не маглі прыехаць з Еўропы ў расійскія сталіцы, не даўшы некалькі канцэртаў у Зорыча. Ён дарыў іх шчодра і так хораша з імі абыходзіўся, што многія жылі ў яго па некалькі месяцаў і з ўдзячнасцю давалі настаўленні ўласным яго музыкантам».
Тэатральныя паказы ішлі ў спецыяльным тэатральным будынку, пабудаваным у 1780 годзе, і ў залах пры аранжэрэі. Арганізацыя тэатра і навучанне танцам прыгонных былі даручаны П. Барцанці (да1783г.), якога ў дакументах іменавалі «машинист театра и учитель благородного общества детей танцевать, флорентийской артиллерии прапорщик». У 1780-я гады навучанне вёў Марыядзіні, з 1795-1798 г.г. – М. Прачынскі.
Па ўспамінах нямецкага вандроўніка Х. Шлегеля, наведаўшага Шклоў перад прыездам Кацярыны ІІ, заняткі з прыгоннымі артыстамі балета былі пастаўлены на сур’ёзную аснову. Х. Шлегель пісаў: «Зорыч выбраў са сваіх прыгонных некалькі дзяўчын, навучыў іх тэатральнаму танцу, і гэтая спроба ўвянчалася поспехам. Людзі, знаёмыя з Пецярбургскім тэатрам, сцвярджаюць, што мясцовыя танцоўшчыцы мала і нават зусім не ўступаюць сталічным. Да іх прыстаўлена наглядчыца і італьянец Марыядзіні, майстры сваей справы, навучыўшыя іх тэатральнаму танцу. Усіх танцоўшчыц – 20. Яны знаходзяцца пад безпрастанным наглядам і практыкуюцца ў французскай мове, чытанні, пісьме і ліку. Яны размаўляюць па-французску свабодна. Дзяўчыны жывуць у асноўным доме і займаюцца ўсе разам».
У балетах да 1798 года танцавалі таксама кадэты Шклоўскага корпуса (20 чалавек). Пры тэатры існавала музычная школа. Прыгонныя са Шклова і яго наваколляў навучаліся музыцы і спевам. Ігры на музычных інструментах навучалі спецыяльна запрошаныя педагогі і амаль усе музыканты, якія наведвалі Шклоў з канцэртамі. У 1782-1783 гадах музыку выкладала піяністка і спявачка Э. Саж, у 1783 годзе – прыдворны музыкант А. Баргезі, які прыязджаў з Пецярбурга. Паводле некаторых звестак, найбольш здольных аддавалі вучыцца ў Пецярбург да «камер-музыканта» А. Булата.
З навучаных музыцы быў створаны рагавы аркестр, «музыка Шклоўскага корпуса» (24 чалавекі). Пасля 1781 года прыгонныя ўваходзілі ў тэатральны аркестр, які спачатку складаўся з іншаземцаў. З 1781 года капельмайстр беларус П. Петух вучыў вакальнаму майстэрству хлапчукоў,якія потым спявалі ў тэатральным хоры.
Менавіта ў Шклове Кацярына ІІ знайшла цудоўнага музыканта для сваіх імператарскіх тэатраў. У 1870-х гадах тут працаваў ураджэнец Чэхіі Эрнст Ванжура. Віртуозны выканаўца, ён мог іграць на клавесіне тыльным бокам далоні, падбародкам, носам і локцямі. Ванжура напісаў музыку да пантамімы «Двайная жаніцьба Арлекіна, або Арлекін, шчаслівы ў магіі», якая была прадстаўлена Кацярыне ІІ, якая наведала Шклоў ў 1870 годзе разам з аўстрыйскім імператарам. Далей сучаснік апісвае: «Театр помещался в том же доме, с необычными декорациями, которых было до семидесяти. Создал пантомиму, а также музыку, костюмы и декорации барон Важура, отставной ротмитр австрийской службы. Император (Иосиф ІІ) его сразу узнал и высказал сожаление, что тот покинул его службу». А праз пяць гадоў Кацярына ІІ запрасіла Ванжуру ў Пецярбург на пасаду паддырэктара Імператарскіх тэатраў.
У рэпертуары тэатра былі алегарычныя балеты з хорамі, міфалагічныя пантамімы, камедыі, і трагедыі, камічныя оперы з музыкаю Дж. Сарці, Д. Чымароза, Б. Галупі. У тэатры ўсё было па-сапраўднаму: калi па сцэнарыi iшла бiтва — на сцэну заязджалi воiны на конях; калi гэта была водная баталiя — дзеянне перамяшчалася ў велiзарны басейн. Усяго за спектакль адбывалася да 70 змен дэкарацый. Аднак гледачоў прываблiвала не столькi багацце пастановак, колькi майстэрства шклоўскiх артыстаў: на спектаклi балетнай трупы з’язджалiся аматары з Вены, Варшавы, Масквы. Асабліва грандыёзнае тэатральнае відовішча (пантаміма з алегорыямі з выкарыстаннем да 70 пышных дэкарацый) зладжана 30 мая 1780 з нагоды сустрэчы ў Шклове імператрыцы Кацярыны II і аўстрыйскага імператара Іосіфа II. На прадстаўленні прысутнічаў увесь расійскі двор.
Сярод прыгонных танцоўшчыкаў упамінаюцца найбольш таленавітыя. К. Е. Буткевіч выконваў у асноўным першыя, сур’ёзныя партыі пантамімнага характару, для ўвасаблення якіх былі неабходны выдатныя драматычныя здольнасці. У «дэміхарактарных танцах» адзначаліся К. Н. Скарабагатая і Ф. Шамборскі, у камічных партыях – С.С. Чуцікаў. Выдзяляліся сваімі здольнасцямі танцоўшчыкі Е.Ф. Палятыка, С. Куськін (Кусакоў) і браты Р. і Г. Беккеры. Першымі танцоўшчыцамі шклоўскага балета былі сваячкі Кацярына і Пелагея Азарэвічавы. Сярод спевакоў тэатра выдзяляліся І. Духаў, А. Рак, Р. Пажадаік, Л. Трушкоў, І. Варэнік і іншыя.
Чым яшчэ славіўся Шклоў ў тыя часы, дык гэта наяўнасцю хору цыган, спевы і танцы якога ў часы Кацярыны сталі ўваходзіць «у вялікую моду». Адпраўляючыся «ў польскую кампанію», граф Н. Зубаў вывез цыган з Пецярбурга і пакінуў іх у Шклове ў Зорыча. Гэты хор, якім кіраваў Іван Сакалоў, стаў родапачынальнікам усіх цыганскіх хораў Расіі. У той час хор «забавлял вельмож … и услаждал досуги светлейшего князя Тавриды». У шклоўскім хоры пачынала знакамітая цыганская Каталані «Стеша», якую пазней, у 1817 годзе, «ездзілі слухаць у Маскву з усіх канцоў Расіі».
Пасля смерці С.Г. Зорыча шклоўскі прыгонны тэатр перастаў існаваць. Аркестр выехаў разам з кадэцкім корпусам у Гродна, а балетная трупа засталася без справы. Але ў 1800 годзе яе лёс рашыўся. Пасля перагавораў гофмаршала і дырэктара імператарскіх тэатраў А.П. Нарышкіна з наследнікам С.Г. Зорыча генерал-маёрам Д. Неранчычам ў Шклоў быў камандзіраваны рускі балетмайстр І. І. Вельберг. Ён атабраў з балета 14 чалавек і вывез іх у С-Пецярбург. Так пачаўся пецярбурскі перыяд шклоўскіх артыстаў, які цалкам адносіўся да гісторыі рускага балетнага тэатра.
Закрыццём шклоўскага тэатра ў 1799 годзе закончылася эпоха прыгоннага балета на тэрыторыі Беларусі.
Літаратура:
1. Аляксандраў, К. Беларускія артыстычныя дынастыі / К. Аляксандраў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск, 1998. – С. 469–470.
2. Бабок, М. Тэатр графа Зорыча / М. Бабок // Ударны фронт. – 2003. – 18 кастрычніка. – С. 2.
3. Борисенко, Н.С. На родину первого Президента Республики Беларусь / Н .С. Борисенко // Борисенко, Н. С. Могилёвщина – мой любимый Приднепровский край : сборник экскурсий / Н. С. Борисенко. – Могилёв, 2007. – Ч. 1–2. – С. 362–364.
4. Владимиров, П. А цыганские хоры к нам завёз Зорич / П. Владимиров, И. Пушкин // Могилёвская правда. – 2000. - 14 апреля. - С. 5.
5. Готовчиц, И. Екатерина, ты была не права? / И. Готовчиц // Рэспубліка. – 2003. – 16 мая. – С. 4.
6. Ткачоў, М.А. Шклоўскі тэатр Зорыча / М.А.Ткачоў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал. : Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] . – Мінск, 2003. – Т. 17.– С. 427.
7. Турбінскі, А. «... Шануем цябе за бацьку роднага» / А. Турбінскі // Ударны фронт. – 1995. – 27 верасня. – С. 2.
8. Шклоўскі тэатр Зорыча; Шклоўская балетная школа; Шклоўская музычная школа // Беларусь : энцыкл. даведнік / рэдкал. : Б. І. Сачанка. – Мінск, 1995. – С. 767–768.
9. Шклоўская балетная школа // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал. : І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1987. – Т. 5. – С. 572.
|