Зорыч (Неранчыч) Сямён Гаўрылавіч - генерал-маёр, нарадзіўся ў 1745 годзе. Перасяліўся ў Расію з Сербіі разам са сваім стрыечным дзядзькам М.Ф. Зорычам, які ўсынавіў пляменніка і дазволіў карыстацца сваім прозвішчам і прывілеямі. Дзядзька ўладкаваў яго ў Расіі на ваенную службу. Ва ўзросце 15 гадоў ён ужо прыняў удзел у Сямігадовай вайне з 1760 года ў чыне вахмістра гусарскага палка, дзе зарэкамендаваў сябе адважным ваяром і быў узведзены ў чын паручніика, а затым у ротмістры.
Асабліва вызначыўся Зорыч у гады Першай турэцкай вайны, калі дзякуючы яго адвазе і знаходлівасці многія аперацыі рускіх войскаў завяршаліся паспяхова.
Але аднойчы ў ліпені 1770 г. здарылася непрыемнасць: атрад 25-гадовага маёра Зорыча быў акружаны, і не было ніякіх шанцаў сысці. І калі ўжо смерць ад турэцкіх шабляў была немінучая, Зорыч усклікнуў: «Я капітан-паша!». Гэты чын у туркаў быў падобна генеральскаму, і тады Зорыча адвезлі ў Канстанцінопаль да султана. Так, дзякуючы сваёй знаходлівасці, маёр выратаваў жыццё сабе і сваім салдатам. Яго важны выгляд, добрая выправа, вырабілі вялікае ўражанне. Зорычу прапанавалі паступіць на турэцкую вайсковую службу, але маёр быў непахісны і, нягледзячы на ўгаворы і пагрозы, застаўся верным Расіі.
Калі ваенная сітуацыя змянілася пасля Кучук-Кайнардыкскага міру ў 1775 годзе, султан пагадзіўся на абмен палонных з рускімі і ў лісце да Кацярыны II павіншаваў яе з такім адважным генералам як С. Зорыч. Натуральна, імператрыца ніколі не чула аб такім генерале, але высветлілася, што ёсць такі маёр. Пасля абмену Зорыч быў дастаўлены да заінтрыгаванай імператрыцы, дзе на абвінавачванне ў самазванстве спакойна адказаў, што зрабіў гэтага выключна дзеля таго, каб захаваць сваё жыццё для далейшай дакладнай службы яе вялікасці Расіі. У 1778 годзе Зорыч трапіў у фавор да Кацярыны II, стаў генерал-маёрам.
У красавіку гэтага ж года Кацярына выкупіла Шклоў у А. Чартарыжскага, дараваўшы ва ўзнагароду за ўсе заслугі маёнтак Шклоў. Так Зорыч апынуўся на Магілёўшчыне, дзе хутка абжыўся і знайшоў прымяненне сваёй дзейснай натуры. Дзякуючы Зорычу развіццё Шклова дасягнула небывалага росквіту. Ён адразу ж адкрыў у горадзе за свой кошт вучылішча, узвёў цудоўны каменны будынак і выпісаў добрых настаўнікаў. Пры вучылішчы былі бальніца і бібліятэка, выпісаная з Пецярбурга за 8000 рублёў. Вучылішча потым стала кадэцкім корпусам, які быў пераведзены ў Маскву.
Адначасова з адкрыццём вучылішча Зорыч прыступіў да стварэння свайго тэатра. Сярод прыгонных дзяўчат былі адабраны 20 самых здольных, і пачалося іх навучанне тэатральнаму і танцавальнаму мастацтву. Акрамя таго, іх навучалі чытанню, пісьму, рахунку і французскай мове. Ужо праз два гады ў яго функцыянавала дзве пастаянныя трупы – балетная і драматычная, а таксама хор і тры аркестры.
Адна з дзяўчат была асабліва таленавітая ў танцах – прыгажуня Кацярына Азарэвіч. Ужо пасля смерці Зорыча, калі тэатр распаўся, чатырнаццаць лепшых танцорак вывезлі са Шклова ў Пецярбург. І Кацярына Азарэвіч стала знакамітай прыма-балерынай, якая падпарадкавала сваім талентам сталічных гледачоў, у 1802 годзе яна была адпушчаная на волю.
Акрамя тэатра і вучылішча, Зорыч заснаваў рад мануфактур для абслугоўвання ўнутраных патрэб Шклоўскага маёнтка і яго насельніцтва. Тут працавалі шаўковая фабрыка, цагляны, канатны, скураны, вінакурны, свечны, конны заводы.
Штогод у дзень імянін імператрыцы Кацярыны Зорыч даваў грандыёзныя балі з феерверкамі, роўных якім не было нідзе. Маскоўская і пецярбургская знаць пачытала за вялікі гонар быць запрошанымі на гэтыя святы. У Шклове бясконцай чарадой ішлі раскошныя пакліканыя абеды, канцэрты, тэатральныя і балетныя спектаклі. «Прадстаўленні тутэйшыя пераўзыходзілі па пышнасці прыдворныя спектаклі рускія, былыя польскія, імператарскія аўстрыйскія ў Шэнбрунне і французскія спектаклі ў Версалі», – сцвярджае знаўца гісторыі рускага тэатра В. Сахноўскі.
У 1780 годзе імператрыца прызначыла на Магілёўшчыне сустрэчу аўстрыйскаму імператару Язэпу. Даведаўшыся пра гэта, Зорыч усе сілы скіраваў на падрыхтоўку свайго маёнтка да візіту Кацярыны II. Раскошны замак быў за кароткія тэрміны прыведзены ў ідэальны стан. У траўні імператрыца прыбыла ў Шклоў разам з імператарам Іосіфам і ў суправаджэнні двух імператарскіх світ і засталася вельмі задаволеная гасцінным прыёмам. У іх гонар Зорыч даў цудоўны абед, у тэатры было паказана выдатнае прадстаўленне, пры якім дэкарацыі мяняліся больш за 70 разоў. А познім вечарам ўсё неба асвяціў незвычайны феерверк з 50 тысяч ракет. Усё гэта варта было графу велізарных выдаткаў, аднак яму ўдалося зацямніць сваёй раскошай прыдворных інтрыганаў і даказаць імператрыцы сваю адданасць. У «Дневниковой записи путешествия императрицы» у той дзень было адзначана: «Ближе к вечеру её императорское величество дозволили себе забавляться в карты и смотреть немецкую комическую оперу, поставленную в домашнем театре шкловского помещика; после неё начался бал, а потом был подан чудесный ужин для свиты её императорского величества. Панский дом и все местечко были иллюминированы».
Раскошнае жыццё патрабавала вялізных грошай, яго ж маёнтак не пакрываў усіх расходаў. У 1783 годзе ў Шклове сталі з'яўляцца ў абароце фальшывыя асігнацыі. Імператрыца лічыла Зорыча звязаным з гэтай «бруднай справай». I хоць было прызнана, што яе былы фаварыт не замешаны ў справе аб фальшывых асігнацыях, аднак ён быў назаўседы прыніжаны ў вачах Кацярыны. 15 ліпеня 1784 года Зорыч быў зволены са службы, якая аднавілася толькі пры Паўлу I. Імператар прызначыў яго 25 снежня 1796 года шэфам Ізюмскага палка.
Аднак за растрату казённых грошай Зорыч быў зволены 15 верасня 1797 года. Толькі ў пачатку 1798 г. Зорыч скончыў свае разлікі па здачы палка і вярнуўся ў Шклоў. На яго паступалі скаргі ад мясцовага насельніцтва і для разгляду іх быў пасланы Дзяржавін. Скаргі гэтыя следствам не пацвердзіліся. Пасля гэтага Зорыч выехаў за мяжу, а яго маёнтак, пакінуты без нагляду, прыходзіў у поўнае разбурэнне. Канчатковы удар маёнтку нанёс вялізарны пажар. 29 мая 1799 года любімае дзецішча Зорыча - вучылішча згарэла.
Непапраўны матэрыяльны ўрон паўплываў на яго душэўны стан. Ужо хворым Зорыч папрасіў Паўла I паклапаціцца пра аднаўленне вучылішча.
С.В.Гучкоў, наведаўшы Зорыча пры царстваванні Паўла I, сведчыць пра незвычайныя клопаты былога фаварыта аб выхаванцах створанага ім тэатра: «Он сам ежедневно занимается сим учрежденнем, поступает с кадетами, как редкие из отцов поступают со своими детьми. Видя сие, дворяне Белорусской и соседственной губернии непрерывно приводят к нему своих детей».
Любоў і павагу да сваіх выхаванцаў Зорыч праяўляў на працягу ўсяго жыцця, і яны плацілі яму тым жа.
Памёр Сямён Гаўрылавіч Зорыч 6 лістапада 1799 года і быў пахаваны ў сваёй дамавой Ражаство-Багародзецкай царкве.
Зорыч С.Г. – чалавек свайго часу, сваей эпохі, якому былі ўласцівы недахопы і памылкі, якога нельга ідэалізаваць, але імя яго вялікай літарай назаўсёды ўпісана ў гісторыю Шклоўшчыны.
У 2007 годзе ў гарадскім парку ўстаноўлены помнік С. Г. Зорычу. Помнік графу Сямёну Зорычу, уладару Шклова, у час праўлення якога правінцыяльнае мястэчка ператварылася ў адзін са значных гарадоў Расійскаі імперыі – першы помнік на Беларусі,
прысвечаны часу Барока. Над стварэннем манумента працавалі архітэктары Юрый Градаў і Георгій Сіваеў, скульптары Уладзімір Слабодчыкаў і Алег Варшавеня. Помнік пастаўлены ў гарадскім парку. Фігура графа стаіць на цыліндрычным пастаменце з чырвонага граніту. Сам помнік з бронзы цёплага колеру, што вельмі пасуе да граніту. Ю. М. Градаў знайшоў ідэальныя прапорцыі для таго, каб увесь манумент гарманічна выглядаў ў парку, не парушаючы яго ландшафтнага архітэктурнага дызайна. Фігура Зорыча зроблена ў поўны рост, 2 метры і 30 сантыметраў, нібыта ён аглядае свой горад, думае, якія праекты можа ўвасобіць у жыццё. Ён ў паўваеннай форме, у левай руцэ трымае скрутак чарцяжоў з праектамі. Кожная дэталь касцюма адпавядае часу 18 стагоддзя: батфорты, пояс, гузік ў камзоле, манжэты, жабо – усе гэтыя дробязі распавядаюць пра чалавека, яго статус.
Адкрыццё помніка адбылося 2 верасня 2007 года ў час правядзення Свята беларускага пісьменства і друку ў горадзе Шклове.
Літаратура:
1. Зорыч Сямен Гаўрылавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Мн., 1996. – Т. 3 – С. 453–454.
2. Анціпенка, Л. Зноў пра Зорыча // Ударны фронт. – 1999. – 29 верасня. – С. 3.
3. Владимиров, П., Пушкин, Н. А цыганские хоры к нам завез Зорич // Могилевская правда. – 2000. – 14 апреля. – С. 2.
4. Ільюшэнка М. Пра гаспадара Шклоўскага замка // Ударны фронт. – 1995. – 14 кастрычніка. – С. 2.
5. Турбінскі А. «... Шануем цябе за бацьку нашага» // Ударны фронт. – 1995. – 27 верасня. – С. 3.
6.У складзе Расійскай імперыі // Памяць : Гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мн., 1998.– С. 47–50.