Вы на главной странице "Балерыны тэатра"

 

     Главная страница ресурса
Балерыны тэатра 
     Азарэвічавы – гэтае прозвішча вельмі слыннае ў тэатральнай мінуўшчыне нашай краіны. Пачатак артыстычнай дынастыі Азарэвічаў ў прыгонным тэатры графа С. Г. Зорыча ў Шклове.
     Пелагея Азарэвічава – беларуская і руская артыстка балета 18-19 стагоддзяў. Нарадзілася ў горадзе Шклове. Прыгонная танцоўшчыца Шклоўскага тэатра Зорыча. Вучылася ў балетмайстра Марыядзіні. Пелагея была салісткай, ёю захапляліся і свае, і замежныя гледачы.
     Калі ў Шклоў з рэвізіяй прыязджаў Дзяржавін, Зорыч паказаў яму балет «Пакінутая Дзідона», пастаўлены Марыядзіні, – пераробленую ім і яго настаўнікам Анджаліні оперу-трагедыю самаго Дзяржавіна. Сенатару спектакль вельмі спадабаўся – у Пецярбургу, калі яго ставіў Анджаліні, Гаўрылу Раманавічу пабачыць сваю «Дзідону» не ўдалося. Калі яго спыталі, хто ж з балерын яму больш за ўсё спадабаўся, паэт, вядома ж, назваў Дзідону – Пелагею Азарэвічаву. Яна не паказвала Дзідону, а жыла ёю.
     У жыцці Пелагеі было мала дабрыні, жанчына сумавала па ёй. І атрымала яе ў шлюбе з дабрадушным Джавакіні дэ Ламома, які вельмі кахаў яе. Ён быў дэкаратарам ў тэатры Зорыча, а затым камердынерам уладара. Джавакіні дэ Ламома стаў Ігнатам Жавакіным.
     Імператарскі рэвізор Гаўрыла Дзяржавін пажаніў Ігната Жывакіна з Пелагеяй Азарэвічавай. Вольнага чалавека з прыгоннай. І нават сам Зорыч, які пацяшаўся з гэтага дзіўнага, на яго думку кахання, потым блаславіць іх. У 1799 годзе Пелагея Азарэвічава адпушчана на волю.
     Пасля смерці С. Г. Зорыча Пелагею Азарэвічаву забралі ў Пецярбург. У Пецярбургу пратанцавала яна нядоўга, пераехала за мужам у Маскву, дзе Ігнат Жывакін (былы Джавакіні дэ Ламома) быў спачатку тэатральным дэкаратарам, а потым зрабіўся макаронавым магнатам. Пелагея Азарэвічава, па сцэне – Жывакіна, будзе доўгі час, аж да 1812 года ўпрыгожваць сваімі танцамі маскоўскую сцэну. Тагачасныя масквічы былі захоплены сваім кумірам. Шчымлівая ўсмешка, журботныя вочы. І прыгажосць – таямніца і загадка славутай балерыны.
     Кацярына Азарэвічава (Шклоў – пасля 1870) – вядучая танцоўшчыца Шклоўскага прыгоннага тэатра Сямёна Зорыча. Прывяла Кацярыну ў прыгонны тэатр яе цётка – Пелагея Азарэвічава. Па сваяцтве яна Кацярыне – цётка, а па гадах, крыху старэйшая за яе, – як сястра.
     Балетмайстар Марыядзіні тонка адчуваў і разумеў балетнае мастацтва. Ён нешта вялікае заўважыў у дзяўчынцы Каці Азарэвічавай. Сам не вельмі багаты чалавек, але ж не пашкадаваў грошай, выкупіў яе ў Зорыча. І займаўся з ёй асобна, па сваёй праграме. Вельмі шанаваў яе, не дазваляў удзельнічаць ні ў якіх пацешных балях, не адпускаў у паказы «жывых скульптур». Марыядзіні ўсім казаў: «Запомніце гэта імя – Кацярына Азарэвічава. Яно калісьці стане славутым, і ўсе афішы Пецярбурга з пашанаю будуць называць яго».
     Так і сталася. Пасля смерці Зорыча ў 1800 годзе Кацярына Азарэвічава ў ліку 14-ці танцоўшчыкаў была перададзена ў балетную трупу ў Пецярбург. Для Кацярыны найбольш паспяховымі на сцэне ў Пецярбургу былі першыя два сезоны прыдворнай балетнай трупы.
     У 1802 годзе адпушчана на волю. Яна стала нявенчанай жонкай Апалона Аляксандравіча Майкава, не надта ўдалага складальніка од і камедыёграфа, аднак важнага чына ў дырэкцыі імператарскіх тэатраў, пазней усемагутнага дырэктара. Адну за адной нарадзіла дачок і ўжо не магла, як раней, прыводзіць у захапленне глядзельную залу. Пераведзена была ў фігуранткі, неўзабаве выйшла на пенсію.
     Але ў гісторыі айчыннага тэатра Азарэвічавы Пелагея і Кацярына помныя яшчэ і таму, што абедзьве сталі пачынальніцамі слаўных артыстычных дынастый.
     Сын Пелагеі Азарэвічавай – вядомы рускі драматычны акцёр Васіль Ігнатавіч Жывакіні, гордасць ўсёй Расіі. Выдатны акцёр-комік Малога тэатра спалучаў прастату выканання з яркай гратэскавасцю і імпрэвізацыяй. Яго вельмі любілі маскоўскія тэатралы. Васіля Жывакіні газеты называлі светлым комікам, ён быў улюбёнцам Гогаля і Астроўскага. Ён – родапачынальнік сям’і рускіх акцёраў Жывакіні – вядомымі артыстамі сталі яго сын і ўнукі.
     Дочкі Кацярыны Азарэвічавай на працягу свайго артыстычнага жыцця заставаліся для гледачоў Азарэвічавай 1-й (Надзея) і Азарэвічавай 2-й (Марыя).

     Азарэвічава Надзея Апалонаўна
     Надзея Апалонаўна (каля 1802 Пецярбург - ?) – руская артыстка балета і драмы. Вучылася з сястрой Марыяй у імператарскім тэатральным вучылішчы, спачатку ў балетным класе, потым – у драматычным, у так званай «Маладой трупе» драматурга і тэатральнага педагога А. Шахаўскога. У 1821-1826 гг. Выступала на пецярбургскай імператарскай сцэне.
     Вызначылася ў пантамімных балетах Агюста і Ш. Дзідло. Сярод партый: Аспазія («Зефір і Флора»), Эўтэрпа («Ацыс і Галатэя»), Венера («Федра», Гарыслаўна і Качурэя («Каўказкі нявольнік») – усе на музыку К.Каваса, Змяяна («Руслан і Людміла» на музыку Штольца). У 1823 годзе выконвала ролю лэдзі Германіі ў спектаклі «Лёс Ніджэля» Шахоўскага.

     Азарэвічава Марыя Апалонаўна
     Марыя Апалонаўна (1804, Пецярбург – 15.11.1888) – руская актрыса. Вучаніца Шахоўскага і К. Сямёнавай. У 1821-1843гг. выступала на пецярбургскай імператарскай сцэне. Выконвала галоўныя ролі ў трагедыях: Паліксена (аднайменная п’еса У. Озерава), Арыкія («Федра» Расіна), Пальміра («Магамет» Вальтэра). Але больш вядома ў амплуа субрэтак. Сыграла больш за 150 роляў камедыйнага і вадэвільнага рэпертуару. Сярод найбольш значных: Маша («Урок дочкам» І. Крылова), Адэль, Бабета («Цікаўная», «Ты і Вы, ці вальтэрава пасланне Шахаўскога», Маша («Муж і жонка перад вяселлем» Р. Зотава). Увайшла ў гісторыю тэатра як першая выканаўца ролі Лізы ў спектаклі «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (прэм’ера 26.01.1831).
     Дзякуючы гэтай таленавітай акцёрскай дынастыі беларускае прозвішча «Азарэвічавы» зрабілася вельмі паважаным на расійскай тэатральнай сцэне. А пачатак гэтай павагі трэба шукаць у прыгонным тэатры С. Зорыча, які змог убачыць у звычайных прыгонных хлопцах і дзяўчатах таленавітых акцёраў, што гэтак уразілі пецярбургскую і маскоўскую тэатральную публіку.

     Літаратура:
     1. Аляксандраў, К. Беларускія артыстычныя дынастыі / К. Аляксандр // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага. раёна . – Мінск, 1998 . – С. 469–470.
     2. Бабок, М. Тэатр графа Зорыча / М. Бабок // Ударны фронт. – 2003. – 18 кастрычніка. – С. 2.
     3. Борисенко, Н.С. На родину первого Президента Республики Беларусь / Н.С. Борисенко. – Могилёв, 2007. – Ч. 1-2. – С. 362–364.
     4. Владимиров П. А цыганские хоры к нам завёз Зорич / П. Владимиров, И. Пушкин // Могилёвская правда. – 2000. - 14 апреля. – С. 5.
     5. Цішук Г. Балерыны з прыгоннага тэатра / Г. Цішук // Беларусь. – 2004. – № 6. – С. 36–37.
     6. Шклоўская балетная школа // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал. : І.П. Шамякіні (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1987. – Т. 5. – С. 572.  
Гістарычны партрэт
Сведкі далёкіх часоў
Шклоў народжаны тройчы
Легенда "Чаму Шклоў?"
Зорыч Сямён Гаўрылавіч
Шклоўскі кадэцкі корпус
Тэатр Зорыча
З гісторыі друкарні
Марголін Маісей Маркавіч
Шык Барух
213004, Могилёвская обл., г.Шклов ул.Советская д.2
E-mail: Shklov-cbs@yandex.ru
тел. 8(0239)-32-141; 8(0239)-31-460
Design and development Shklov library