
Леанід Міхайлавіч Анціпенка (25.01.1935, в. Цінькаў Крычаўскага раёна) скончыў Бацвінаўскую СШ (1953), гісторыка-філалагічны факультэт Мінскага педінстытута імя М. Горкага (1959). Працаваў дырэктарам Ракашыцкай школы Уздзенскага раёна. З 1963 г. – літаратурны супрацоўнік, загадчык сельгасаддзела шклоўскай раённай газеты «Ударны фронт». З 1965 года – намеснік рэдактара, з 1975 года – рэдактар гэтай газеты. Член рэдкалегіі і раённай камісіі па стварэнню гісторыка-дакументальнай кнігі «Памяць. Шклоўскі раён». З 1995 г. – на пенсіі. Член СЖ Рэспублікі Беларусь.
Узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць», Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Першыя свае байкі «Мядзведзь і самакрытыка» надрукаваў у чэрыкаўскай раённай газеце (1954). Сатырычныя і лірычныя вершы, байкі, пародыі, апавяданні друкаваліся ў газетах «Магілёўская праўда», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», часопісах «Вожык», «Полымя», «Беларусь» і іншых перыядычных выданнях. Сааўтар калектыўных зборнікаў «Вожык у дарозе» (1966), «Беларуская байка» (1986), «Ранішняя дарога» (1990) і іншых. Выдаў зборнік вершаў, эпіграм і пародый «За лугамі, за ракою» (1994), кароткія аповесці «Вайна без акопаў» (1999), зборнік прозы «На скрыжаваннях лёсаў» (2002), зборнік вершаў «Роздумы на адзіноце» (2015).