Нарадзіўся 31 жніўня 1922 г. у Шклове ў сям’і рабочага. У 1940 годзе закончыў сярэднюю школу №2.

Вучыўся ў Маскоўскім электратэхнічным інстытуце чыгуначнага транспарту, Куйбышаўскім індустрыяльным інстытуце. У снежні 1944 г. вярнуўся на радзіму, працаваў тэхнікам-канструктарам на папяровай фабрыцы «Спартак».
У 1949 годзе закончыў аддзяленне журналістыкі БДУ. Працаваў у рэдакцыях газет «Сталинская молодежь», «Калгасная праўда», адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва».
З 1983 г. на творчай рабоце.
Першае апавяданне «Важный заказ» апублікавана ў 1952 годзе ў газеце «Сталинская молодежь» на рускай мове.
З 1953 года пачаў пісаць на беларускай мове. Першая аповесць «Назаўсёды» надрукавана ў 1958 годзе ў часопісе «Полымя». Пісьменніка цікавілі жыццё, праца, узаемаадносіны рабочай моладзі, маральна-этычныя праблемы («Сосны адшумелі сваё», «Майская раніца»). Пісаў таксама фантастычныя аповесці, апавяданні: «Апошняя арбіта», «Зорны камень», «У час не вярнуліся» і інш. У жанры прыгодніцкай літаратуры напісаны кнігі: «Масткі над абрывам», «Другая версія».
Пісаў творы для дзяцей («Як малако на стол прыйшло»).
Член СП Беларусі з 1962 г.
15 студзеня 2000 г. У.М. Шыцік памёр.