Главная страница ресурса
Жыгуноў Алесь 
     Калі чытаеш вершы Алеся Жыгунова, адчуванне такое, нібы ў летнюю спякоту вельмі добры чалавек падаў табе конаўку празрыстай, сцюдзёнай крынічнай вады. Адведаў – і ўсю стому як рукой зняло.
     Дык вось менавіта такую крынічную ваду і нагадваюць вершы паэта родам са Шклоўшчыны – бездакорна чыстыя адносна мастацкага майстэрства, крыштальна свежыя ў вобразным плане. Насычаныя трапнымі жыццёвымі дэталямі, паэтычнымі знаходкамі, глыбокімі назіраннямі і роздумам, вершы разам з тым заварожваюць і непадробнай шчырасцю, своеасаблівым бачаннем усяго наўкольнага, прывабліваюць асабістым, арыгінальным поглядам на сучасную рэчаіснасць.
     «Калінаўка, Троіца, Сісенева», – такім радком пачынаецца адзін з вершаў Алеся Жыгунова. На першы погляд, што тут асаблівага? Звычайныя уласныя назоўнікі, якія азначаюць назвы вёсак заходняй Шклоўшчыны. Такі «празаічны» назыўны пералік сустракаецца, напрыклад, у Пятра Глебкі ды і іншых вядомых беларускіх паэтаў.
     У Жыгунова – па-іншаму. Пачытайце далей – і павее далёкім маленствам, і соладка зойдзецца сэрца, і, здаецца, быццам зноў, зусім нядаўна, пабываў у родным краі, наведаў да болю знаёмыя мясціны, сустрэўся з сябрамі дзяцінства. Так паэт-зямляк вобразнымі, мастацкімі сродкамі, нястрыманай улюблёнасцю ў бацькаўшчыну дорыць нам свята сустрэчы з мілымі сэрцу і памяці родным кутам і ўсім, што з ім звязана: дарогай да дому, старэнькаю маці, муравой-першатраўем, тлустай раллёй, духмяным пракосам…
     Не так ужо і многа змясцілася на газетнай старонцы вершаў нашага земляка. Але кожны з іх – гэта своеасаблівы невялікі паэтычны твор, над якім, адчуваецца, аўтар напружана працаваў, старанна даводзячы да ладу кожны радок. Алесь Жыгуноў не прытрымліваецца ў сваёй творчасці якой-небудзь строгай пэўнай тэматычнай накіраванасці, за выключэннем так званай геаграфічнай прывязкі, як не абмяжоўваецца і адзіным зместам. Так, вершы «Жыццё без радасці – які вялікі смутак», «Божа, якія набожныя», «У Бога паверыў, а лепшы не стаў», «За слоў чысцінёю – бязладнасць учынкаў» хутчэй за ўсё філасафічнага складу, пабудаваныя як на супрацьпастаўленні, так і адзінстве. У іх асэнсаванне і роздум, пытанне і адказ, бязлітаснасць з’яў і паняццяў, яны ў многім прысутныя і ў такіх вершах як «Мне цяжка было як нікому», «Ты працаўнік, а я гультай». Антытэза і кантраст – уласцівыя аўтару творчыя прыёмы, якімі ён часта карыстаецца пры пабудове вершаваных радкоў. Такія стылістычныя прыёмы ў даным выпадку як нельга на месцы .
     «Развязвае матуля вузялок», «Яшчэ ў лугах празрыстая раса» – такія сапраўдныя паэтычныя творы не крануць хіба што чэрствага душой і сэрцам чалавека. Усё тут на месцы і, як кажуць, да твару – і мілагучныя рыфмы, і жыццёвыя метафары, і агульны паэтычны лад вершаў, магчыма, незалежна ад свядомасці аўтара, накіраваныя на безумоўнае і глыбокае ўспрыманне чытачом суладнага, прыгожага і добрага на зямлі. Менавіта такі настрой выклікаюць жыгуноўскія радкі, у якіх жыве любоў да маці, прыроды, усяго жывога.

     Семянкоў, М. Хвалюючыя радкі : аб творчасці Аляся Жыгунова // Ударны фронт. – 1992. – 9 верасня. – С. 4. 
Анціпенка
Леанід Міхайлавіч
Арцем'еў
Віктар Іванавіч
Галіноўская
Ніна Васільеўна
Жыгуноў Алесь
Зарэцкі Міхась
Крупенька
Яўген Міхайлавіч
Сербантовіч
Анатоль Станіслававіч
Харланцьеў
Уладзімір Арцёмавіч
Шаўцоў
Іван Міхайлавіч
Шыцік
Уладзімір Мікалаевіч
213004, Могилёвская обл., г.Шклов ул.Советская д.2
E-mail: Shklov-cbs@yandex.ru
тел. 8(0239)-32-141; 8(0239)-31-460
Design and development Victoria Voronkova