Н. В. Галіноўская – лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Маўра, лаўрэат прэміі імя В. Віткі.
Нарадзілася яна ў вёсцы Вялікія Лазіцы, што на Магілёўчыне Шклоўскага раёна 18 снежня 1935 года.
Казачнай запомнілася Ніне Васільеўне іх старэнькая хата, у якой заўсёды было сонечна, бо вокнамі хата стаяла да сонца. Сонечна было ў ёй і ад дабрыні ўзаемаадносін у сям’і. Чарадзейнае святло несла ў сваёй душы маці, Надзея Мікалаеўна, вясковая беларуская жанчына – працаўніца. Яна добра шыла, любіла паэзію, ведала на памяць і з ахвотай, прыгожа чытала сваім дзецям творы Купалы, Коласа, Пушкіна. Руплівым гаспадаром, чалавекам добрага сэрца быў бацька Ніны Галіноўскай – Васіль Фролавіч. На ўсё наваколле славіўся ён яшчэ і як вясёлы гарманіст. Бацька загінуў у 1943 годзе на вайне.
Шмат было перажыта ў вайну, «раўла» ваенная віруха, касіла людзей, біла кулямі і хваробамі». Ледзь не загінула ад фашысцкіх нелюдзяў маці. Без яе, адным, давялося ратавацца малым дзецям ад карнікаў у лесе, начаваць у зямлянцы. Эпізоды свайго ваеннага дзяцінства паэтка па-мастацку ўзнавіла ў творы «Пра дзяўчынку Галінку». У ім няма нічога прыдуманага: так было, усё гэта прайшло праз дзіцячае сэрца, назаўсёды ўрэзалася ў памяць.
Пасля вайны вучылася ў школе, шмат чытала, а ў шостым класе пачала пісаць вершы сама. Але з-за сціпласці нікому не паказвала. Гэта быў яе сакрэт.
У 1955 годзе скончыла Магілёўскае дашкольнае педвучылішча і пачала працаваць у дзіцячым садзе і ў дзіцячым доме. У час гульняў, заняткаў з дзецьмі неяк вельмі лёгка рыфмавала невялікія вершыкі, пацешкі, лічылкі, загадкі, казкі.
У 1958 годзе з’явіўся ў друку яе першы верш «Вясна». У 1962 годзе ўбачыла свет першая кніжка для дзяцей «Давайце пазнаёмімся».
У паэзіі Ніны Васільеўны ёсць тэма жартоўных вершаў пра звяроў.
Ранкам ехалі ў трамваі
Два мядзведзі і тры Заі,
Коней шэсць і пяць кароў.
Колькі ехала звяроў?
Шмат у паэткі твораў пра гульні і забавы дзяцей, выявіла яна сябе таксама таленавітым майстрам малых жанраў (забаўлянкі, смяшынкі, жарты, загадкі, скорагаворкі).
Няма ў паэзіі Н. Галіноўскай слова «патрыятызм».
Але гэта пачуцце – у яе душы, у беражным стаўленні да роднай мовы, у чароўна-светлым вобразе Беларусі, з тонкім адчуваннем хараства і велічы роднай прыроды. У вершах разважаюць, вядуць гутарку між сабой птушкі, дрэвы, кветкі. ветрык, рэчка.
Свет дзяцінства… Колькі ў ім таямніц! Давайце разгадаем іх разам з аўтарам кніг. Для малодшых школьнікаў і дашкольнікам прызначана больш чым дзесяць кніг Ніны Галіноўскай. Сярод іх – «Сяргейкаў параход», «Мой дзень». . За кнігу «Клубок і Калабок» паэтка ў 2000 годзе адзначана Літаратурнай прэміяй імя Янкі Маўра.
Ніна Галіноўская з’яўляецца сааўтарам калектыўных зборнікаў «Калі ветрык спачывае», , «Мама – сонейка маё».
Ва ўсім, што напісана Нінай Галіноўскай, адчуваецца яе радасці, трывогі, захапленні. І ўсе гэта для вас, дзеці. Вы – яе галоўны клопат і любоў.
А калі вы зацікавіліся творчасцю нашай зямлячкі, прапануем вам спіс кніг, якія ёсць ў бібліятэцы.