Віктар Іванавіч Арцем'еў нарадзіўся 21 сакавіка 1927 года на хутары Чарэйцаў Круг. в. Радзішына Шклоўскага раёна ў вялікай сям'і сялян-сераднякоў. Скончыў Радзішанскую пачатковую школу, а перад самай вайной, у 1941 годзе, сямігодку. Сустрэўшы вайну падлеткам, зведаў усе жахі фашысцкай акупацыі. Давялося пабываць у перасыльным канцлагеры ў Оршы, потым на пасяленні ў Круглянскім раёне. У 1944 годзе, пасля вяртання з выгнання, В. І. Арцем'еў прайшоў гадавую школу калгасніка-ўдарніка, а затым паступіў і ў 1948 г. скончыў Магілёўскае культасветвучылішча.
Віктар Іванавіч заўсёды імкнуўся да ведаў і працягнуў сваю адукацыю спачатку ў вячэрнім універсітэце марксізму-ленінізму пры Мінскім гаркаме КПБ (1950 г.), а затым завочна ў Мінскім педінстытуце ім. М. Горкага, дзе атрымаў спецыяльнасць бібліятэкар-бібліёграф. В. І. Арцем'еў прайшоў доўгі працоўны шлях, на якім яму ўдавалася арганічна спалучаць і сваю бібліятэчную дзейнасць, і журналісцкую працу. Працаваў у Парычах загадчыкам раённай бібліятэкі і літсупрацоўнікам раённай газеты «Ленiнская перамога». Быў інспектарам па бібліятэках ва ўпраўленні культуры Магілёўскага аблвыканкама, загадчыкам Чэрыкаўскага раённага аддзела культуры, загадчыкам метадычнага аддзела Магілёўскай абласной бібліятэкі ім. У. І. Леніна, выкладчыкам Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума ім. А. С. Пушкіна і па сумяшчальніцтве – карэспандэнтам-арганізатарам бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР. В. І. Арцем'еў у якасці пазаштатнага карэспандэнта публікуе свае артыкулы ў мясцовых і рэспубліканскіх перыядычных выданнях. З 1948 года як няштатны карэспандэнт выдаецца у мясцовых і рэспубліканскіх перыядычных выданнях.
Віктар Арцем'еў – аўтар амаль двух дзясяткаў кніг, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат літаратурнай прэміі ім. Якуба Вусікава Магілёўскага абласнога аддзялення «Саюза пісьменнікаў Беларусі», бібліёграф паэта Аляксея Пысіна, вядомы беларускі краязнаўца, крытык і публіцыст.
Віктар Арцем'еў надае шмат увагі творчасці літаратараў Магілёўшчыны. Яго літаратурна-крытычныя артыкулы друкуюцца ў розных СМІ. Выступае Арцем'еў у перыядычных выданнях на тэмы захавання гістарычных помнікаў, у абарону прыроды, наведвае літаратурныя вечары ў бібліятэках, навучальных установах горада. Жыве ў Магілёве. 21 сакавіка 2017 г. Віктару Іванавічу Арцем'еву споўнілася 90 гадоў. Але, нягледзячы на такі шаноўны ўзрост, яго творчай актыўнасці можна пазайздросціць. Віктар Іванавіч – чалавек сучасны і прагрэсіўны. Ён асвоіў камп’ютар і карыстаецца інтэрнэтам. І, у адрозненне ад некаторых аўтараў, заўсёды гатовы размяшчаць поўныя тэксты сваіх артыкулаў у адкрытым доступе.
Віктар Арцем'еў — добры траўнік. Летам ён часта бывае ў лесе, збірае шыпшыну, чабор, іншыя лекавыя травы. Любіць і ціхае паляванне. У Віктара Іванавіча няма пустога часу. Гэты няўрымслівы і таленавіты чалавек добра ведае цану часу і даражыць ім.