Міхась Зарэцкі нарадзіўся 20 лістапада 1901 года ў сяле Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Талачынскі раён) у сям’і вясковага дзьяка Яўхіма Ануфрыевіча і яго жонкі Пелагеі Лявонцьеўны.

Неўзабаве яго бацька быў пераведзены на службу ў царкву ў вёску Зарэчча Шклоўскага раёна. Менавіта тут рос і мужнеў будучы пісьменнік. Аб гэтым паселішчы ў маляўнічай мясцовасці на беразе Дняпра асталіся ў памяці пісьменніка самыя добрыя ўспаміны і ружовыя спадзяванні. Пад уражаннем паэтычнай назвы вёскі Міхась Зарэцкі і абраў свой пісьменніцкі псеўданім.
Накірунак у вучобе Міхасю абраў бацька. Пасля заканчэння школы, калі хлопцу споўнілася дзесяць гадоў, пераступіў парог Аршанскага духоўнага вучылішча. Пасля яго вучобу працягваў у Магілёўскай духоўнай семінарыі, якую пакінуў, калі пачалася рэвалюцыя. Юнака захапілі рэвалюцыйныя падзеі. Пайшоў перапісчыкам у паўвайскавую часць. З пачатку 1919 года працаваў настаўнікам на Магілёўшчыне, а потым працягваў педагагічную дзейнасць на пасадзе загадчыка Шклоўскага валаснога аддзела народнай асветы. Сурёзнай школай жыцця стала для М. Зарэцкага служба у Чырвонай Арміі, дзе ён на пасадзе палітработніка знаходзіўся з 1920 па 1926 год. Вось як ён успанінае пра гэты час:
«Бясконцыя блуканні з месца на месца, блізкае знаёмства з дзесяткамі і сотнямі самых разнастайных чалавечых тыпаў — усё гэта ўзбагаціла мяне невычэрпным запасам матэрыялу, які я выкарыстаў пасля ў цэлым шэрагу сваіх апавяданняў». У 1921 годзе пачалася літаратурная дзейнасць М. Зарэцкага, хоць ён, паводле ўласных успамінаў, ніколі не збіраўся быць пісьменнікам.
З першых твораў ён зачараваў людзей сваёй рамантыкай і працавітасцю, сваім імкненнем да ўзвышанага і прыгожага.
Багатае веданне тагачаснага пераломнага жыцця пасадзейнічала Зарэцкаму напісаць праўдзівыя творы пра рэвалюцыйны час. У апавяданнях «Бацькаў сын», «Ліпа», «Цішка-бабыль» паказаў, як працоўныя вёскі ўздымаліся на барацьбу з ворагам рэвалюцыі, далучаліся да актыўнай грамадскай дзейнасці. Аўтар ствараў вобразы змагароў за перамогу новага ладу, узнімаў складаныя маральна-этычныя праблемы у творах «42 дакументы», «Ворагі», «Дзіўная», «Кветка пажоўклая».
Пісьменніка захаплялі рэвалюцыйныя падзеі, пераўтварэнні. А яны, у сваю чаргу, былі звязаны з лёсам людзей, часам трагічнымі ў тым плане, што новы час успрымаўся або адвяргаўся наогул. Такія перапетыі характэрны аповесці Зарэцкага «Голы звер». Крытыка таго часу і нават блізкія сябры па пяру называлі аўтара «выказнікам ідэалогіі варожага класа».
Не ў лепшым плане быў ацэнены і раман «Крывічы». Пачатак яго быў надрукаваны ў часопісе «Полымя» за 1929 год. Далейшай публікацыі не было, хоць у часопісе значылася: «працяг будзе». Справа ў тым, што ў рамане намячаўся накірунак нацыянальнага адраджэння беларусаў. Такое ўспрымалася на тым часе крамолай.
Неўзабаве Зарэцкі быў выключаны з партыі. Не з’яўляўся ў «Полымі», хаця планавалася да друкавання яго драма «Рагнеда». Рукапіс знік. Невядома, ці быў завершаны раман «Крывічы».
А тым часам «паламянныя» крытыкі дапісаліся да таго, каб Зарэцкі адмовіўся ад рамана «Крывічы», раскаяўся ў сваіх грахах.
Тым не менш з пакаяннем Зарэцкі чакаў да 1931 года, — піша А. Марціновіч. Нарэшце адчуў, што неабходна хоць неяк пайсці «насустрач» тым, хто так хоча засцерагчы яго ад далейшых «памылак» і дараваць «памылкі» ранейшыя. Адчуў — трываць далей проста не стае сіл, таму тэрмінова прапанаваў у «Полымя» фрагменты новага твора. Іх убачылі чытачы, калі раскрылі наступны нумар часопіса за 1931 год. Быў надрукаваны ўрывак з рамана «Смерць Андрэя Беразоўскага», які называўся «Рубеж».
У 1932-1933 гадах Зарэцкі піша раман «Вязьмо», які друкуецца ў часопісе «Полымя» . Гэта лепшы твор таго часу, у якім аб’етыўна паказана калектывізацыя ў Беларусі. Невыпадкова на конкурсе з нагоды 15-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі раман быў прызнаны як адзін з лепшых твораў.
Але творчая актыўнасць пісьменніка трагічна прыпыняецца. У лістападзе 1936 года М. Зарэцкі быў арыштаваны па лжывым даносе і беспадстаўна абвінавачаны ў кантррэвалюцыйнай і нацыяналістычнай дзейнасці. Следства працягвалася да 1937 года. Спачатку ён праходзіў як радавы ўдзельнік контррэвалюцыйнай арганізацыі, якую стварыў Я. Купала. Потым кіраўніком зрабілі М. Зарэцкага і як кіраўніка арганізацыі яго прыгаварылі да растрэлу.
Доўга лічылася, што М. Зарэцкі памёр у турме ў першы год вайны. Але высветлілася, што гэта не так, 29 кастрычніка 1937 года яго растралялі.
Рэабілітаваны ў 1957 годзе.