Палякоў Аляксандр Максімавіч, нарадзіўся у 1939 г. у в. Бушлякі ў сялянскай сям'і. Скончыў пачатковую школу, потым Каменна-Лаўскую СШ. Два гады служыў у Савецкай Арміі. У 1961 г. паступіў у Кіеўскі інстытут народнай гаспадаркі на факультэт эканомікі прамысловасці. Са студэнцтва заняўся навуковай працай. Пасля атрымання дыплома размяркоўваецца на машынабудаўнічы завод. Неўзабаве прызначаецца начальнікам пададдзела Дзяржплана Украіны. Крыху пазней становіцца кіраўніком сектара планавання і кан'юнктуры рынку Міністэрства машынабудавання лёгкай і харчовай прамысловасці СССР.
У 1971 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, затым выкладаў у Кіеўскім тэхналагічным інстытуце харчовай прамысловасці на эканамічным факультэце. Быў загадчыкам кафедры эканомікі. Падрыхтаваў два падручнікі для студэнтаў па эканоміцы харчовай прамысловасці, некалькі манаграфій, 120 іншых навуковых работ. Сярод іх найбольш значныя: «Развіццё і размяшчэнне важнейшых галін харчовай прамысловасці», «Эфектыўнасць вытворчасці малочнай прамысловасці», «Павышэнне эфектыўнасці галін аграпрамысловага комплексу», «Прагноз развіцця сялянскай гаспадаркі для назапашвання харчовых тавараў», «Развіццё рыначных адносін у новых умовах гаспадарання». У 1988 г. абараніў доктарскую дысертацыю. Праз год яму было прысвоена званне прафесара. У 1991 г. вучоны выбіраецца акадэмікам аграрнай акадэміі Украіны. У 1994 г. А. М. Палякоў пераехаў у Беларусь. У Магілёўскім тэхналагічным інстытуце прызначаны на пасаду загадчыка кафедры эканомікі і арганізацыі вытворчасці.
Н. Буйніцкая