Назва вёскі Ордаць узнікла ад слова не славянскага, а балтыйскага паходжання «ордас» – гэта значыць «спрэчка», «перадзел», «падзел». Не выключаецца і цюрксае паходжанне асновы «орд» – «саюз, калектыў, яднанне».
Слова з гэтым корнем сустракаецца шматразова паміж Віцебскам і Оршай у назве рэк,азёр і вёсак, якія знаходзяцца на водараздзеле рэк Днепр і Заходняя Дзвіна, якія састаўлялі шлях з Балтыйскага мора ў Чорнае (шлях “з вараг ў грэкі”). Магчыма, рака Бася і Проня былі воднымі шляхамі, так як Бася ўпадае ў Проню, Проня – у Сож, а Сож – прыток Дняпра, галоўнай рэчкі. . Першапачатковая назва Вордаць як сяло ў Шклоўскай воласці Аршанскага павета Віцебскага ваяводства ў пісьмовых крыніцах пад 1604 годам. Шляхецкая уласнасць. Пад 1777 годам сустракаецца новая назва вёскі – В. Ардота Капыльскай акругі Магілёўскай губерніі. І гэта не канчаткова. У 1857 годзе ўжо называецца вёска Ордаць ў Чавускім павеце, уласнасць памешчыка.
У гісторыі вёскі ёсць факты, звязаныя з падзеямі мінулых гадоў. На левым беразе ракі за вёскай Ордаць стаіць помнік сялянам в. Кішчацы, якія ў 1905 годзе паўсталі супраць прыгнёту памешчыка Гебеля, што жыў ў Санкт-Пецярбургу, але валодаў землямі в. Ордаць, сенакоснымі лугамі ўздоўж ракі. Паўстанне сялян супраць захвату памешчыкам іх сенакоснага луга было жорстка падаўлена. А на гэтым месцы ім устаноўлены помнік.
Да цяперашняга часу існуе пасадка дэкаратыўных дрэваў і кустарнікаў з тых далёкіх часоў – «панскі сад». З гэтага жывапіснага месца адкрываецца прыгожая панарама прыроды нашага краю, белакаменная царква ў вёсцы Кішчацы па левым беразе ракі.
|
На беразе ракі Бася знаходзіцца вялікая колькасць крыніц. Адны з іх выцякаюць з берага проста ў рэчку, другія – б’юць на беразе, а ў раку збягаюць невялічкімі ручайкамі.
Старыя людзі расказваюць, быццам бы даўным-даўно каля ракі Бася была крынічка, якая знаходзілася на панскіх землях. Вада ў ёй была чыстая ды празрыстая. Людзі верылі, што вада з крынічкі дапамагае ў вылечванні многіх хвароб.
Пан быў велімі скупы і злы. Яму не падабалася, што людзі хадзілі да крынічкі па яго землях. Аднойчы ён прымусіў сваіх парабкаў зусім закапаць крынічку. Але на наступны дзень крынічка пачала біць у іншым месцы. Раззлаваны пан загадаў пакласці на яе велізарны камень. Але крынічка зноў вырвалася з-пад зямлі непадалёку. Тутэйшы пан некалькі разоў яшчэ спрабаваў знішчыць крынічку, але ў яго так нічога і не атрымалася. І ён перастаў засыпаць яе.
З часам усе крынічкі вярнуліся на свае месцы. Так і б’юць яны чыстай і празрыстай вадой да цяперашняга часу. А тая, дзе ляжаў камень, так і выцякае з-пад яго.
Легенда запісана са слоў старажылаў вёскі Ордаць. |