Гара "Талерка"  
     Пра адну з самых маляўнічых мясцін вёскі Гарадзец – гару Талерка сярод нашых людзей ходзіць такая легенда.
     На самым узвышшы, унізе якога працякае рэчка, стаяў высокі замак, у якім жыў багаты князь. І быў у яго прыгожы, статны сын князевіч Васіль. Кахаў ён бедную дачку прыгоннага селяніна Ганну і настаяў на тым, каб бацька дазволіў яму ўзяць Ганну за жонку.
     Каб не выклікаць гнеў князевіча, стары князь вырашыў па-свойму расквітацца з нялюбай нявесткай. Сустракаючы маладых у час вяселля, ён замест віна паднёс маладой кубак атруты на прыгожай залатой талерцы. Але той кубак узяў і выпіў Васіль, малады князевіч. Ён тут жа ўпаў мертвы, а маладая жонка ў роспачы кінулася з самага верху замка ў вялікую, глыбокую рэчку. І вось пасля гэтага выпадку ў адну з цёмных начэй стары замак прапаў пад зямлёй, а на тым месцы з’явілася ўпадзіна, якая нагадвае тую залатую талерку, на якой стаяў кубак з атрутаю. І завецца здаўна гэтае месца – гара Талерка.
     Паведала легенду: Букетава Аксіння Трафімаўна, 1922 г.н., жыхарка вёскі Гарадзец Гарадзецкага сельскага Савета Запісала легенду: бібліятэкар Гарадзецкай сельскай бібліятэкі Алейнікава В.В. 
Легенда "Незвычайная сасна"
     Старыя жыхары вёскі расказваюць, што на тым месцы, дзе зараз знаходзяцца могілкі, пралягяў шлях. У час Айчыннай вайны 1812 года вёў па гэтым шляху свае войскі на Маскву Напалеон Банапарт. Спыніліся тут яны на начлег. Калі стомленая армія сядзела каля вогнішча, адзін салдат спытаў у Напалеона: “Ці заваюем мы Расію?”.
     Тады палкаводзец вырваў маленькую сасонку, якая расла побач і пасадзіў яе кронай ў зямлю, а каранямі ўверх і сказаў:
     -Калі яна прарасце, то Расія застанецца незаваяванай, а калі наадварот, то мы будзем яе ўладарамі. Яшчэ ніколі дрэвы гэтак не раслі, а таму і перамога будзе за намі. Раніцай Напалеон павёў свае войскі далей.
     А праз некалькі дзён жыхары вёскі заўважылі, што маленькая сасонка пачала расці. Шмат гадоў прайшло, а сасна ўсё расла ды расла, як знак перамогі над усімі ворагамі, якія хацелі заваяваць нашу зямлю.

     Паведаміла легенду: Іванова Кацярына Дзянісаўна, 1918 г.н., жыхарка вёскі Гарадзец Гарадзецкага сельскага Савета. Запісала легенду: бібліятэкар Гарадзецкай сельскай бібліятэкі Алейнікава В.В. 
Легенда "Дзіўнае свяцілішча"
     Гэта было даўным-даўно. На тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца гара Талерка, стаяла свяцілішча. Існавала яно пяць год, а на шосты пачало бурыцца. Аднойчы раніцай прачнуліся людзі і ўбачылі, што няма адной паловы памяшкання. Адзін чалавек захацеў паглядзець, куды яна знікла. Ён падыйшоў да свяцілішча і ўбачыў глыбокую ўпадзіну. Зайшоў гэты чалавек унутр свяцілішча, а назад так і не выйшаў.
     З таго часу калі-небудзь ноччу людзі бачылі там прывід у вобразе чалавека. Было шмат зацікаўленых людзей, якія хацелі разгадаць, што здарылася са свяцілішчам і бліжэй разгледзіць прывід. Яны часта прыходзілі сюды ноччу. І вось аднойчы яны убачылі, што прывід як бы раззлаваўся на іх. Ён абляцеў людзей тры разы і вылецеў праз акно. І раптам стаў рухацца, а праз некалькі хвілін зусім знік разам з тымі людзьмі.
     Жыхары вёскі бачылі гэта і да гэтага месца яшчэ доўга ніхто не падыходзіў. А праз некаторы час правалілася пад зямлю і астатняя частка свяцілішча. Вакол гэтага месца ўтварыўся роў, а само месца, дзе было раней свяцілішча, стала падымацца ўсё вышэй і вышэй. А праз некалькі дзён людзі ўбачылі там вялікую гару. Кажуць, быццам бы хтосьці чуў гукі, якія раздаюцца з-пад зямлі. А яшчэ кажуць, што гэтае свяцілішча стаяла не на сваім месцы, вось таму так і здарылася.

     Паведала легенду: Трубкіна Еўдакія Рыгораўна, жыхарка вёскі Гарадзец Гарадзецкага сельскага Савета. Запісала легенду: бібліятэкар Гарадзецкай сельская бібліятэкі Алейнікава В.В. 
Акунёўка
Бабчына
Барсукі
Вабічы 
Гарадзец 
Зарэчча 
Заходы 
Каменныя Лавы 
Карбатоўка 
Клімавічы 
Красная горка
Любінічы
Ордаць
Палыкавічы
Рагозна
Рамшына
Рубеж
Слабодка-Княжыцы
Славені
Старыя Стайкі
Чарнаручча
Таўкачы
Троіца
Шклоў
213004, Могилёвская обл., г.Шклов ул.Советская д.2
E-mail: Shklov-cbs@yandex.ru
тел. 8(0239)-32-141; 8(0239)-31-460
Design and development Shklov library