Адкуль у горада імя: Шклоў 
     Жыў у старадаўнія часы адзін надта багаты купец. Звалі яго Фядос. Адкуль ён быў родам, ніхто не ведаў. Прыбіўся неяк чалавек да людзей, заняўся гандлем і стаў такім чынам заможным гаспадаром. За што ні ўхопіцца – заўсёды яму шанцуе. Здаецца, і справа пройгрышная, і ніякага прыбытку не будзе, а Фядос за яе возьмецца, і ўсё становіцца на свае месцы. Суседзі толькі паціскалі плячамі ды ціха перамаўляліся:
     – Фядос у кашулі нарадзіўся.
     – Яму шчаслівы месяц свяціў.
     – Відаць, з нячысцікамі знаецца.
     – І гэта не выключана, але ж і працуе таксама многа.
     – Сапраўды, ніхто не бачыў, каб ён склаўшы рукі сядзеў.
     – Яно так, але да Фядосавых рук багацце само ліпне. Дзе ні павернецца – усюды ўзбагачаецца.
     Ды што аднавяскоўцы, сама жонка, і тая даволі часта гаварыла мужу:
     – Фядос, ці чуў ты, што суседзі пра твае справы гавораць?
     – Ну, крыху чуў.
     – Яны ж табе зайздросцяць. Яшчэ заб’юць дзе ненарокам… Баюся я.
     – Кінь дурное, жонка, не бойся. Пагамоняць і забудуцца. Усё у нас будзе добра.
     – Ты так упэўніна сцвярджаеш…
     – Бо ніколі не сяджу, увесь час нешта новае шукаю, па чужых краях езджу, стараюся недзе даражэй прадаць і танней купіць, каб за кошт гэтага мець няхай сабе і невялікі, але ж прыбытак…
     – А можа, Фядоска, гэта і праўда, што яны гавораць?..
     – То ты, выходзіць, верыш не мне, а людзям?..
     – Я ўжо не пра тое.
     – А пра што ячшэ?
     – Усюды толькі і чуваць, што ты з нячыстай сілай звязаны, што табе нячысцікі дапамагаюць…
     Гаспадар рагатаў.
     – Чаго ты смяешся? Я табе сур’ёзна кажу. Не смейся, бо яшчэ якое гора прыкінецца…
     – Эх, жонка, яно не прыкінецца, калі мы яго самі на сябе не наклічам.
     – Што ты маеш на ўвазе?
     – Перш за ўсё тое, што бяда ды гора толькі там жывуць, дзе пануе зайздрасць ды сквапнасць, дзе жонка з мужам не можа паладзіцца…
     – Я ж з табой не сваруся, я толькі прашу,– адразу лагоднела жонка.
     Так яны не раз і не два размаўлялі, але ўсё ў іх праходзіла спакойна, бо і Фядос, і ягоная жонка мелі спакойны нораў, не імкнуліся пакрычаць абы з якой нагоды.
     Аднаго разу, неяк надвячоркам, калі ўжо не было асаблівай працы па гаспадарцы, Фядос прысеў побач з гаспадыняй і пачаў размову.
     – Задумаў я тут нешта, жонка…
     Тая прамаўчала, толькі пільна глянула на гаспадара.
     – Не палохайся, справа выгадная.
     – Зноў паедзеш?
     – Так.
     – Ты ж абяцаў, што не будзеш болей па беламу свету гойсаць. Казаў?..
     – Казаў. Але мне здаецца, што на гэты раз буду мець вялікія грошы.
     – А я баюся кожны раз, як ты едзеш з дому… Заснуць спакойна не магу… Дзеці плачуць… Навошта табе ехаць? У нас жа ўсяго хапае, да глыбокай старасці хопіць.
     – Эх, жоначка, у апошні раз гэта. Болей ніколі ад цябе не адлучуся.
     – Заўсёды ты так. Гаворыш адно, а робіш зусім іншае. Няўжо ты думаеш, што я не ведаю, як ты спрабуеш, а сам думаеш, як бы вырвацца з дому.
     – Твая праўда. Цяжка мне ўтрымацца, калі нешта цікавае ў галаву прыходзіць. Толькі на гэты раз сапраўды абяцаю, што ў апошні раз.
     – Апошняе толькі леташняе сена, а не тваё слова, чалавеча…
     – А хочаш, я табе скажу, куды і за чым паеду?
     Гаспадыня замоўкла, відаць імкнучыся падавіць сваю цікаўнасць, ала не вытрымала:
     – Скажы ўжо… Хоць, шчыра кажучы, мне гэта не надта цікава.
     – Калі не цікава, то навошта гаварыць? – пакрыўдзіўся Фядос.
     Жанчына паддалася:
     – Скажы, скажы… А раптам і сапраўды за нечым незвычайным паедзеш…
     Пасля слоў пра незвычайнае гаспадар ажывіўся:
     – А я і еду за дзіўным таварам.
     – І што ж гэта, калі не сакрэт?
     – Для цябе , жоначка, не сакрэт. За шклом.
     – За шклом?.. То што ж у ім асаблівага?
     – Ды я еду не за такім, за якім ты думаеш.
     – А за якім жа?
     – Бачыла такое шкло, што ўсялякімі колерамі вясёлкі пераліваецца?
     – Некалі нябожчык-тата мне кавалачак аднекуль прывозіў, то я з ім увесь час гулялася.
     – Вось за такім я і еду. А яшчэ за тым, з якога каралі жанчынам ды дзяўчатам робяць.
     – І далёка трэба дабірацца?
     – Далёка, ажно за сіняе мора.
     Укленчыла тут жанчына, завыла ў голас:
     – Не хачу я ні тых грошай, ні таго багацця. Навошта яно табе, тое шкло разнакаляровае?.. І так бы пражылі…
     Фядос спачатку разгубіўся, але даволі хутка саўладаў з сабой:
     – Усяго праз год буду дома. Пабачыш сама. Гэта ж не так ужо і многа. Памятаеш, на колькі часу мне раней даводзілася з’язджаць? А тут вясной паеду і вясной, калі ўсё добра атрымаецца, вярнуся.
     – Калі ўсё добра атрымаецца, – не ўтрымалася гаспадыня.– А калі не, то што мне потым адной з малымі дзецьмі рабіць загадаеш?..
     Не было што сказаць на гэта гаспадару, бо ён і сам добра ведаў, які непрадказальны ды небяспечны лёс у любога купца. Паехаць паедзеш, а вось ці вернешся… Таму і маўчаў.
     Прайшло пару тыдняў, і Фядос з сябрамі-гандлярамі адпраўляўся ў далёкі шлях. Праводзіць іх выйшлі ўсе, хто мог: родныя ды блізкія, знаёмыя і проста цікаўныя людзі. Фядос туліў да грудзей жонку, гладзіў па галовах дзяцей, а гаспадыня нібы здранцвела і толькі нешта нячутна шаптала збялелымі вучнамі.
     – Супакойся, родненькая, супакойся, – суцяшаў яе купец.
     Жанчыну калаціла, нібы ў моцны холад.
     – Што гэта з табой сёння?
     Жонка па-ранейшаму не адказвала.
     – Я вярнуся, абавязкова вярнуся. Абяцаю табе, што нічога са мной не здарыцца.
     І тут упершыню жанчына падала голас:
     – Нешта не тое прадчувае маё сэрца… Раней ніколі такога не было. Здарыцца нешта благое. Барані цябе Бог, Фядоска. Глядзі там і памятай, што мы вельмі чакаем твайго звароту…
     Развіталіся купцы і паплялі ў свій напросты шлях, а родныя ды блізкія засталіся дома чакаць той часіны, калі на беразе ракі загуцаць знаёмыя галасы.
     Для Фядоса ўсё складвалася вельмі добра. Пашанцавала яму на гэты раз болей, чым каму-небудзь. Задаволены купец не ведаў, як выказваць сваю радасць. Адпаведны настрой быў і ў паплечнікаў. Справа ў тым, што яны закупілі таго незвычайнага шкла даволі многа. Загрузілі ім усе свае судны і заплацілі пры гэтым не надта дорага. Падлічылі наперад, што калі ўсё прадаць да драбніцы, то атрымаецца немалая выручка.
     Паплылі назад. З кожнай гадзінай набліжаліся да радзімы. Людзі гаманілі паміж сабой:
     – Ніколі ў жыцці гэтак далёка не забіраліся…
     – А тавару якога накупілі… І танна…
     – Гэта ўсё Фядос. Дзе ён, там заўсёды шанцуе. Ён і на самай справе ўсё ведае, усё прадбачыць…
     – Як ён нас угаворваў ехаць…
     – А як мы не пагаджаліся… У кожнага па сотні-другой прычын знаходзілася, абы толькі дома застацца…
     – Калі ўвесь тавар збудзем, то з такімі грашыма будзем, якія нам і не сніліся…
     Рознае гаварылі радасныя людзі, а Фядос толькі слухаў ды ўсміхаўся, бо калі па шчырасці, то ён і сам не чакаў, што справа так удала павернецца. Цяпер купец, як ніколі раней, лічыў шлях дамоў, прыспешваў сябрукоў.
     – Што гэта з табой, Фядос? – здзіўляліся тыя. – Сам бачыш, што не сядзім, увесь час вяслуем і моцна стаміліся…
     – Не сярдуйце, хлопцы, але трэба яшчэ крышачку падплыць… Сёння падплывём, то заўтра меней застанецца…
     – І то праўда, – згаджаліся астатнія, – нейкую гадзіну сёння яшчэ праплыць можна… А то разлянуемся, спадабаецца адпачываць і дамоў не дабяромся… Давайце наляжам на вёслы.
     Праз нейкі момант гучала вясёлая песня, якая, як бы ні былі стомлены людзі, адпавядала агульнаму настрою. Фядос, каб на яго абы-чаго не казалі, браўся за вясло і працаваў разам з усімі.
     Да берага прыставалі тады, калі ўжо змрок пачынаў акутваць прыбярэжнае кустоўе, а густы, непраглядны туман валадарыў над вадой.
     Людзі выконвалі каманды і перагаворваліся паміж сабой. Фядос жа глядзеў, каб нічога не забыліся і не прапусцілі, каб ахова была выстаўлена дастатковая і каб судны былі трывала прывязаны да прыбярэжных дрэў.
     Пасядуць купцы ля кострышча, пасёрбаюць гарачага і валяцца на цёплую зямлю, так пройдзе гадзін колькі — і зноў загучыць бадзёры голас Фядоса:
     – Пад'ём, хлопцы! Час за працу брацца! Плывём далей!
     Здзіўляліся людзі, калі ён толькі спіць, але распытваць не выпадала, бо і самі былі зацікаўлены хутчэй вярнуцца дамоў.
     А плылі ўжо не дзень, не два і не тыдзень, а добры месяц. Усе стаміліся. Лічыце самі, колькі там даводзілася ісці пад парусамі. У асноўным трэба было веславаць. Таму, а гэта была якраз субота, людзі папрасілі старшага спыніцца дзе-небудзь на дзень.
     – А што здарылася?.. — не адразу зразумеў Фядос.
     – Нічога не здарылася.
     – То навошта спыняцца? Нешта я вас не разумею.
     – Слухай, Фядос. Мы ўсе стаміліся і не можам ужо так хутка веславаць. Пераспім на месцы суткі, адпачнём добра, потым за пару дзён нагонім тую адлегласць, якую мы тут упусцім... Дазволь адпачыць. Рукі, плечы смыляць так, што заснуць немагчыма...
     – А вы думаеце, мне лягчэй?
     – Мы гэтага не гаварылі, толькі і слухаць нас не хочаш...
     – Не хачу, таму што дамоў спяшаюся.
     – Хіба мы не спяшаемся? Ці ж нам не карціць родных паглядзець, з дзецьмі пагаманіць?.. Але не можам мы веславаць і веславаць... На ваду зірні, і яна адпачывае, хвалі то бягуць, а то спыняюцца...
     Фядос задумаўся. Думаў доўга, а людзі веславалі і чакалі.
     І купец згадзіўся:
     – Добра. Да вечара павяслуем, а там спынімся да наступнага вечара.
     Людзі радасна пераміргваліся, але тут прагучаў нейчы занепакоены голас:
     – То што, выходзіць, ноччу будзем плыць па Дняпры?..
     – Ага, – як мага спакайней прамовіў Фядос.
      – Але ж...
     Тут Фядос не стрымаўся і крыкнуў:
     – Працуйце! Загадваю і рашаю тут я! Вы павінны толькі выконваць!
     Прысталі яны да берага, і да Фядоса падышоў ягоны сябрук, з якім разам раслі і заўсёды разам ездзілі гандляваць.
     – Можа не паплывём?..
     – Паплывём, – цвёрда адказаў Фядос.
     На тым і палеглі спаць. Нават есці не варылі. Каб хутчэй заснуць.
     Суткі праляцелі імгненна. Купцы разміналі рукі, плечы, соладка пазяхалі,але былі задаволеныя. Галоўнае, што адпачылі, а што ноччу плыць, то з Фядосам яны не баяліся. Гэта і згубіла іх. Ноччу ўсхадзілася нечакана бура, з грымотамі і маланкамі. Судны параскідала, паразбівала, нібы якія трэскі. З усіх людзей на бераг выкінула толькі Фядоса. Калі яго знайшлі мясцовыя жыхары, то ён яшчэ жывы быў і прашаптаў:
     – Шкло... Шкло...
     Доўга не разумелі людзі, што гэта азначала, але калі пачалі часта грымець навальніцы, то ў іхняй мясцовасці, над Дняпром, выходзілі надзвычай прыгожыя вясёлкі. Пераліваліся яны такімі колерамі, якіх нідзе не бачылі.
     Тут толькі даўмеліся, што той купец вёз каляровае шкло і што яму не пашанцавала.
     Ад таго шкла і пайшоў горад Шклоў, над якім паранейшаму ўспыхваюць вясёлкі.  
Акунёўка
Бабчына
Барсукі
Вабічы 
Гарадзец 
Зарэчча 
Заходы 
Каменныя Лавы 
Карбатоўка 
Клімавічы 
Красная горка
Любінічы
Ордаць
Палыкавічы
Рагозна
Рамшына
Рубеж
Слабодка-Княжыцы
Славені
Старыя Стайкі
Чарнаручча
Таўкачы
Троіца
Шклоў
213004, Могилёвская обл., г.Шклов ул.Советская д.2
E-mail: lib@library-shklov.by
тел. 8(02239) 93-141; 8(02239) 93-460
Design and development Shklov library