У даўнія часы жыў у вёсцы багаты памешчык. І была ў яго дачка, вельмі прыгожая дзяўчына. Яе любілі ўсе за добры характар, прыгажосць. Была яна гнуткага стану, з доўгай чорнай касой і вабным, нібы раніца, тварам. Да яе сваталася шмат жаніхоў, ды не тых, каго яна кахала, а якіх ёй выбіраў бацька.
Прыехаў аднойчы ў вёску юнак з суседняга сяла. Заўважыў гэтую дзяўчыну і моцна закахаўся ў яе з першага погляду. Яна таксама закахалася ў хлопца. Сустракаліся маладыя ўпотай, каб бацькі не ведалі. Былі яны вельмі шчаслівыя, любімыя. І вырашылі яны аднойчы ажаніцца, каб быць усё жыццё разам.
Не здарылася б ніякай бяды, каб бацька дзяўчыны даў свой дазвол маладым ажаніцца. Але бацька быў супраць. Пра жаніцьбу нельга было і думаць. Бязвоблачнае неба іх сонечных дзён зацягнулася чорнаю хмарай. Надышоў дзень апошняй сустрэчы. Сэрцы, поўныя кахання, напоўніліся вялікім жалем і смуткам. Ніхто не чуў і не ведае, колькі слоў было сказана закаханымі, колькі слёз пралілося з іх вачэй. Толькі дуб і сасна, што раслі побач, былі сведкамі іх сустрэчы.
Развітаўшыся з юнаком, дзяўчына ў растроеных пачуццях пайшла з бацькоўскай хаты, і да апошніх часоў ніхто не ведае, дзе яна падзелася і што з ёю здарылася. У памяць аб светлых пачуццях закаханых, аб тым, як моцна любілі яны адзін аднаго, і назвалі вёску Любінічы. |