Ёсць, дакладней, да нядаўнягя часу было, недалёка ад вёскі Слабодка Мар’іна балота. Невялікае возера, у якім ніколі не знікала вада, нават у сухое лета. Вось як людзі расказваюць пра гэта возера.
Задоўга да рэвалюцыі на гэтым месцы была панская зямля. І стаяла сялянская хатка, у якой жыла шматдзетная сям’я. У той сям’і была старэйшая дачка – прыгажуння Мар’я, якая кахала хлопца з такой жа беднай сям’і. Але ў пана былі свае задумкі. Ён сам хацеў забраць дзяўчынку ў сваю хату і зрабіць служанкай. А прыгожых дзяўчын-сялянак у панскай хаце чакала доля – знявага. Даведаўшыся аб задумцы пана, Мар’я і яе каханы вырашылі збегчы. Але панскія слугі дагналі іх і забілі юнака, а Мар’ю прывязлі дахаты. Пан загадаў ёй з’явіцца раніцай да яго. Усю ноч праплакала Мар’я, пракляла сваю долю і пана, загадаўшага забіць яе каханага. А раніцай убачылі Мар’ю павешанай на дрэве, пад якім яна плакала. Дзяўчына выбрала лепш смерць, чым знявагу.
А на тым месцы з тых пор стала біць крыніца – Мар’іны слёзы. Значна пазней людзі на гэтым месцы выкапалі катлаван і з’явілася возера, якое празвалі Мар’іна балота.
У 1999 годзе возера высахла. Ні то лета было сушэй, чым у тыя гады, ні то выплакала Мар’я ўсе слёзы…
(Запісала легенду бібліятэкар Сл. -Княжыцкай бібліятэкі Лёгкая Т.Л.) |