Па народнаму паданню заснаванне Зарэчнага Шклова адносіцца да часу Паўночнай вайны. Быццам бы праз Шклоў вярталася руская армія з-пад Палтавы. За рэчкай, дзе зараз размяшчаецца вёска, стаяў абоз гэтай арміі. З тых часоў мястэчка стала называцца “Зарэчны Шклоў, а пасля – вёскі Вялікае і Малае Зарэчча.
Легенду запісала бібліятэкар Зарэчанскай сельскай бібліятэкі Краўчанка А.А. з успамінаў старажылаў |
Гэты роў зараз надта глыбокі. А ў даўнія часы тут была вялікая дарога. Ездзіла па ёй шмат народу: паны і паненкі, просты люд, хадзілі жабракі. Навокал дарогі рос густы лес. Гэта было найлепшае месца для разбойнікаў, якіх у лесе было мноства. Яны рабавалі ўсіх, хто праязджаў па дарозе. Тут жа ў лесе яны хавалі крадзенае багацце. Людзі пачалі баяцца ездзіць па гэтай дарозе. Сталі аб’язджаць гэтае месца за некалькі кіламетраў і зрабілі новую дарогу. Паступова дарога, што ішла па рву, зарасла травой, разбойнікі падаліся ў іншыя месцы, а назва Разбойны роў так і засталася.
Легенду запісала бібліятэкар Зарэчанскай с/бібліятэкі Краўчанка А.А. з успамінаў старажылаў |