Легенда №1 
     Жыла-была гордая князёўна. Адна яна была ў бацькоў. А князь той быў такі багаты, што не ведаў, куды тое дабро усё хаваць ды расходаваць. Назбiраць – назбiраў, усё, што хацеў – пабудаваў, накупляў. 3аставалася адно – шукаць мужа сваёй адзінай дачцэ. Пра тое, што гэткая прыгажуня заседзiцца ў дзеўках, i думкi не было, як i пра тое, што мужам можа быць просты памешчык. Куды там! Багаты князь ці, у крайнiм выпадку, вельмi багаты памешчык.
     А пра што думала дачка, бацькi не ведалі. Дзяўчына любіла адзіноту. Сядзе дзе ў цянёчку i думае пра нешта, толькі ёй адной вядомае. Часам усміхнецца, а часам спахмурнее. Здаралася, што i песнi спявала, але спявала не тое, што багатыя гарлаюць на сваіх святах, а тое, што бедныя людзі выводзяць. Таму i агрымлівалася, што песнi ў большасці былі сумныя, яны нiбыта заклікалі да роздуму, да самоты.
     - Што гэта з ёй? - неаднойчы пыталася матуля.
     - Не ведаю.
     - Але ж сумуе ...
     Так працягвалася год, а можа, крыху болей, а змянілася, можна сказаць, у адзiн дзень. Справа ў тым, што князь узяу на службу садоўніка - маладога хлапчыну з небагатай, калi не з беднай, сям'і. Вылучаўся ён ведамi, прыгажосцю ды сілай. Як павернецца, то аднагодкi толькі потырч ляцяць, здаецца, i не ўпiраюцца, а толькі iмiтуюць гэта. Звалі яго Зміцерам. Хлапчына прыводзіў у парадак вялiкi сад, сачыў за кветкамі i травамі, густа пасеянымi навокал. Адным словам, працы ў яго хапала, ды i не хаваўся ён ад яе, працаваў, як на сваёй ніве.
     Непрыкметна мiналi дні, ляцеў час. Садоўнік працаваў, а князёўна гуляла. Ды аднаго разу яны спаткалiся. Хлапчына перасаджваў ружу, а дзяўчына выйшла прама на яго. Той, нікога не заўважаючы, спяваў i пацiху прысыпаў каліўца зямлёй. Князёўна стаiлася i пачала ўслухоўвацца ў словы песнi. Яны аказалiся простымі, задушэўнымі i распавядалi пра каханне.
     - Вось чым ты тут займаешся ... – не вытрымала князёўна.
     Змiцер уздрыгнуў ад нечаканасцi i павярнуўся на голас. Убачыушы князёўну, паваліўся на калені. А дзяўчына весела пазірала на магутнага дзецюка.
     - Ты перад усімі так стаiш?
     - Не, толькi перад вамі, мая князёўна, – знайшоў што адказаць Зміцер.
     - То ўставай ды раскажы лепей, што гэта за ружа такая, пра якую ты гэтак хораша спяваў ...
     - То вы чулi?
     - Так, - адказала князёўна i чамусьцi густа пачырванела. Але хлапчына гэтага не заўважыў, бо пачаў расказваць пра кветку-ружу.
     Так i пазнаёмiлася прыгажуня з садоўнікам. Цяпер яна ўжо шукала прычыну для таго, каб пабачыццаа з хлапчынам. Добра ім было ўдваiх. Ён працаваў, а яна сядзела побач ды пазiрала, а то i дапамагала нечым. Потым iшлi у самы лалёкі i глухі кут i там, ужо нікога не баючыся, гаманілі.
     Алнаго разу князёўна, павагаўшыся, запыгалася, цi ёсць у яго дзяўчына. Даведаўшыся, што не, павесялела i сказала, што i ў яе нікога няма.
     – Не перажывай. Ты багатая, прыгожая, толькі свісні, кавалеры пазбягаюцца з паўсвету, – суцешыў яе Зміцер.
     – Не трэба мне такiя, – з сумам у голасе прагаварыла дзяўчына. – Я хачу сама пакахаць усім сэрцам. За ім куды хочаш пайшла б ...
     Вось такiя размовы ў ix ужо ішлі. Потым адчулі, што горача пакахалі адзін аднаго. Цяпер яны ўжо не толькі размаўлялі, але i цалаваліся-мілаваліся.
     Хлапчына з дазволу князя пачаў узводзіць невялічкую каменную хацінку. Валуны для булоўлі сам збiраў з навакольных палёў. Праз некаторы час хацінка была гатова. На падворку усё таксама было зроблена з камянёў, нават студня i лаўкі. Там i сядзелі закаханыя.
     А князь з жонкай усё шукалi жанiха, начэй не спалi. Ды тут ім паведамілі, што дачка iхняя кахаецца з садоўнікам.
     - Што, з гэтым галадранцам?! – зароў князь.
     - Пакараць яго! – заверашчала гаспадыня. – Пакараць!
     Усё ж, перш чым караць, вырашылі праверыць. Краліся не толькi самі, але i слуг верных з сабой узялі, каб калі што якое, то адразу i схапіць маладых на месцы злачынства.
     Прабралiся да хаціны. Князь ажно вочы вылупіў, убачыўшы такую прыгажосць, але любавацца не было калi. На падворку нікога не было. Тады валадар пацiху зазірнуў у акенца i ўбачыў, як Зміцер мілуецца з ягонай дачкой. Не утрымаўся ён i загарлаў:
     - Слугі! Узяць ix!
     Кiнулiся тыя выконваць загад, але з хаціны пачулася:
     – Не пайду я, тата, нi за каго. Толькі са Зміцерам жыць буду.
     Князь не мог памыліца – гэта гаварыла дачка – i зароў:
     - Не!!!
     - Тады бывай! – пачуўся крык, i зямля пачала правальвацца, а разам з ёй i хаціна з усімі будынкамі.
     Праз нейкiх паўгадзіны толькi вадзіца плёскалася на тым месцы ды чамусьці засталіся стаяць каменныя лаўкі, на якiх сядзелі няшчасныя князь з князёўнай.
     Вось чаму нашу вёску назвалi Каменныя Лавы. 
Акунёўка
Бабчына
Барсукі
Вабічы 
Гарадзец 
Зарэчча 
Заходы 
Каменныя Лавы 
Карбатоўка 
Клімавічы 
Красная горка
Любінічы
Ордаць
Палыкавічы
Рагозна
Рамшына
Рубеж
Слабодка-Княжыцы
Славені
Старыя Стайкі
Чарнаручча
Таўкачы
Троіца
Шклоў
213004, Могилёвская обл., г.Шклов ул.Советская д.2
E-mail: lib@library-shklov.by
тел. 8(02239) 93-141; 8(02239) 93-460
Design and development Shklov library