Жыў адзін князь і была ў яго дачка. Князь быў вельмі багаты і хацеў знайсці багатага жаніха для сваёй адзінай дачкі. А дачка яго пакахала садоўніка. Хлапчына з дазволу князя пачаў будаваць невялічкую каменную хацінку. Валуны для будоўлі сам збіраў з навакольных палёў. Праз некаторы час хатка была гатова. На падворку ўсё таксама было з камянёў зроблена. Нават студня і лаўкі.Там і сядзелі закаханыя. А князь усё шукаў жаніха і тут яму паведамілі, што дачка яго мілуецца з садоўнікам.
– Пакараць яго! – закрычала князёўна-маці.
Але найперш вырашылі ўсё праверыць і пайшлі са сваімі вернымі слугамі да хаціны.
Князь вельмі здзівіўся, калі ўбачыў такую прыгажосць, але не для гэтага ён сюды прыйшоў. На падворку нікога не было. Зазірнуў князь у акенца і убачыў сваю дачку з садоўнікам. Прыказаў князь сваім слугам схапіць садоўніка. Пачалі яны ламіцца ў хату і тут пачуўся голас дачкі:
– Не пайду я ,тата, ні за каго, толькі за свайго любага!
– Не! – закрычаў князь.
– Тады бывай! – пачуўся крык і зямля пачала правальвацца разам з хацінкай і ўсімі будынкамі. На тым месцы засталіся толькі каменныя лаўкі, на якіх сядзелі князь з князёўнай. Вось адсюль і пайшла назва вёскі Каменныя Лавы.
Легенду запісала бібліятэкар Каменна- Лаўскай с / бібліятэкі Галубцова Н.І. з успамінаў Пракоф’евай Н. М. |